Рэальная колькасць палітзняволеных у Беларусі – больш за 1021 асобу


Грамадзянскія ініцыятывы дапамогі палітвязням заклікаюць змяніць падыходы да прызнання чалавека палітычным зняволеным і настойваюць, што на сённяшні дзень у Беларусі нашмат больш тых, хто застаецца за кратамі за свае перакананні, чым агучваюць праваабаронцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Крытэры прызнання палітвязнямі не былі разлічаныя на сітуацыю прававога дэфолту

У супольнай заяве «Аб надзвычайнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і лічбе палітычных зняволеных» грамадскія ініцыятывы звяртаюць увагу на тое, што сёння існуе супярэчанне ў механізме прызнання палітвязнямі, таму афіцыйная колькасць – 833 чалавекі – меншая за рэальную. Тыя крытэры, якія праваабаронцы выкарыстоўваюць цяпер, не былі разлічаныя на сітуацыю гвалтоўнага ўтрымання ўлады і прававога дэфолту.

Актывісты настойваюць, што падчас працэдуры прызнання вязня «палітычным» трэба прытрымлівацца прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Адпаведна з гэтым прынцыпам чалавека нельга лічыць злачынцам, пакуль ягоная віна не будзе даказаная ў справядлівым судзе. У беларусаў сёння няма доступу да справядлівага суда.

«Гэта значыць, што як толькі мы атрымліваем інфармацыю, што чалавека затрымалі па адным з тых артыкулаў, паводле якіх сёння прызнаюць палітвязнямі, ці даведваемся ад вязняў, што іх пераследуюць за палітычныя перакананні, мы адразу павінны ставіцца да гэтых кейсаў як да палітычных», – тлумачыць прадстаўніца ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак.

Ініцыятывы настойваюць на пераглядзе падыходу да самага спрэчнага моманту ў прызнанні чалавека палітвязнем: калі ў справе маецца пытанне выкарыстання асуджаным сілы. Паводле актывістаў, сёння трэба сыходзіць з таго, што:

– дзеянні супрацоўнікаў МУС часта носяць правакацыйны і жорсткі гвалтоўны характар,

– сілавікі ў балаклавах і без апазнавальных знакаў гвалтоўна затрымліваюць людзей, не паказваючы дакументаў, не называючыся і нічога не тлумачачы,

– грамадзянін не мае ў сітуацыі затрымання магчымасці на рэалізацыю свайго права на самаабарону, якая гарантуецца яму нават дзейсным Крымінальным кодэксам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Грамадскія ініцыятывы заяўляюць, што на дзень 22 кастрычніка 2021 года ў Беларусі за кратамі сядзіць больш за 1021 палітвязень. Гэты лік не канчатковы, бо рэпрэсіі працягваюцца штодня. У дадатак актывісты прапаноўваюць яшчэ ў дачыненні 287 чалавек выкарыстоўваць статус «зазналі палітычна матываваны пераслед».

«У 2020 годзе палітычны пераслед выліўся на ўсё грамадства»

Паводле грамадскіх актывістаў, неадпаведнасць падыходу да прызнання палітвязнямі сітуацыі ў краіне яны заўважылі яшчэ ў 2016–17 гадах.

«Яшчэ тады быў шэраг кейсаў, у якіх быў яўны палітычны складнік, але пра яго не казалі і нібы не заўважалі, – кажа прадстаўнік ініцыятывы Dissident.by Вячаслаў Касінераў. – Гэта, напрыклад, справа антыфашыстаў. Дагэтуль сядзіць Ілля Валовік, якому далі 10 гадоў строгага рэжыму. Тады заяўлялі пра катаванні, быў шэраг парушэнняў падчас вядзення працэсу. Аднак паколькі прадметам была бойка паміж фанатамі, ніхто не заглыбляўся ў тэму. Але па факце гэты быў разгром грамадскага руху. Ці справа Святаслава Барановіча, які абараняў людзей ад невядомых без формы, што выцягвалі іх з тралейбуса. Але гэты кейс не быў агучаны як палітычны. Такіх справаў хапала і раней, але ў 2020 годзе палітычны пераслед выліўся на ўсё грамадства».

Статус палітвязня палягчае перабыванне чалавека ў турме, запэўнівае яго ў падтрыманні грамадства, а таксама можа паспрыяць дапамозе сям’і зняволенага, падкрэслівае Вячаслаў Касінераў.

«Калі я ў першы раз перажыў гвалт за свае перакананні і акрыяў пасля збіцця, мяне вельмі моцна падтрымала, калі я чытаў, што пра мяне пішуць, падтрымліваюць, не лічаць злачынцам», – Вячаслаў спасылаецца на ўласны досвед.

«Калі чалавек мае статус палітвязня, катаваць яго так проста ўжо не атрымаецца»

Актывіст звяртае ўвагу на шэраг аспектаў, якія забяспечвае чалавеку статус палітвязня:

«Палітвязню пішуць шмат лістоў. Незнаёмыя людзі не змогуць пісаць, пакуль не ўбачаць імя чалавека і адрас месца адбывання пакарання ў медыях, на праваабарончых сайтах, у спісах «палітычных». Лісты – вельмі моцная псіхалагічная падтрымка за кратамі. Але нават калі лісты не перадаюць вязню, іх бачыць адміністрацыя, і яны разумеюць, што гэты чалавек – не адзін, што за ім ёсць пэўная сіла, і што прымяняць да яго катаванні так проста ўжо не атрымаецца», – падкрэслівае Касінераў.

«Са свайго досведу магу сказаць, што стаўленне адміністрацыі змяняецца. Мне так і казалі: ты ў нас не звычайны вязень, – кажа Вячаслаў. – Змяняецца і стаўленне сукамернікаў, з’яўляецца большая павага, тым больш калі яны бачаць лісты з-за мяжы. Падтрымка людзей дапамагае захаваць псіхалагічнае здароўе, а там унутры робіцца ўсё, каб тваю псіхіку знішчыць і пазбавіць цябе палітычнай волі і ўсялякай іншай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Статус палітвязня можа дапамагчы сям’і зняволенага атрымаць дапамогу, у тым ліку – матэрыяльную.

«Людзі часцей дапамагаюць, калі пра чалавека шмат кажуць, за ім – шмат салідарнасці, і ён не проста нікому не вядомы зэк, – зазначае Касінераў. – А щсе, хто на волі, калі бачаць, што зняволеныя па палітычных прычынах не абыякавыя грамадству, разумеюць, што калі раптам з імі нешта здарыцца, яны не будуць самотнымі, што за імі – сусветная супольнасць».

Палітвязняў трэба не толькі вызваліць, але і рэабілітаваць

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Міколы Статкевіча і прадстаўніца аб’яднання сваякоў палітзняволеных «Вызваленне 2020», звяртае ўвагу, што прысутнасць чалавека ў спісе «палітычных» гарантуе ягонае неадкладнае вызваленне як толькі рэжым перастане існаваць. Калі ж статусу палітвязня няма, вызваленне можа зацягнуцца да разгляду справы на адмысловых камісіях. Таксама, паводле спадарыні Марыны, важна запэўніць для палітвязняў не толькі вызваленне, але і рэабілітацыю.

«Мой муж каля 9 год правёў за кратамі. У 2015 годзе ён быў вызвалены без рэабілітацыі, – распавядае Марына Адамовіч. – На яго павесілі судзімасць на 8 гадоў, якая скончыцца ў 2023 годзе. З-за гэтага ён не можа ўдзельнічаць у палітычных кампаніях, чым скарысталася ўлада. А цяпер яго судзяць як асабліва небяспечнага рэцыдывіста. Вось што за сабой цягне вызваленне без рэабілітацыі».

Сярод ініцыятываў, якія падпісалі заяву, – Dissident.by, Politzek.me, «Вызваленне 2020», дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом», праваабарончая арганізацыя «Платформа» і іншыя. Агулам – 15 арганізацыяў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў