Мужчына ўчыніў страляніну ў школе Іжэўску. Вядома пра 13 загінулых


Страляніна ў школе № 88 у Іжэўску на Пушкінскай вуліцы пачалася раніцаю 26 верасня падчас заняткаў. Мужчына ў чорным касцюме спачатку стрэліў у ахоўніка, а затым уварваўся ў клас і адкрыў страляніну па дзецях, паведамляе тэлеграм-канал «Baza».

Са школы Іжэўску выносяць параненых дзяцей.
Фота: vottaktv/Telegram

МУС Удмуртыі пацвердзіла страляніну ў школе:

«У паліцыю сёння паступіла паведамленне пра страляніну ў 88-й школе Іжэўску, супрацоўнікі выехалі на месца, робяцца захады ў затрыманні падазраванага, інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Паводле звестак Следчага камітэту, ахвярамі тэракту ў школе сталіся 13 чалавек, у тым ліку сямёра вучняў, два ахоўнікі і два настаўнікі. Яшчэ 14 дзяцей і 7 дарослых параненыя.

Нападнік застрэліўся. Паводле папярэдніх звестак, ён страляў з двух пісталетаў Макарава. Сам стралок быў у футболцы з нацысцкаю сімволікай і ў балаклаве. Асобы нападніка не могуць вызначыць праз адсутнасць дакументаў, паведамілі ў СК.

«Неўстаноўлены чалавек пракраўся ў школу, забіў ахоўніка, гэта ўжо вядома. Ёсць ахвяры сярод дзяцей, параненыя. […] Сам [нападнік] застрэліўся», – паведаміў кіраўнік Удмуртыі Аляксандр Брачалаў.

Тэлеграм-канал «Baza» паведамляе, што іжэўскі стралок нанёс надпіс «Нянавісць» на абоймы для зброі. Верагодна, ён грунтоўна падрыхтаваўся да масавага забойства і не паспеў выкарыстаць усяго арсеналу. Такі ж надпіс на футболцы меў Уладзіслаў Раслякоў, які ўчыніў страляніну ў керчанскім політэхнічным каледжы ў 2018 годзе, прыгадвае тэлеграм-канал.

Фота: bazabazon/Telegram

Цэнтральны апарат Следчага камітэту забраў справу аб страляніне ў Іжэўску.

Ва Удмуртыі абвесцілі жалобу па загінулых да 29 верасня, паведаміў кіраўнік рэспублікі.

Hавiны
У Расеі адбылася страляніна ў ваенкамаце
2022.09.26 11:19

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў