Не зламаныя дыскрымінацыяй. Як пачуваюцца беларусы ў эміграцыі пасля пачатку вайны


Беларусы замежжа не падтрымліваюць дзеянняў уладаў, выступаюць супраць вайна і гатовыя дапамагаць Украіне, нягледзячы на дрэннае стаўленне і дыскрымінацыю паводле пашпарта. Такія асноўныя вынікі даследавання «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя», праведзенага беларускімі сацыёлагамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Aleksander Kalka / Zuma Press / Forum

З пачатку вайны ва Украіне Беларусь афіцыйна сталася суўдзельніцаю расейскай агрэсіі, а беларусы ў сваю чаргу аказаліся грамадзянамі дзяржавы-суагрэсара. Гэта паставіла беларусаў у Польшчы, Літве, Грузіі ды іншых краінах, якія актыўна падтрымліваюць Украіну, у няпростае становішча.

Група беларускіх сацыёлагаў пад кіраўніцтвам кандыдата сацыялагічных навук Алега Алампіева і незалежнага сацыёлага Філіпа Біканава даследавала стаўленне беларусаў у эміграцыі да вайны ва Украіне і праблемы дыскрымінацыі беларусаў паводле пашпарта. Прыводзім самае цікавае з даследавання, якое 26 жніўня прэзентаваў сацыёлаг Філіп Біканаў.

Збіраліся звесткі метадам онлайн-апытання, спасылкі распаўсюджваліся ў групах беларускіх мігрантаў і рэлакантаў у сацыяльных сетках. Большасць апытаных маюць вышэйшую адукацыю, прыкладна на палову – мужчыны і жанчыны.

Характарыстыкі апытаных. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Беларусы ў эміграцыі не падтрымліваюць Лукашэнкі і займаюць бок Украіны ў вайне

Сярод беларусаў у Польшчы, Літве і Грузіі практычна няма асобаў, якія б падтрымлівалі Лукашэнку і ягоны ўрад. Кансэнсус назіраецца таксама ў пытанні, які бок падтрымліваюць беларусы ў цяперашняй вайне: 94–96 % апытаных – на баку Украіны.

Адабрэнне дзеянняў Лукашэнкі. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022
Падтрыманне бакоў у вайне. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Не менш за траціну апытаных згаджаюцца з тым, што Беларусь мае дачыненне да пачатку вайны, у той час як галоўную віну практычны ўсе ўскладаюць на Расею.

Краіны, вінаватыя ў вайне. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Дапамога ўкраінцам

Больш за 70 % з’ехалых беларусаў у кожнай краіне (у Польшчы – 83 %) прынялі ўдзел у дапамозе ўкраінцам. Дапамога не віртуальная, а цалкам рэальная, беспасярэдняя: збор і перадача рэчаў і прадуктаў для ўцекачоў, дапамога з жытлом, правядзенне акцыяў, удзел у мітынгах ды іншае. Самая папулярная форма падтрымання – удзел у мітынгах і пералік грошай.

Падтрыманне бакоў у вайне. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Беларусы ў Польшчы часцей выбіраюць менавіта беспасярэднія спосабы дапамогі ўкраінцам. Менавіта ў Польшчы цяпер найбольш украінцаў, якія беглі ад вайны і патрабуюць дапамогі, у той час як у Літве і Грузіі ўкраінцаў адносна няшмат.

Спосабы ўдзелу ў дапамозе Украіне. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Абразы і адмова ў абслугоўванні: дыскрымінацыя беларусаў паводле нацыянальнай прыкметы

Большая частка беларусаў, якія з’ехалі ў Польшчу і Грузію, сутыкнуліся з праявамі дыскрымінацыі асабіста ці ўскосна пасля пачатку вайны ва Украіне. На меркаванне сацыёлагаў, гэта звязана з падтрыманнем афіцыйнымі ўладамі Беларусі расейскай агрэсіі ды ўскладаннем часткаю насельніцтва Польшчы і Грузіі адказнасці на беларусаў, якія цяпер жывуць у гэтых краінах.

