Алексіевіч расказала на канферэнцыі ААН пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі


Віртуальную канферэнцыю ініцыявала Арганізацыя аб’яднаных нацыяў, яе падтрымалі дыпламатычныя місіі Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Літвы, Нямеччыны і Польшчы.

Святлана Алексіевіч.
Фота: belsat.eu

Удзельнікі канферэнцыі ў сваіх выступах заклікалі міжнародную супольнасць уплываць на афіцыйны Менск праз дыпламатычныя рычагі і не дапусціць канчатковага здушэння грамадзянскіх свабодаў у Беларусі, расказвае «Голас Амерыкі».

Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіла ў тым ліку лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры, прэзідэнтка ліквідаванага ўладамі Беларускага ПЭН-цэнтру і сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Святлана Алексіевіч. Яна расказала пра «варварскую рэакцыю» беларускіх уладаў на пратэсты і пра беларускае грамадства, якое «не адмовілася ад мары жыць у свабоднай краіне».

«Нам даводзіцца мець справу з дзвюма сіламі: з аднаго боку Лукашэнка, з другога боку вялізны мядзведзь – Расея, – казала Алексіевіч. – Гаворка ідзе не толькі пра тое, што рэжым спрабуе ў страху трымаць народ, запалохаць народ, пазбавіць яго інстынкту да свабоды і веры ў сябе, але ён ідзе і на тое, каб знішчыць цалкам грамадзянскую супольнасць і культурнае жыццё краіны».

Прадстаўніца арганізацыі «Human Rights Watch» Рэйчэл Дэнбэр на канферэнцыі расказала, што гаворка цяпер ідзе не толькі пра барацьбу беларускіх уладаў з пратэстоўцамі, а пра спробу поўнага знішчэння іншадумства.

Спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марэн казала, што наступ вядзецца не толькі ў палітыцы, але і ў галіне культуры, згадала дыскрымінацыю беларускай мовы і абмежаванне на выкарыстанне беларускай мовы ў сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў