Лукашэнка раззлаваўся ад просьбы надзець рэспіратар у лякарні. І не здолеў яго правільна насіць


«Ніколі не быў супраць нашэння масак», – сказаў Лукашэнка падчас візіту ў Лідскі цэнтральны раённы шпіталь. І стаў абурацца, калі міністр аховы здароўя папрасіў надзець рэспіратар пры ўваходзе да хворых. Ды не змог правільна надзець.

Відэа абурэння Аляксандра Лукашэнкі неабходнасцю насіць рэспіратар у аддзяленні з хворымі на COVID-19 апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», звязаны з прэс-службай Лукашэнкі.

Бачна, што Лукашэнка перад уваходам у адно з аддзяленняў аддае медычную маску і абураецца, што яму «не даюць працаваць», калі просяць надзець рэспіратар. Ён абураецца на міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, не можа правільна надзець рэспіратар і адмаўляецца правільна зафіксаваць рэспіратар на носе і вушах.

Калі яму спрабуюць папырскаць на рукі антысептыкам, ён не расцірае сродак, а выхоплівае бутэлечку з рук медыка і пырскае сабе на твар. Ён, у адрозненне ад астатніх, не надзявае адмысловага касцюму (які называюць процічумным) і нават не надзявае пальчатак.

Падчас размовы з лекарамі незафіксаваны рэспіратар спаўзае з твару Лукашэнкі на падбароддзе – яго просяць надзець, а ён абураецца, што «ну я ж надзеў», і працягвае размаўляць, высунуўшы з-пад рэспіратара нос.

«Усё, каб Піневіча са мной больш у бальніцы не было», – загадвае Лукашэнка, а міністр і пасля гэтага просіць яго надзець рэспіратар.

Ці былі побач хворыя на COVID-19 менавіта ў гэты момант, невядома. Лукашэнка казаў падчас інцыдэнту, што «тут жа няма нікога». Каронавірус распаўсюджваецца праз аэразолі, якія выдыхае хворы, і не знікае, як толькі хворы сышоў з пакою – можа заставацца ў паветры звыш трох гадзінаў.

Раніцай згаданы «Пул первого» анансаваў, што Лукашэнку павядуць у «чырвоную зону» лякарні, затым апублікаваў відэа, дзе ён ужо ў рэспіратары заходзіць да хворага (рэспіратар не выглядае надзейна замацаваным).

Hавiны
Насіце маскі, не балаклавы. 10 пытанняў пра маскі ў пандэмію
2021.10.26 08:30

Гэта далёка не першы раз, калі, наведваючы падчас пандэміі шпіталь, Лукашэнка не надзявае маску ці рэспіратар або носіць, высунуўшы нос.

Відэа з абурэннем Лукашэнкі было запісанае ў той жа дзень, калі Лукашэнка апраўдваўся, што ён не ковід-дысідэнт, што «ніколі не быў супраць нашэння масак» і што заклікае прышчапляцца, але выступае за добраахвотную вакцынацыю, бо ён «супраць гвалту».

Пры тым ён казаў, што «культура выкарыстання ахоўных сродкаў ёсць толькі ў медыкаў, а грамадзяне, як правіла, не выконваюць усіх захадаў засцярогі і рэкамендацыяў пры нашэнні масак, таму іх выкарыстанне такім чынам неэфектыўнае».

Нашэнне масак і нават найлепшых рэспіратараў сапраўды неэфектыўнае, калі іх насіць на падбароддзі. Маска мусіць закрываць рот, нос і падбароддзе, прылягаць шчыльна і без адтулінаў па баках.

Рэспіратар трэба зафіксаваць дадаткова, каб ён надзейна прылягаў да твару, і рабіць гэта трэба да ўваходу ў небяспечную зону.

Пасля абурэння Лукашэнкі тым, што за выкананнем масачнага рэжыму пачала сачыць міліцыя, у Беларусі афіцыйна скасавалі масачны рэжым і іншыя абмежаванні ў сувязі з пандэміяй каронавіруса.

Тады ён накрычаў на міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова, бо ягоныя падначаленыя нібыта «абмацвалі людзей» і «здымалі наморднікі».

Hавiны
Як Лукашэнка прыйшоў да ковід-дысідэнцтва. Згадваем галоўныя выказванні
2021.10.22 18:08

АА belsat.eu

Стужка навінаў