Як часта мяняць шматразовую маску і што рабіць, калі ў масцы цяжка дыхаць. Пытанні і парады


Галоўнае: калі побач людзі, трэба насіць маску. Дастаткова і правільнай шматразовай маскі, але мыць яе трэба ў гарачай вадзе з мылам і пасля кожнага выкарыстання. І не высоўваць з маскі носа.

Hавiны
Насіце маскі, не балаклавы. 10 пытанняў пра маскі ў пандэмію
2021.10.26 08:30

11. Маска, зробленая са станіка, дапаможа?

Такая маска пацешыць людзей навокал, але наўрад ці дапаможа не захварэць або не заразіць іншых. У першыя месяцы пандэміі вытворцы ніжняй бялізны ў розных краінах сапраўды перапрафіляваліся на вытворчасць масак, сярод іх была і беларуская «Мілавіца». Але яны не проста перашывалі станікі ў маскі, а падбіралі адмысловыя матэрыялы і формы, каб чалавек мог лёгка дыхаць, а вірусу было цяжка прайсці праз маску. Калі ж самастойна перашываць станік у маску, наўрад ці атрымаецца нешта эфектыўнае, і з формай можна феерычна памыліцца.

12. Маска бароніць не мяне, а толькі навакольных?

Бароніць і таго, хто яе носіць. Калі здаровы чалавек носіць маску, а хворы не носіць, шанцы заразіцца даволі высокія, але меншыя, чым калі без маскі і здаровы, і хворы. Найменшыя шанцы заразіцца, вядома, калі маску надзяваюць і хворы, і здаровы. Да таго ж, чалавек можа хварэць без сімптомаў і перадаваць вірус, таму чым больш людзей носяць маскі, тым менш хворых – і тым меншы ў кожнага шанец захварэць.

13. У масцы цяжка дыхаць. Што рабіць?

Знайсці правільную маску. Калі заткнуць нос і рот занадта шчыльнай тканінай, дыхаць сапраўды будзе цяжка. Але агульнадаступныя маскі дазваляюць дыхаць дастаткова вольна. Працяглае нашэнне правільнай маскі не прыводзіць да нястачы кіслароду або атручвання вуглякіслым газам, не можа выклікаць бактэрыяльнай пнеўманіі. А дыскамфорт ад нашэння маскі ніяк не параўнаць з дыскамфортам ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

14. Ёсць проціпаказанні супраць нашэння масак?

Няздольнасць насіць маску бяспечна – адзінае проціпаказанне. Гэтая няздольнасць можа быць абумоўленая дзіцячым узростам або пэўнымі разладамі. Ды нават астма не ёсць проціпаказаннем, хоць пры рэспіраторных захворваннях лепш пракансультавацца са спецыялістам адносна бяспечнага нашэння і правільнай маскі.

15. Кажуць, да маскі нельга дакранацца рукамі. А як тады надзяваць?

За завязкі. Каронавірус можа перадавацца не толькі праз паветра, але і праз паверхні: напрыклад, калі чалавек дакранецца да дзвярной клямкі, на якую чхнуў хворы, а потым да твару. Таму перш як дакранацца да маскі, у тым ліку каб надзець ці зняць яе, трэба вымыць рукі з мылам ці санітайзерам. Маску варта надзяваць і здымаць, не кранаючы асноўнай паверхні, а трымаючыся за завязкі, як на відэа ніжэй.

16. Ці можна насіць маску ў кішэні?

Пажадана – у чыстым пакеце. Маска не робіцца непрыдатнай ад таго, што кантактуе з нейкай паверхняй. Але брудная маска можа не толькі «падхапіць» каронавірус з паверхні, але і выклікаць праблемы са скурай.

17. Як мыць маску?

Пасля кожнага выкарыстання, з мылам і ў гарачай вадзе. Сусветная арганізацыя здароўя раіць мыць маскі пасля кожнага выкарыстання ў вадзе тэмпературы прынамсі 60 ºC. Калі гэта немагчыма, маску прапаноўваюць пракіпяціць цягам хвіліны. Вядома, аднаразовыя маскі не прызначаныя для шматразовага выкарыстання – іх мыць бессэнсоўна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

18. Як часта трэба мяняць шматразовую маску?

Лепш раз на месяц. Напрыклад, брытанскія медыкі пішуць: «Няма вызначанага часу ці рэкамендаванай колькасці масак на кожны дзень. Усё залежыць ад таго, што вы робіце. Але калі маска становіцца бруднай, мокрай ці пашкоджанай, або калі вы дакрануліся да яе ўнутранага боку, трэба замяніць маску на новую». Няма і фіксаванага «тэрміну прыдатнасці» маскі, але добрай ідэяй будзе мяняць шматразовую маску пасля 30–40 выкарыстанняў.

19. Як займацца спортам у масцы?

Займацца спортам так, каб маска не спатрэбілася. Пры інтэнсіўнай фізічнай нагрузцы маска можа пагоршыць вентыляцыю лёгкіх (нават проста намокнуць ад поту). Сусветная арганізацыя здароўя не раіць насіць маскі падчас заняткаў спортам, але падказвае: можна займацца спортам на дыстанцыі ад іншых людзей, у закрытых памяшканнях – толькі пры добрым праветрыванні.

20. А ці ёсць маскі, ад якіх не затуманьваюцца акуляры?

Ёсць шмат лайфхакаў. Калі насіць акуляры і маску, акуляры будуць туманіцца. Але супраць гэтага ёсць шмат сродкаў: ад адмысловых спрэяў да вады з мылам або залеплівання верхняй часткі маскі. Запацелыя акуляры – гэта не пытанне жыцця і здароўя (адрозна ад нашэння масак), таму можна паэксперыментаваць з рознымі неардынарнымі парадамі з інтэрнэту.

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

АА belsat.eu

Стужка навінаў