У Літве маштаб гэтай праблемы нашмат меншы, большасць беларусаў не адчулі на сабе ніякага негатыўнага стаўлення, ведаюць пра такія выпадкі толькі з расповедаў. Сацыёлаг Філіп Біканаў адзначае, што гэта, магчыма, звязанае з трыма фактарамі: літоўцы добра разумеюць сутнасць пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе і рэпрэсіяў, што адбываюцца ў краіне, у Літве вялікая доля насельніцтва, якая размаўляе па-расейску (у Вільні – 60 %), у гэтую краіну эмігравала адносна няшмат украінцаў.

Сутыкненне беларусаў з дыскрымінацыяй і непрыязнасцю асабіста ці ўскосна. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022
Дэклараваныя выпадкі дыскрымінацыі ці непрыязнасці. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Найчасцей беларусы ўва ўсіх трох краінах сутыкаліся з абразамі, прыніжальнымі каментарамі падчас асабістай камунікацыі з незнаёмцамі і ў інтэрнэце.

Больш за 1/5 беларусаў сутыкаюцца з інстытуцыйнаю дыскрымінацыяй: адмаўляюць у жытле, абслугоўванні ў банках. Гэтак, напрыклад, больш за 30 % беларусаў у Літве і Грузіі, якія заявілі пра выпадкі дыскрымінацыі, сутыкнуліся з адмоваю ў жытле, у Польшчы больш за 24 %, а ў Грузіі больш за 33 % адмовілі ў абслугоўванні ў банках.

Праявы дыскрымінацыі ці непрыязнасці. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Дыскрымінацыя і непрыязнае стаўленне да беларусаў у Польшчы часцей ідзе ад украінцаў. У Літве такія выпадкі крыху часцей прыходзяцца на літоўцаў. У Грузіі сітуацыя кардынальна іншая: абсалютная большасць негатыўнага стаўлення ідзе ад мясцовага насельніцтва. Эксперты гэта звязваюць з тым, што ў Літву з’ехала нашмат менш украінскіх уцекачоў, чымся ў Польшчу ці Грузію. Да таго ж, грузіны агулам кепска ведаюць пра беларускі крызіс і працэсы, што адбываюцца ў Беларусі з 2020 года.

Іншымі словамі, чым далей ад Украіны, тым радзей негатыўнае стаўленне ідзе беспасярэдне ад украінцаў.

Нацыянальнасць асобаў, пры ўзаемадзеянні з якімі мелі месца выпадкі дыскрымінацыі і непрыязнасці. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Згодна з даследаваннем, беларусы ў Польшчы лічаць праблему дыскрымінацыі нашмат больш важнай і востраю, чымся беларусы ў Літве і Грузіі, значна часцей адзначаюць важнасць праблемы пры досведзе негатыўных стасункаў з украінцамі.

Тым не менш, не зважаючы на выпадкі дыскрымінацыі, большасць беларусаў ува ўсіх краінах плануе і ў будучыні дапамагаць Украіне ды ўкраінцам.

Планаванне дапамогі Украіне і ўкраінцам сярод беларусаў. Здымак экрана з онлайн-прэзентацыі «Беларусы ў Польшчы, Літве, Грузіі: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя». 26.08.2022

Галоўныя высновы

  1. Погляды практычна ўсіх беларусаў у эміграцыі ў Польшчы, Літве і Грузіі не супадаюць з дзеяннямі Лукашэнкі ды ягонага рэжыму, у сувязі з чым варта іх падзяляць.
  2. Беларусы ў Польшчы, Літве і Грузіі падтрымліваюць Украіну, выступаюць рэзка супраць расейскай агрэсіі, пры гэтым шмат хто лічыць Беларусь суўдзельніцаю вайны на баку Расеі.
  3. Дыскрымінацыя і непрыязнасць на нацыянальнай глебе сталіся часткаю сацыяльнай рэальнасці ў Грузіі ды Польшчы, у меншай ступені – у Літве.
  4. Беларусы агулам значна больш востра ўспрымаюць негатыў з боку ўкраінцаў, чымся ад мясцовага насельніцтва.
  5. Нормаю для беларусаў ёсць дапамога Украіне нават пры наяўнасці дыскрымінацыі з боку ўкраінцаў і мясцовага насельніцтва.
  6. Беларусам у эміграцыі важна самаарганізоўвацца, адвакатаваць свае правы ды інтарэсы, а таксама паказваць, што беларусы супраць вайны і выступаюць на баку Украіны.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў