Нямецкая «Вікіпедыя» змяніла афіцыйную назву Беларусі на сваёй старонцы


Публічная інтэрнэт-энцыклапедыя «Вікіпедыя» ў сваёй нямецкамоўнай версіі змяніла афіцыйную назву Беларусі: з «Weißrussland» на «Belarus».

Мапа: freeworldmaps.net

На гэта звярнуў увагу супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытуту Варшавы Фэлікс Акерман. Пры гэтым ён зазначыў, што міжнароднае выдавецтва «Springer» па-ранейшаму выкарыстоўвае назву «Weißrussland», як і шэраг СМІ ў Швейцарыі і Аўстрыі.

«Маленькая сенсацыя: нямецкая «Вікіпедыя» праз 20 гадоў змяніла назву з Weißrussland на Belarus», – напісаў Акерман нас сваёй старонцы ў Facebook.

У жніўні гэтага года ўлады Нарвегіі пасля візіту Святланы Ціханоўскай паведамілі, што працуюць над тым, каб на афіцыйным узроўні выкарыстоўваць у якасці назвы нашай краіны Belarus, а не Hviterussland.

Напрыканцы мінула года Святлана Ціханоўская даслала міністру замежных справаў Літвы Габрыелюсу Ландсбергісу ліст з заклікам замяніць назву Baltarùsija на Belarusià на літоўскай мове. Але ўлады Літвы адмовілі: мовазнаўцы пастанавілі, што Baltarùsija ўтворана ад назвы нацыянальнасці baltarusiai і адпавядае правілам літоўскай мовы.

На гэты момант афіцыйную назву нашай краіны да беларускага арыгіналу наблізілі ў 24 дзяржавах Еўропы.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў