Анатоля Шалковіча, які стварыў мэм пра любоў да памідораў, асудзілі на яшчэ 15 дзён арышту


Інжынера Анатоля Шалковіча арыштавалі яшчэ на 15 дзён, паведаміў ягоны сябар у Facebook. Спадар Анатоль ужо адбыў 15 дзён арышту.

Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, у дзень, калі яму споўнілася 65 гадоў. Мужчыну арыштавалі на 15 дзён паводле неназванага артыкулу, але сілавікі заяўлялі, што ён вырабляў удома пратэставую сімволіку.

«Пакаяльнае відэа» з удзелам спадара Анатоля зрабілася мэмам: мужчына тлумачыў, што любіць спалучэнне белага з чырвоным, бо любіць памідоры са смятанай, а ягоная жонка рудая, гэта таксама белы з чырвоным.

Знаёмыя спадара Шалковіча пісалі ў сацсетках, што мужчыну варта ведаць не толькі праз пачуццё гумару. Адна жанчына расказвала, што ён уратаваў ёй жыццё ў гарах. Сын казаў, што ягоны бацька займаецца альпінізмам больш за 40 гадоў. А таксама адзначыў, што жарту пра любоў да памідораў і каханне да жонкі ўжо 25 гадоў.

Словы Анатоля Шалковіча ў «пакаяльным відэа» выліліся ў флэш-моб з памідорамі і смятанай у форме нацыянальнай сімволікі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў