«Хацелася мець месца, дзе можна чуць беларускую мову». Беларуска адкрыла ў Батумі культурніцкую прастору


У грузінскім Батумі 25 верасня прэзентавалі новую шматфункцыйную прастору «аКсяродак». Адкрыла яе мянчанка Аксана Акуневіч, якая разам з сям’ёю з сакавіка 2022 года жыве ў Грузіі. Журналістка «Белсату» была на адкрыцці і пагутарыла з гаспадыняй, а таксама з арганізатарам Беларускага гістарычнага клубу, які будзе ладзіцца ў «аКсяродку».

«Калі я прыехала ў Батумі, мне вельмі хацелася стасункаў з беларусамі»

Новая беларуская культурніцкая прастора «аКсяродак» месціцца ў старым квартале Батумі, у прыватным доме на некалькі пакояў, з невялічкім уласным дваром на вуліцы Мэтакса 4.

У доме чыста, проста і ўтульна. Для наведнікаў ёсць некалькі пакояў, якім далі свае назвы: «роздум», «дзеянне», «натхненне». Маецца кухня, дзе можна зрабіць каву ці гарбату.

Гаспадыня «аКсяродку» – беларуска Аксана Акуневіч, магістарка тэхнічных навук, аспірантка педагагічных навук. Да сакавіка сёлета яна з мужам і дзецьмі жыла ў Менску. У Батумі менчукі пераехалі праз агульныя палітычныя падзеі ў Беларусі і свеце, а таксама праз патрэбы навучання Аксаны.

«Я цяпер аспірантка, і мне трэба даведацца пра падыход да ранняга навучання фізіцы ў розных краінах, паглядзець, як гэта выглядае, – распавяла гаспадыня прасторы. – Я вучуся ў Чэлябінску, а мая навуковая кіраўніца – грузінка. Я ў пачатку лютага была ў Чэлябінску – мне гэты горад не спадабаўся. Таму я выбрала Грузію, у тым ліку ў сувязі з апошнімі падзеямі».

Аксана Акуневіч.
Фота: Белсат

У Батумі Аксана з сям’ёю пастанавілі пасяліцца, бо тут мора.

Жаданне зрабіць нейкі беларускі культурніцкі асяродак прыйшло да жанчыны адразу, пагатоў ёй была патрэбная прастора, каб працягваць у Батумі свой аўтарскі курс «Чалавечая фізіка». У Менску Аксана вяла яго пяць гадоў, мела два філіялы. Цяпер менскі офіс закрыла і цалкам перавезла ў Грузію, бо не здолела знайсці ў Беларусі педагога, які б здолеў працягваць працу паводле ейнай аўтарскай методыкі.

«Калі я прыехала ў Батумі, мне вельмі хацелася стасункаў з беларусамі, мець магчымасць недзе сустракацца са сваімі, чуць беларускую мову, проста прыйсці, адпачыць, добра правесці час. І я не знайшла нічога падобнага, – распавядае Аксана. – Потым я пабачыла адкрыццё шматфункцыйнай прасторы ў Тбілісі. І падумала: супер, вось бы мне такое зрабіць. Калі я пабачыла гэты дом, адразу падумала, што якраз тут магла б здзейсніць гэтую сваю мару. І так атрымалася, што, калі арандатары з’язджалі, яны прапанавалі мне заехаць сюды».

«Чалавечая фізіка» па-беларуску для ўсіх узростаў

У дзень адкрыцця прасторы Аксана Акуневіч прэзентавала курс «Чалавечая фізіка». Цяпер вядзецца запіс у некалькі групаў: «Самы цікаўны» (1–2 класы), «Вучуся быць вучоным» (3–4 класы), «Уводзіны ў фізіку» (5–6 класы), «Фізіка – гэта весела» (7–8 класы), «Фізіка – страшная навука» (9 клас +), «Фізіка пад вінцо» (18 +).

Аксана Акуневіч прэзентуе прастору «аКсяродак».
Фота: Белсат

Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень. Кошт – 30 лары (крыху больш за € 10) за лекцыю, а калі адразу купляць абанемент на месяц – 25. Групы будуць як беларускамоўныя, так і расейскамоўныя, у залежнасці ад запыту.

«Ёсць меркаванне, што фізіку, хімію ці іншыя навукі нельга вывучаць на беларускай мове. Але гэта смешна, бо яшчэ ў 1990-ыя гады была цалкам распрацаваная ўся тэрміналогія, – кажа Аксана. – Я скончыла фізічны факультэт Педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка, і ён некалі першы перайшоў на беларускую мову. І ўсе падручнікі, усе лабараторныя, усё выкладалася па-беларуску. І што я заўважала: большасць студэнтаў да нас прыходзіла з менскіх расейскамоўных школаў, і нікому не ціснула перайсці на беларускую мову ў такой складанай навуцы, як фізіка».

У новай культурніцкай прасторы ў Батумі «аКсяродак» будуць заняткі для дзяцей па фізіцы, кулінарыі, хатнім майстраванні.
Фота: Белсат

У навучанні Аксана выкарыстоўвае STEM-падыход:

«У Беларусі гэты падыход прасоўвала арганізацыя «Адукацыя для будучыні». Ён дае магчымасць з ранняга ўзросту вывучаць навукі. У амерыканскай і еўрапейскай школьных праграмах і нават у дзіцячых садках ёсць прадмет «Science» (навука). У нас нешта такое меркавалася рабіць на ўроках пра наваколле. На жаль, там няма эксперыментальнай фізічнай часткі – 4 лекцыі за ўсю пачатковую школу можна нацягнуць на фізіку. І гэта сумна, бо ў дзяцей пачатковая школа – гэта самы сенсітыўны перыяд для таго, каб памацаць, паэксперыментаваць. Калі мы разлічваем выгадаваць людзей, якія карыстаюцца навуковым падыходам да жыцця, то чым раней мы гэта пачнем, тым лепш будзе».

Кулінарны курс, хатняе майстраванне, Беларускі гістарычны клуб

Акрамя фізікі, у «аКсяродку» будуць кулінарны курс, хатняе майстраванне для дзяцей. Плануюцца сустрэчы з псіхолагам, які дапаможа адаптавацца ў эміграцыі. Для дарослых будуць ладзіцца лекцыі Беларускага гістарычнага клубу. У пакоі «Натхненне» адбудуцца прагляды беларускамоўных фільмаў і мультфільмаў.

Цяпер Аксана ладзіць таксама бібліятэку з беларускамоўнаю літаратурай. Усе кнігі будуць з уласнай бібліятэкі, таму самыя каштоўныя з іх можна будзе чытаць толькі ў «аКсяродку», меней рэдкія чытачы здолеюць узяць дадому. Аксана падкрэслівае, што ў Батумі ўжо ёсць адна беларуская бібліятэка, дзе ўсе кнігі можна браць дадому – у каўоркінгу «LinX» на вуліцы Ахмэда Мэлашвілі 16.

У Батумі адкрылася новая культурніцкая прастора «аКсяродак».
Фота: Белсат

Раз на два тыдні будуць праходзіць сустрэчы Беларускага гістарычнага клубу. Яго ладзяць беларускія журналісты Андрэй Мялешка ды Ілля. 25 верасня адбылася другая сустрэча, прысвечаная падзеям 17 верасня 1939 года.

«Мы распачалі гэты клуб, каб гістарычную навуку даваць простымі словамі без акадэмізму, – распавёў Андрэй Мялешка. – Падобны клуб – гістарычныя сустрэчы – рабілі тут яшчэ летась беларусы разам з украінцамі. Цяпер былому арганізатару – украінцу – не да таго, ён займаецца іншымі справамі. Ну і ў тых сустрэчаў быў больш акадэмічны фармат, гэта былі лекцыі. У нас больш дыскусійны клуб».

Паводле Андрэя, на сустрэчы плануюць запрашаць беларускіх, польскіх, украінскіх гісторыкаў, якія будуць прыязджаць у Батумі. Сярод наведнікаў арганізатары чакаюць не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, грузінаў.

Прастора чакае ўсіх ахвочых з ідэямі праектаў, звязаных з беларускасцю.

Тэмы для дыскусіяў будуць абірацца паводле Гістарычнага календара на штодзень беларускага журналіста Уладзіміра Хільмановіча з Горадні.

Андрэй Мялешка.
Фота: асабісты архіў Андрэя Мялешкі

Усе сустрэчы клубу будуць бясплатныя.

«Будзем удзячныя за данаты, калі нехта хоча дапамагчы «аКсяродку» аплаціць арэнду, бо яна не танная. А мы за свае лекцыі ніякіх грошай не просім, – кажа Андрэй Мялешка. – Мне найперш важна перадаць свае веды, якія я маю, бо ў мяне ж гістарычная адукацыя. І не важна нават, колькі людзей будзе прыходзіць. Першая сустрэча сабрала 12 чалавек. На другой было каля 10. Нават калі б прыйшлі 3 чалавекі, мы б гэта ладзілі. Для нас колькасць людзей не адыгрывае ролі. Пра гісторыю Беларусі мы можам распавядаць і двум, тром асобам. Нам не патрэбная масавасць, мы хочам падзяліцца ведамі з тымі, каму гэта цікава і патрэбна».

Занятак з кулінарыі для дзяцей у прасторы «аКсяродак».
Фота: Белсат

Цяпер «аКсяродак існуе цалкам на грошы сям’і Акуневічаў.

«Буду вельмі ўдзячная за данаты і падтрымку, – кажа Аксана. – А таксама можна прапанаваць любыя праекты, звязаныя з беларускасцю, якія хочацца рэалізаваць. Чым больш будзе беларускага, тым лепш для ўсіх».

Таксама можна прыходзіць і карыстацца прасторай як каўоркінгам і калернінгам. Калернінг і каўоркінг за дзень будуць каштаваць 20 лары (€ 7,3), гадзіна – 2,5 лары (€ 0,91). Рэзэрвацыя персанальнага месца будзе каштаваць 250 лары (€ 91,4) за месяц.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў