Да згортвання рынку нерухомасці засталіся лічаныя тыдні

Навіны пра мабілізацыю ў РФ пахіснулі аптымізм на беларускім рынку нерухомасці. Угоды не спыненыя, але пакупнікі і прадаўцы вывучаюць сітуацыю, чытаюць навіны ў забароненых каналах, спрабуюць вызначыць, дзе тыя выклікі і пагрозы, якія ўдараць менавіта па іхным дабрабыце. Але беларусы яшчэ не зразумелі, што адбылося: пакуль толькі запаволіліся.

З досведу

Першы раз навіны пра вайну ва Украіне ўдарылі ў момант абвяшчэння Расеяй «спецыяльнай вайсковай аперацыі». Тады першаю рэакцыяй беларускага рынку было заміранне. Колькасць угодаў упала да мінімуму, колькасць выстаўленага на продаж вырасла. Але да траўня знізіліся цэны, частцы насельніцтва ўдалося зняць сваю валюту з ашчадных банкаўскіх рахункаў. І рынак выбухнуў ад попыту. Адны куплялі, бо ратавалі валюту, другія – бо цана стала нарэшце прымальнай і вера ў стабільнасць мацнела з узмацненнем рубля.

Гаворка толькі пра кватэры ў гарадах. У прадмесці Менску павышанага попыту не зафіксавалі. Бо сучасны дом у прадмесці – гэта для людзей з даходамі, вышэйшымі за сярэднія, а яны альбо летам пераехалі, альбо назіралі за тым, што адбываецца, з думкаю пра магчымы неабходны пераезд.

На цэнах павышаны попыт не адбіўся. Ён добра гасіўся ростам спадчынных кватэраў (вынік пандэміі), ад якіх актыўна пазбаўляліся, і кватэрамі тых, хто сабраўся з’язджаць. Плюс актывізаваліся ланцужковыя ўгоды: хто захоўваў 20 тысячаў у банку, пастанавіў, што гэта добры час прадаць сваю аднапакаёвую кватэру і набыць двухпакаёвую, а то і трохпакаёвую.

Меркаванні
Колькі гадоў беларусу трэба ашчаджаць, каб набыць двухпакаёвую кватэру?
2022.09.23 17:41

Усё лета кватэры актыўна купляліся і прадаваліся, прычым на 40 % больш актыўна, чымся ў звычайныя гады. І ў верасні, як пішуць аналітыкі рынку нерухомасці, будзе таксама высокая колькасць угодаў. Бо рэгіструюцца тыя, паводле якіх папярэднія дамовы былі падпісаныя яшчэ ў жніўні.

Разлічвалі агенцтвы на ажыўленне да зімы – маўляў, да зімы заўсёды актывізуюцца тыя, хто хоча сустрэць Новы год у новай кватэры. Але цяпер уладальнікі рыэлтарскіх агенцтваў уздыхаюць: наўрад.

Што будзе?

Мяркуючы з навінаў, сотні тысячаў мабілізаваных расейцаў праз тры-чатыры тыдні адправяць на фронт. Гэта значыць, праз месяц абвесцяць вайну.

Пакуль частка патэнцыйных расейскіх мабілізаваных спрабуе схавацца на тэрыторыі РБ. У чаканні вылету ў Турцыю, ААЭ, Казахстан, Грузію – ды хоць куды, абы не браць у рукі зброі. Грамадзяне, якія здаюць кватэры на содні, зарабляюць. Але разумеюць, што заробкі гэтыя кароткія. Калі расейцы зразумеюць, што з аэрапортаў іх будуць везці наўпрост на вайну, плынь спадзе.

Hавiны
Ад Грузіі да Паўднёвай Карэі: куды і за колькі цяпер можна вылецець з Менску?
2022.09.23 19:27

Купляць тут кватэры расейцы не стануць. У чым сэнс, калі не схавацца ад мабілізацыі. Імаверна, частка беларусаў, якія атрымалі расейскае грамадзянства, але не выкінулі беларускага пашпарта, прыедуць сюды ў надзеі, што іх як грамадзянаў Беларусі не выдадуць. Хтосьці, напэўна, ужо нават купляе кватэру. Але гэта невялікая плынь, якая вычарпаецца за месяц-паўтара.

З моманту пачатку поўнамаштабнай вайны беларусы зноў будуць у ступары. Будзе не да нерухомасці.

Першыя застынуць тыя, хто хацеў новабудоўлю. Паколькі новабудоўлі збольшага маюць тэрміны здачы – канец 2023-га, а то і 2024 год. А што будзе ў канцы 2023-га, хто ведае? Прыпыненне продажаў – адзіная пагроза для забудоўнікаў, і яна нарастае з кожным днём. Самыя кемлівыя ўжо найбліжэйшымі днямі абвесцяць беспрэцэдэнтныя ўмовы, якія дазволяць заякарыць патэнцыйных дольнікаў і забяспечыць сябе плынню грошай на найбліжэйшыя пару гадоў. Накшталт безадсоткавых растэрмінаванняў і мінімальнага парогу ўваходжання ў долевую будоўлю.

Hавiны
Папярэдзьце родных. Топ-5 махлярстваў з кватэрамі, папулярныя ў Беларусі
2022.06.21 16:43

Пакінуць рынак другаснага жытла і тыя, хто думаў схаваць грошы ў бетонаметрах або палепшыць жыллёвыя ўмовы, прадаўшы маленькую, ды купіўшы вялікую кватэру.

Выйдуць з продажамі тыя, хто ўжо за мяжой і пакінуў бацькам даверанасці на продаж. Хто не пакінуў, той прайграў: заехаць у краіну яшчэ можна, з выездам ужо праблемы.

Паводле логікі развіцця падзеяў, да закрыцця межаў для ўсіх беларусаў мужчынскага полу ў краіны Еўропы (выключэнне – з гуманітарных меркаванняў) засталіся лічаныя тыдні. Пакуль ёсць надзея на Турцыю, Казахстан, ААЭ і Грузію, але і яна можа памерці за адзін дзень. Дый квіткоў ужо няма.

Ці будзе рынак нерухомасці хоць неяк жыць, залежыць толькі ад навінавай стужкі. Калі ўсе будуць сачыць за вайной і счытваць па міміцы Пуціна, ці гатовы ён націснуць ядравую кнопку, будзе наагул не да жытла.

Для тых, каму ёсць што прадаць і ў каго ёсць магчымасць з’ехаць, застаўся зусім невялікі часавы лаг: пакуль грамадзяне не ўсвядомілі маштабаў бедства. Далей попыт будзе блізкі да нуля.

І гэта базавы сцэнар для рынку нерухомасці да канца года. Пакуль не відаць нічога, што можа палепшыць яго.

Дзяніс Бетонны / АА, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў