Эрдаган перадумаў высылаць амбасадараў заходніх краінаў


Турэччына збіралася выслаць амбасадараў 10 краінаў, у ліку якіх 8 – краіны-саюзніцы ў NATO. Цяпер Эрдаган кажа толькі, каб амбасадары былі «больш асцярожныя ў заявах».

Рэджэп Таіп Эрдаган на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Масква, Расея. 4 сакавіка 2020 года.
Фота: kremlin.ru

Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган адмовіўся ад пагрозы выслаць амбасадараў 10 заходніх краінаў, піша «Associated Press». Вечарам 25 кастрычніка ён выступіў на дзяржаўнай тэлевізіі з заявай, дзе казаў:

«Мы лічым, што гэтыя амбасадары, якія выканалі свае абавязкі паводле артыкуле 41 Венскай канвенцыі, цяпер будуць больш асцярожнымі ў сваіх заявах».

Гаворка ідзе пра пункт аб выкананні законаў дзяржавы, дзе працуюць амбасадары, і неўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы. Амбасада ЗША заяўляла ў панядзелак, што заявы амбасады адпавядаюць артыкулу.

Эрдаган таксама заявіў, што тыя, хто ў мінулым рабіў з Турэччынай, што хацеў, «запанікавалі», калі краіна «заняла ўласную пазіцыю».

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Anadolu» патлумачыла заявы Эрдагана як «крок назад» у канфлікце. Паводле агенцтва, Эрдаган «пазітыўна ўспрыняў» развіццё падзеяў.

Скандал пачаўся з таго, што амбасадары шэрагу краінаў на мінулым тыдні заклікалі вызваліць філантропа і праваабаронцу Асмана Кавалу, які ўжо чатыры гады знаходзіцца ў турэцкай турме і чакае суду паводле абвінавачванняў у арганізацыі антыўрадавых пратэстаў 2013 года. Гэтыя абвінавачванні многія лічаць неабгрунтаванымі.

Заяву аб вызваленні філантропа падтрымалі Злучаныя Штаты, Канада, Данія, Нарвегія, Нідэрланды, Нямеччына, Фінляндыя, Францыя і Новая Зеландыя. Іхных амбасадараў выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Турэччыны, а Эрдаган 23 кастрычніка казаў, што распарадзіўся абвесціць амбасадараў гэтых краінаў персонамі нон-грата.

Скандал быў асабліва гучным праз тое, што 8 з 10 гэтых краінаў (акрамя Фінляндыі і Новай Зеландыі) разам з Турэччынай уваходзяць у NATO. А з альянсам у Турэччыны і да таго былі напружаныя адносіны. Ад дыпламатычнага скандалу нават «прасеў» курс турэцкай ліры.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў