Вынікі пошуку для:

«Перадае ўсім прывітанне». Жонка Алеся Бяляцкага атрымала першы асабісты ліст ад мужа

Жонка зняволенага праваабаронца Наталля Пінчук атрымала першы асабісты ліст-адказ ад Алеся Бяляцкага з моманту яго затрымання.

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага перад парыжскай штаб-кватэрай Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека 9 лютага 2012 года. Фота: RFI / Gorbanevsky

За два месяцы гэта адзіны ліст, дзе напісана, што ён атрымаў ліст ад яе.

«Значыць, гэта адзіны ліст ад мяне, які ён атрымаў», – адзначае жонка праваабаронцы.

Па словах Наталлі, негатыўнай інфармацыяй Алесь Бяляцкі яе не расстройвае, «піша, што ўсё нармальна» і перадае ўсім прывітанне. Дзеліцца, што цяпер чытае кнігу Харукі Марукамі «Паляванне на авечак».

Учора, 25 верасня, Алесь Бяляцкі адзначыў свой дзень нараджэння за кратамі. Яму споўнілася 59 год.

Заснавальнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў») Крымінальнага кодэксу. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску. Алесь Бяляцкі прызнаны палітвязнем.

У свеце прайшлі акцыі салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны»

Падтрымаць затрыманых праваабаронцаў «Вясны» можна па адрасах:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк);
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца).

Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны