Чортаў тузін скандалаў Сяргея Міхалка. Каго спявак раней біў і мацюкаў


Міхалок – чалавек-правакацыя, які за жыццё некалькі разоў пераўвасабляўся: з блазна ў рэвалюцыянера і назад. Цяпер супраць яго ва Украіне пачалі крымінальную справу за бойку на сцэне. «Белсат» згадвае ранейшыя спрэчныя моманты і скандалы ў кар’еры музыкі.

Міхалок і Лукашэнка

Сяргей Міхалок у 1989 годзе заснаваў музычны гурт «Ляпіс Трубяцкі». Сапраўдная слава да гурта прыйшла ў 1994 годзе з іранічна-«калдырскімі» песнямі «Ты кінула» і «Ау». Але ўжо ў сярэдзіне 1990-х Міхалок выказаўся пра палітыку: на матыў песні з савецкага фільму «Прыгоды Бураціна» спяваў пра Лукашэнку.

Асцярожна, у відэа, размешчаным ніжэй, ёсць нецэнзурная лексіка!

У 2011-м, у перыяд рэвалюцыйна-анархічных песень-агітак з бел-чырвона-белым сцягам на сцэне, рэзкі выступ Міхалка супраць Лукашэнкі не выглядаў скандалам, а хутчэй проста арганічным выражэннем таго, што думае музыка, які ў вышыванцы і на фоне Пагоні спявае купалаўскае «Не быць скотам». Адпаведны вобраз і ў пазнейшай песні «Жалезны»: мусіў памерці яшчэ 20 гадоў таму, дык цяпер нічога не баіцца.

Хадзілі чуткі, што Міхалок трапіў пад крымінальны пераслед за «паклёп» на Лукашэнку – яго сапраўды выклікалі на допыт у пракуратуру (ён не пайшоў, з’ехаў з Беларусі і ў выніку атрымаў від на жыхарства ва Украіне), але ўрэшце вырашылі не пачынаць справы «праз адсутнасць грамадска-небяспечнага дзеяння». Праз гэта «Ляпісы» трапілі ў чорныя спісы, а Міхалок не выступаў у Беларусі да 2016 года.

Міхалок і алкаголь

Калі гурт «Ляпіс Трубяцкі» ў 2007 годзе змяніў вобраз, выпусціўшы альбом «Капітал», Міхалок казаў пра сябе: «Быў алкаш і тарчок, стаў баксёр і качок». Заявы пра ўжыванне наркотыкаў не былі скандальныя. Наадварот, спевака хвалілі за шчырасць і за перамогу над залежнасцю.

Але ў 2019 годзе Міхалок заявіў, што насамрэч не кідаў піць, «бухае другі тыдзень» і што «таксама б не пайшоў цвярозым на Міхалка глядзець». Тады ж ён заявіў, што абразліва паслаў расейскага тэлевядоўцу, які запрасіў яго на праграму «Завязавшие звёзды».

Міхалок і старыя песні «Ляпісаў»

У сакавіку 2014 года Сяргей Міхалок заявіў аб распадзе гурта «Ляпіс Трубяцкой», у верасні ён заснаваў новы гурт «Brutto», а іншыя былыя ўдзельнікі «Ляпісаў» стварылі гурт «Trubetskoy». Першы час «развод» выглядаў мірным: песні падзялілі між гуртамі, і тыя, якія больш пасавалі асабіста Міхалку, ён выконваў з новым гуртом, пакінуўшы шмат гітоў камандзе «Trubetskoy».

У лістападзе 2014 года на старонцы «Brutto» з’явіўся абразлівы допіс ад імя Міхалка аб нізкай якасці песень «Trubetskoy» і аб фанатах, якія пайшлі за тым гуртом у «рэстаранныя нетры». Той пост неўзабаве выдалілі і заявілі, што сацсеткі гурта ўзламалі.

Канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкі» на фестывалі Басовішча ў Польшчы. 17 ліпеня 2010 г.
Фота: Adam Panczuk / Forum

Але ў сакавіку 2015 года Міхалок раптоўна абазваў музыкаў гурта «Trubetskoy» «незаконнымі сепаратыстамі і рэйдарамі, якія захапілі спадчыну вялікага «Ляпіса Трубяцкога». Гурт «Trubetskoy» стрымана адказаў, што мае доказы, каб адказаць на абвінавачванні, але будзе ігнараваць «дурнаватыя і непрыгожыя дэмаршы экс-калегаў». Пазней Міхалок заявіў, што «не мае калегаў па цэху», матам апісаў сваё стаўленне да ранейшых паплечнікаў.

Ужо ў наступным годзе Міхалок вярнуўся ў «рэстаранныя нетры»: стаў выконваць старыя песні перыяду «алкаша і тарчка» з праектам «Ляпис-98», пры тым працягваў выступаць у вобразе «байца і качка» з «Brutto». Супярэчнасці ён не бачыў: пісаў, што можа быць сур’ёзным і дарослым, але цыркач у ім усё яшчэ жыве.

Міхалок і фанаты

У вобразе «байца і качка» Міхалок шмат мацюкаўся, у тым ліку на фанатаў.

Яшчэ ў складзе «Ляпісаў» Міхалок мог паслаць фаната на тры літары. Так, напрыклад, адбылася ў красавіку 2014 года, калі Міхалок крычаў «Слава Украіне», пабачыў, як хтосьці з залі паказаў яму сярэдні палец, і выдаў тыраду пра сваё бясстрашша, паслаўшы фаната на тры літары. У прэсе сцвярджалася, што гэта было ў расейскім Іжэўску, Міхалок жа заявіў, што відэа было знятае на фестывалі ў Нямеччыне, а тырада была адказам на правакацыі.

У 2015 годзе Міхалок пабіў наведніка канцэрту, саскочыўшы са сцэны. Потым ён тлумачыў, што слухач паказваў яму сярэдні палец, дык той бойкай ён уратаваў слухача ад яшчэ цяжэйшых наступстваў: маўляў, іначай яго б пабілі фанаты. Што праўда, пазней пісалі, што пабіты пацярпеў не надта моцна.

Усе дэталі нядаўняга інцыдэнту ў Палтаве яшчэ не вядомыя, але ўрывак відэа выглядае так, нібы Міхалок сам запрасіў на сцэну музыку, павёў да мікрафона, але раптам стаў патрабаваць паказаць квіток на канцэрт, а калі музыка сабраўся сыходзіць са сцэны, ударыў яго лобам у галаву. Выданне Lb.ua піша, што канфлікт пачаўся з таго, што мясцовы музыка крыкнуў: «Мало жару даєте».

Міхалок і неанацысты

Даволі дзіўная гісторыя адбылася ў 2015 годзе: Міхалок сам апублікаваў фота гурту «Brutto» з чальцамі неанацысцкай групоўкі «Misanthropic division».

У час таго скандалу Міхалку, які называў сябе «леваком», нагадвалі, што ён выступаў перад байцамі ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Азоў», у склад якога ўваходзіў шэраг правых радыкалаў.

Неўзабаве гурту «Brutto» забаранілі выступаць у Нямеччыне – у адказ музыкі апублікавалі заяву аб тым, што ніхто з іх не ўваходзіць у неанацысцкія арганізацыі, усе яны выступаюць супраць гвалту. Пазней Міхалок не каментаваў сваіх сувязяў з неанацыстамі.

Міхалок, Матолька і беларусы

Дзіўны канфлікт адбыўся ў Міхалка з журналістам Антонам Матолькам. Падчас канцэрту на хутары Шаблі Міхалок кпіў з беларускамоўных, а таксама абурыўся тым, што Матольку нібыта не спадабалася, як ён зняўся ў рэкламе «Белавіі». Матолька адказаў, што нічога пра рэкламу «Белавіі» не пісаў і не казаў. Міхалок перапрасіў у Матолькі (але не беларускамоўных).

Праз два гады Міхалок падчас стрыму паслаў на тры літары неназваных незалежных беларускіх журналістаў, якія цікавіліся, чаму ён не спяваў у Менску песню «Грай». Міхалок казаў, што «толькі з залежнымі размаўляе», бо сам залежны ад алкаголю і наркотыкаў. Тады голас за кадрам нагадаў яму, што ён было пасварыўся з Матолькам, на што Міхалок адказаў, што ніякага Матолькі не ведае.

Адносна беларускай інтэлігенцыі ў Міхалка было дзіўнае выказванне яшчэ ў 2015 годзе – у інтэрв’ю Паўлу Шарамету ён казаў, што галоўныя ворагі беларусаў і сябры Лукашэнкі – «вось гэта, ***, з бару «Малако», «разумныя, дасканалыя, таленавітыя, але слабыя і баязлівыя». У іх лік Міхалок уключаў маладых паэтаў, мастакоў і музыкаў, але каго менавіта меў на ўвазе, не казаў.

Міхалок і беларускія пратэсты – 2020

Міхалок, вядомы гітамі на тэму беларускага патрыятызму і падтрыманнем украінскіх пратэстаў, доўгі час не рэагаваў на беларускія пратэсты 2020 года. Фанаты ў жніўні-2020 здзіўляліся – некаторыя згадвалі, што ён не выступаў і на БНР-100, іншыя ж крытыкавалі за маўчанне, а 12 жніўня зладзілі пікет перад клубам, дзе ён выступаў з «Ляпис-98».

Канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкі» на фестывалі Басовішча ў Польшчы. 17 ліпеня 2010 г.
Фота: Adam Panczuk / Forum

13 жніўня Міхалок выказаўся аб падзеях у Беларусі, але так, што многія ўспрынялі гэта за абразу:

«Я ведаю, што ўсе нашы браты-беларусы – Воіны Святла, перамогуць усіх Дартаў Вэйдэраў, але я тут не для таго, каб геапалітычную *** [лухту] распавядаць, а для таго, каб спяваць вам *** [цудоўныя] песні».

Толькі 29 жніўня Міхалок выступіў з доўгай прамовай пра беларускі пратэст: заявіў, што не прызнае вынікаў беларускіх выбараў яшчэ з 2010 года, што патрабуе новых справядлівых выбараў і што вінаватыя ў гвалце супраць пратэстоўцаў мусяць быць за кратамі.

А ў кастрычніку 2020 года апублікаваў відэа са зваротам да Святланы Ціханоўскай: патрабаваў ад яе прэзідэнцкіх указаў і крытыкаваў за тое, што Ціханоўская хацела б запрасіць разам з іншымі кіраўнікамі дзяржаваў Уладзіміра Пуціна адным з медыятараў на перамовах з беларускімі ўладамі. Блытаную прамову некаторыя ўспрынялі негатыўна і нагадалі Міхалку пра маўчанне ў першыя дні пратэсту.

У студзені 2021 года праект Міхалка «Drezden» выдаў «маніфест у адказ на падзеі, што адбываюцца ў Беларусі». Песню «Barrikado» ўспрынялі пераважна пазітыўна.

Міхалок і Зяленскі

20 жніўня 2020 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з Міхалком і чальцамі ягоных гуртоў, абодва апублікавалі супольныя фота. Міхалка раскрытыкавалі і праціўнікі Зяленскага, і тыя, хто звярнуў увагу на ягонае маўчанне адносна беларускіх пратэстаў.

24 жніўня Міхалок атрымаў ад Зяленскага званне заслужанага артыста Украіны. У той жа дзень Зяленскі і Міхалок наведалі вайсковы шпіталь – адзін з украінскіх валанцёраў абурыўся тым, што Міхалок прынёс хворым байцам у якасці падарунку гарэлку.

Да таго Міхалка крытыкавалі за бясплатны канцэрт у падтрымку малавядомага кандыдата ад партыі Зяленскага «Слуга народу» Арцёма Дубнова. Пры тым на непрыхавана агітацыйнай імпрэзе Міхалок не згадаў кандыдата, але жартаваў пра наркотыкі і алкаголь і папрасіў прабачэння, што «крыху перабраў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў