Чытачы «Белсату» пра сітуацыю з COVID-19: «Загадалі медыкам, каб нідзе не было чаргі»


Падчас ранейшых хваляў пандэміі COVID-19 Міністэрства аховы здароўя прагназавала плато і выхад на змяншэнне колькасці інфікаваных. Цяпер падобных прагнозаў медыкі не агучваюць. Тым часам дзяржаўная прапаганда пачала змагацца з масачным рэжымам. Ранейшую забарону на масавыя мерапрыемствы знялі, з грамадскага транспарту знікаюць налепкі з просьбай насіць маскі.

Пасля крытыкі Лукашэнкам масачнага рэжыму Міністэрства аховы здароўя адмяніла ранейшыя антыкаронавірусныя абмежаванні.

След ад садранай налепкі пра масачны рэжым у менскім аўтобусе. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: чытач «Белсату»

Улады нават пайшлі далей. Telegram-канал «Транспорт Минска» паведамляе пра загад здымаць з дзвярэй грамадскага транспарту налепкі з патрабаваннем насіць маскі. Аналагічныя «ініцыятывы» заўважаюць чытачы «Белсату» і ў іншых месцах.

«Налепку пра нашэнне масак знялі. Абавязкова мыць рукі пры ўваходзе ў школу. Дзяжурныя на паверхах і ў сталоўцы абавязкова носяць маскі. У астатніх выпадках хто носіць, а хто і не. Некалькі чалавек перахварэлі», – паведамляюць настаўнікі сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка.

«З дзвярэй Менскай цэнтральнай раённай паліклінікі сёння зніклі абʼявы аб нашэнні масак. Мы нагадваем вам аб выкананні простых правілаў. Акрамя нас саміх ніхто не паклапоціцца аб нашых жыццях і жыццях навакольных! Беражыце сябе».

Але нягледзячы на такія захады ўладаў, грамадзяне працягваюць трымацца масачнага рэжыму. Мала таго, некаторыя нашэнне масак звязваюць з кампаніяй, сутнасць якой не толькі ў перадухіленні эпідэміі, але і ў выказванні пратэсту супраць улады Лукашэнкі.

«Я раней вельмі рэдка карыстаўся маскай. Нават падчас абавязковага нашэння забываў яе, і ў краме прыходзілася чымсьці прыкрывацца, бо прадаўцы не абслугоўвалі. Але цяпер свядома нашу маску. Гэта заўважылі ў краме, спыталіся, што ж адбылося, чаму я раптам стаў клапаціцца пра здароўе? Але я адказаў, што сутнасць у іншым, нашу маску дзеля іншага. Тлумачыць прадаўцу не давялося, паколькі яна з паўслова зразумела мяне», – кажа чытач «Белсату».

Hавiны
Ад каронавіруса памёр беларускі пісьменнік-фантаст Сяргей Булыга
2021.10.26 16:45

Раней вайсковы эксперт Ягор Лебядок у сваім Facebook выказаў думку, што абавязковы масачны рэжым адмянілі якраз з увагі на пашырэнне гэтай акцыі.

Мінздароўя плато пакуль нават не прагназуе

Сітуацыя з распаўсюдам каронавіруса застаецца складаная. Плато, або пік захворвання, пасля якога эпідэмія ідзе на спад, міністэрства пакуль нават не прагназуе. А гэта значыць, што сітуацыя можа толькі пагаршацца. У такіх варунках у іншых краінах улады ўводзяць абмежаванні. У Расеі з 30 кастрычніка да 7 лістапада абвесцілі непрацоўны тыдзень, спрабуючы стрымаць рост захворвання на COVID-19. А ў Беларусі наадварот, адмяняюцца супрацькаронавірусныя абмежаванні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Масква, Расея. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: Сяргей Карпухін / ТАСС / Forum

Чытачы «Белсату» канстатаюць, што афіцыйная статыстыка не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі.

«У Наваградку вельмі цяжкая сітуацыя. Паводле неафіцыйных звестак, Наваградак – у лідарах захворвання і смяротнасці ў Гарадзенскай вобласці. Людзей памірае вельмі шмат! Учора ў Наваградак прыязджала камісія з Менску – 7 асобаў з Мінздароўя і 3 з Дзяржкантролю. То першае, што загадалі медыкам, каб нідзе не было чаргі. І яны людзей недзе схавалі, на вуліцы нікога не было. Але ж толькі здымкаў, рэнтгенаў учора зрабілі пад 170. І гэтак амаль кожны дзень. А цяпер уявіце сабе, галоўнае, што іх цікавіла, – каб чаргі не было. Тое, што людзі паміраюць кожны дзень, іх мала хвалюе», – пішуць чытачы «Белсату».

У рэдакцыю прыходзяць паведамленні, што ў больніцах катастрафічна не хапае кіслароду. Брыгады на машынах хуткай дапамогі ў некаторых рэгіёнах выязджаюць на 30 выклікаў за змену. Вядома, што медыкі працуюць на мяжы магчымасцяў.

Праз «Белсат» беларусы заклікаюць грамадзянаў берагчы сябе, сваіх блізкіх і родных. Людзі выказваюць меркаванне, што «рэжыму пляваць, і нічога рабіць яны не будуць, бо ўсе сродкі выдаткоўваюць на сілавікоў і ўтрыманне ўлады».

Hавiны
Насіце маскі, не балаклавы. 10 пытанняў пра маскі ў пандэмію
2021.10.26 08:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў