Актор Вячаслаў Сікора пра міжнародны вышук: «Я заклікаў людзей да больш жорсткіх падыходаў»


Беларускага актора і рэжысёра Вячаслава Сікору абвесцілі ў міжнародны вышук. Паводле Следчага камітэту, яшчэ летась актор на сваіх старонках у сацыяльных сетках публікаваў відэаролікі, накіраваныя на распальванне варожасці па сацыяльнай прыкмеце. Сам актор у праграме «Студыя Белсат» распавёў пра акалічнасці пераследу ў Беларусі, а таксама пра ад’езд з краіны і цяперашнюю дзейнасць.

Вячаслаў Сікора.
Фота: Uservs / Wikimedia

Па словах Вячаслава Сікоры, упершыню ён адчуў сябе ў небяспецы яшчэ ў верасні мінулага года, калі аказаўся на допыце ў міліцыі.

«Пасля першага допыту я зразумеў, што мінімум мне адаб’юць здароўе ў турме, а максімум я буду вісець дзе-небудзь у лесе. Пасля першага допыту я змог залезці ў міліцэйскі ноўтбук, яны мне далі паказаць, дзе я нібыта абражаў супрацоўнікаў МУС, і з я міліцэйскага ноўтбука напісаў, што я на допыце сяджу ў міліцыі. Яны гэта вылічылі і спыталі, для чаго я гэта зрабіў, і я сказаў, каб не вісець на дрэве. І дадаў, што калі праз гадзіну мяне не адпусцяць, тут будзе паў-Магілёва. Яны перанеслі размову на наступны раз, але наступнага разу не адбылося, бо я збег».

Актор распавёў, што некаторы час ён хаваўся ад міліцыі ў розных гарадах Беларусі, але ў такім стане не мог знаходзіцца доўга, бо гэткая сітуацыя не дазваляла спакойна жыць.

«Я адчуваў сябе чалавекам, які змагаецца супраць нейкага вялікага ворага. Кожныя тры дні я мяняў кватэру, кожныя тры дні я мяняў сім-карту. Кватэру, дом, раён, вобласць. І я за два тыдні так стаміўся. Ты 24 гадзіны на содні не спіш. Я зразумеў, што не змагу так доўга жыць, бо гэта ўжо даходзіла да маразму».

Вячаслаў Сікора паспрабаваў пакінуць Беларусь у месцы перасячэння межаў трох краінаў – Беларусі, Расеі ды Украіны, але ў выніку аказаўся схопленым расейскімі сілавікамі, ад якіх пазней атрымалася збегчы.

«Я патрапіў у рукі ФСБ Расеі, калі пераходзіў мяжу, і адтуль збег. Я разыграў інфаркт, выклікалі хуткую, і я ўжо там паміраў, добра, пашанцавала, што маё акторскае майстэрства дапамагло. І мяне ўжо везлі ў больніцу, але я з хуткай дапамогі збег. Праз лес – і зноў у Беларусь, і потым ужо ў Кіеў. Мне пашанцавала, што на мне не было забароны, хаця на мне ў той момант было шэсць справаў. Мне проста пашанцавала».

Паводле актора, у Беларусі на яго завялі крымінальныя справы за прамыя эфіры і заклікі да актыўнай барацьбы з уладамі.

«Я заклікаў людзей да больш жорсткіх падыходаў да сітуацыі, таму што Лукашэнка проста так не аддасць краіну. «Хопіць хадзіць, пара мусароў валіць!» Такія былі ў мяне выказванні, таму яны за мяне ўзяліся вельмі шчыльна. Шэсць справаў было, і сёмая – гэта мяне цяпер аб’явілі ў міжнародны вышук за распальванне варожасці».

Цяпер Вячаслаў Сікора знаходзіцца ў Польшчы ды працягвае займацца творчасцю.

«Я займаюся ўлюбёнай справай, мы ставім два спектаклі, у студзені, дасць Бог, у нас будзе нараджэнне беларускага тэатру ў Беластоку, будзе першая прэм’ера. Таксама працую журналістам паралельна».

Поўную версію размовы з акторам Вячаславам Сікорам можна паглядзець тут:

ВК / МГ belsat.eu

Стужка навінаў