Канада не выдала візаў беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў пасяджэнні ІКАО аб інцыдэнце з самалётам «Ryanair»


Афіцыйная беларуская дэлегацыя не атрымала канадскіх візаў для ўдзелу ў паседжанні Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), на якім павінен разглядацца даклад пра інцыдэнт з «Ryanair». Пра гэта заявіў у інтэрв’ю расейскаму выданню «РИА Новости» міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей.
Фота: МЗС Беларусі

Міністр назваў такі крок палітызацыяй сітуацыі вакол дакладу і нагадаў, што Менск лічыць апублікаваны раней даклад ІКАО надуманым і сфабрыкаваным:

«Праз некалькі дзён павінна адбыцца паседжанне ІКАО, на якім будуць разглядаць гэты даклад. Мы былі гатовыя накіраваць туды нашую дэлегацыю, дэлегацыю адмыслоўцаў, якія хацелі б, можа, не аспрэчыць, але прывесці свае аргументы. І, можа быць, яны былі б успрынятыя кіраўніцтвам гэтай арганізацыі. Аднак, на жаль, канадскія ўлады не выдалі нашай дэлегацыі візаў. Я перакананы, што ўсё гэта мэтанакіравана спланавана. Гэта сведчыць пра тое, што яны проста асцерагаюцца пачуць канкрэтныя аргументы, якія зняпраўджваюць здагадкі, выкладзеныя ў гэтым дакладзе».

Нагадаем, што даклад ІКАО датычыць пасадкі самалёта «Ryanair» праз ілжывае паведамленне пра выбуховае прыстасаванне на борце. Самалёт рухаўся рэйсам Афіны – Вільня, аднак быў прымусова пасаджаны ў Менску 23 траўня 2021 года. На борце былі блогер Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якіх у выніку затрымалі. Гэтым летам быў апублікаваны канчатковы варыянт дакладу ІКАО, у якім арганізацыя паведамляе пра датычнасць уладаў Беларусі да інцыдэнту.

Hавiны
ICAO апублікавала даклад аб расследаванні пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску
2022.07.20 08:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў