Расея падтрымае беларускія НПЗ, купляючы дарагое дызпаліва


Расея знайшла спосаб падтрымаць беларускія НПЗ ва ўмовах заходніх санкцыяў і страты ўкраінскага рынку. Расейскі бюджэт будзе субсідаваць пастаўкі беларускага паліва ў РФ, якія раней былі стратнымі, за кошт дэмпферных выплатаў. Пра гэта паведамляе «КоммерсантЪ» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Мазырскі НПЗ.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Расейскі «Промсырьеимпорт», са словаў крыніцаў «Коммерсанта», ужо пачаў рэалізоўваць набытае па высокіх коштах беларускае дызпаліва на біржы СПбМТСБ, страты яму кампенсуюць з бюджэту. Дадатковыя пастаўкі марозаўстойлівага дызпаліва патрэбныя РФ ва ўмовах магчымага дэфіцыту, але пакуль імпарт з Беларусі невялікі.

Сутнасць дэмпфернага механізму, які выкарыстоўваецца для расейскіх НПЗ, у тым, што яны атрымліваюць 65 % ад розніцы паміж экспартнай цаной і фіксаванай унутранай цаной паліва.

Пастаўкі міжсезоннага паліва з беларускіх НПЗ у Расею аднавіліся 10 кастрычніка, а да гэтага былі зведзеныя да мінімуму з прычыны стратнасці. Цяпер іх абʼёмы таксама даволі сціплыя: каля 8,5 тысячаў тон на 24 кастрычніка, што складае прыкладна 3 % ад агульнага абʼёму паставак дызпаліва за гэтыя дні. Але ў выпадку магчымага дэфіцыту марозаўстойлівых гатункаў дадатковыя пастаўкі дазволяць пазбегчы росту коштаў на іх.

Для беларускіх прадпрыемстваў гэтыя закупы кампенсуюць страчаныя ўкраінскія рынкі аўтамабільнага паліва: раней яны забяспечвалі 45 % імпарту бензіну і 37 % імпарту дызпаліва ва Украіну.

«Промсырьеимпорт» застаецца пад санкцыямі ЗША за пастаўкі іранскай нафты ў Сірыю. Ён таксама выступае аптовым пастаўляльнікам паліва і газу ў Крым. У верасні «Промсырьеимпорту», на распараджэнне ўраду Расеі, надалі права рэалізацыі ў РФ бензіну і дызпаліва, зробленых «замежнай арганізацыяй», а таксама права прэтэндаваць на атрыманне дэмпфера. Пад крытэрыі «замежнай арганізацыі» падпадае беларускі «Белнафтахім», якому належаць Наваполацкі і Мазырскі НПЗ.

Аналітыка
Расея зможа заліць Беларусь нафтай. Што Крэмль будзе рабіць са сваёй сыравінай пасля санкцыяў?
2022.10.12 17:23

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў