ЗША папракнулі Менск за невыкананне рэкамендацыяў АБСЕ


Амбасадар Злучаных Штатаў пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Майкл Карпентэр заявіў «Белсату», што беларускі рэжым ігнаруе рэкамендацыі са справаздачы, прынятай у 2020 годзе.

Амбасадар і прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр. Скрыншот з відэа VOA News / YouTube

Дыпламат паведаміў, што яму невядомыя падрабязнасці перамоваў між рэжымам Лукашэнкі і ЗША пра вызваленне палітвязняў. На пытанне, ці чакаць выхаду на волю іншых журналістаў радыё «Свабода» і грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча, Майкл Карпентэр адказаў, што не хоча займацца прадказаннямі.

«Так, Ігар Лосік усцяж за кратамі. Я не буду зараз прадказваць, што мае адбыцца ў будучыні. Але паўтаруся: Маскоўскі механізм АБСЕ, які рабіў справаздачу пра Беларусь у 2020 годзе, даў вельмі канкрэтны спіс рэкамендацыяў, што маюць адбыцца.

Выхад на свабоду ўсіх палітвязняў, адмова ад гвалту супраць грамадзянскай супольнасці і правядзенне новых сапраўдных і сумленных выбараў – усё гэта ў тым спісе, і мы не бачым, што нешта з гэтага выкананае», – зазначыў Карпентэр.

На мінулым тыдні на волю выйшаў журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч. За кратамі яго пратрымалі амаль дзевяць месяцаў. Журналіста вызвалілі на падставе прашэння пра памілаванне.

Раней у эфіры «Белсату» сябра Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка са спасылкай на беларускія крыніцы заявіў, што рэжым вёў з Захадам перамовы аб вызваленні палітвязняў.

Аб’ектыў
Гандаль палітвязнямі: магчымы ці не?
2022.09.25 03:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў