«Кінулі костку». Беларускія чыноўнікі з верасня пачнуць жыць па-новаму


З 1 верасня ў Беларусі набудзе моц абноўлены закон «Аб дзяржаўнай службе». Недзе чыноўнікаў чакаюць новыя льготы, а недзе – і новыя абавязкі. Што канкрэтна мяняецца ў жыцці беларускіх дзяржаўных службоўцаў, а што застаецца ранейшым – у матэрыяле «Белсату».

Будынак Менгарвыканкаму.
Фота: АВ / Белсат

Мінулая рэдакцыя закону «Аб дзяржаўнай службе» дзейнічала яшчэ з 2003 года. Пра неабходнасць зменаў казалі не адзін год. Аб патрэбе рэфармаваць закон Аляксандр Лукашэнка заявіў і перад самымі выбарамі – 4 жніўня 2020 года. Прычына такой увагі – незадаволенасць чыноўнікаў, на якіх «трымаецца кіраванне краінай», тым, што «хочацца больш і што прэзідэнт стары, не дае працаваць».

На час масавых пратэстаў на гэтую тэму публічна забыліся і вярнуліся да яе ў лютым 2021-га. На Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка казаў пра неабходнасць шырэй выкарыстоўваць адстаўнікоў з сілавых структураў на цывільных пасадах, што цяпер і адбываецца. А саму працу чыноўнікаў прапанаваў змяніць пад блізкую да вайсковай:

«Мы сёння звярнуліся да Закону аб дзяржаўнай службе. І там, як у вайскоўцаў, будзе адпаведны статут, кодэкс, патрабаванні да дзяржаўных службоўцаў. Так, ён будзе ўзняты на небывалую вышыню, але і патрабаваць з яго дзяржава будзе больш, чым з вайскоўцаў».

Пазнаць прадстаўніка рэжыму здалёк

Прыдумаў Лукашэнка і своеасаблівае кляймо для чыноўнікаў – нагрудны значок, які яны мусяць насіць штодня, і не толькі на працы. З яго дапамогай іншыя змогуць бачыць здаля прадстаўніка рэжыму.

«Нам трэба ў законе дакладна прадугледзець, каб кожны дзяржаўны службовец у грамадстве, у штодзённым жыцці нечым вылучаўся. Напрыклад, значок дзяржаўнага сцяга. Калі ты дзяржаўны службовец, ты павінен вонкава вылучацца ў грамадстве для таго, каб да цябе маглі звярнуцца людзі па дапамогу, параду, падтрыманне і проста з табой пагаварыць. Менш будуць бегаць у прыёмныя і менш будуць пісаць лістоў. І другое – гэта тэст для любога дзяржаўнага службоўца: ён павінен ганарыцца тым, што ён дзяржаўны службовец. У адваротным выпадку не трэба яму быць дзяржаўным службоўцам», – тлумачыў 6 траўня 2021-га свае ідэі Лукашэнка.

А вось высокіх заробкаў за гэта ім не абяцаў, бо чыноўнік мае быць «сціплым, прыстойным чалавекам і ў плане матэрыяльнага забеспячэння».

На рыхтаванне і прыняцце закону сышло яшчэ больш як год. Затым за два дні – 12 і 13 траўня 2022 года – яго зацвердзілі ў абедзвюх палатах парламенту, і 1 чэрвеня дакумент быў падпісаны. 1 верасня ён мае пачаць дзейнічаць.

«Не трэба меркаваць, што сутнасць зводзіцца да таго, што ён будзе даваць нейкія прэферэнцыі або льготы. У большай ступені павышаецца патрабавальнасць да дзяржаўных службоўцаў», – казаў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.

Жыццё і праца па-вайсковаму

Закон замацоўвае цэласную сістэму дзяржаўнай службы, што ўключае дзяржаўную цывільную службу, вайсковую службу і службу ў ваенізаваных арганізацыях (Следчым камітэце, Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК і іншых). Патрабаванні да працы чыноўнікаў цяпер збліжаныя з патрабаваннямі да вайскоўцаў, хоць дзейнасць апошніх надалей рэгулюецца адмысловымі дакументамі.

У законе змяніліся прынцыпы, на якіх будуецца дзяржслужба: дададзены прынцып «эфектыўнасці», а прынцып «галоснасці» заменены на прынцып «адкрытасці і празрыстасці». Таксама выдаленыя прынцыпы «гуманізму і сацыяльнай справядлівасці», «адзінства сістэмы дзяржаўнай службы і яе дыферэнцыяцыі зыходзячы з канцэпцыі раздзялення ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую», «добраахвотнасці паступлення грамадзянаў на дзяржаўную службу». Прычыны такіх зменаў не тлумачацца.

Фота: Белсат

Закон узмацняе патрабаванні да дысцыпліны і адказнасці чыноўнікаў. Вызначаецца паняцце службовай дысцыпліны, замацоўваецца агульнае патрабаванне да этычных паводзінаў, уводзіцца новая мера дысцыплінарнага спагнання – строгая вымова, хоць і выключаецца паніжэнне ў класе на тэрмін да шасці месяцаў.

У законе замацаваныя 18 правілаў этычных паводзінаў чыноўнікаў, якія яны павінны выконваць незалежна ад пасады, у тым ліку ў вольны ад службы час. Таксама яны маюць быць асцярожнымі ў сацсетках, каб не распаўсюджваць забароненай інфармацыі і звестак, што могуць нанесці шкоду іх рэпутацыі і аўтарытэту ўлады агулам.

Таксама замацоўваецца перыядычнасць павышэння чыноўнікамі кваліфікацыі – як правіла, адзін раз на тры гады, але не радзей за адзін раз на пяць гадоў.

«Дыскрэдытаваным» не месца на дзяржслужбе

Абнаўляецца сістэма класаў, паводле якой кожнай цывільнай пасадзе будзе адпавядаць адзін клас цывільнага службоўца. Цяпер будзе прысутнічаць вышэйшы клас (падзелены на тры рангі) і дзевяць звычайных класаў (раней быў адзін вышэйшы і 12 звычайных). Уводзяцца і прапанаваныя Лукашэнкам значкі.

Аналітыка
«Улады паставілі сілавікоў нароўні з «палітычнымі». Чым пагражае Беларусі жалезная заслона?
2022.07.14 18:41

Асаблівая ўвага ў новым законе надаецца кадраваму рэзерву кіраўніка дзяржавы. Цяпер гэта не проста спіс кіроўных пасадаў, а сістэма ўліку з асаблівым парадкам падбору, у тым ліку з адмысловымі патрабаваннямі да дзелавых і асобасных якасцяў кандыдата. Змены ў закон надаюць кіраўніку краіны права ўсталёўваць парадак фармавання кадравага рэестру і праверкі звестак. Таксама адмяняецца забарона збіраць інфармацыю пра асабістае жыццё кандыдатаў і іх блізкіх.

Да пасадаў з кадравага рэестру прыкладаецца асаблівая дысцыплінарная адказнасць. Людзі, якіх прызначаюць на пасады з гэтага рэзерву, не будуць праходзіць конкурсу, здаваць іспыт і праходзіць выпрабавальны тэрмін.

Фармалізм застанецца

Асноўнай мэтай распрацоўкі закону было «кінуць нейкую костку дзяржслужбоўцам, якой няма ў бюджэце і не праглядаецца». Пра гэта заявіў у каментары «Белсату» юрыст Арцём Праскаловіч, адказны ў Народным антыкрызісным упраўленні (НАУ) за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне, які раней працаваў у Міністэрстве юстыцыі і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

«Па вялікім рахунку ўсе дзяржслужбоўцы чакалі, што там [у законе. – Рэд. Belsat.eu] будуць нейкія для іх выгоды. Бо казаць, што ў нас дзяржслужбоўцы атрымліваюць вялікія выгоды ці маюць нейкія льготы, не даводзіцца. Але новы закон наўрад ці прывядзе да таго, што на практыцы палепшыцца матэрыяльнае становішча», – распавёў юрыст.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, адказнасць і патрабаванні на чыноўнікаў ускладаюць несуразмерныя з памерам матэрыяльнага ўзнагароджання. Але асноўны курс на сёння ўзяты не на павышэнне дабрабыту дзяржаўных службоўцаў, а на павышэнне іхнай лаяльнасці, хоць гэта наўпрост і не прапісанае ў дакуменце, мяркуе Арцём Праскаловіч.

Фота: Белсат

У любым разе, на ягоную думку, з улікам беларускай сітуацыі, калі «не да законаў», не так і важна, што будзе запісана ў законе, бо «на практыцы будзе так, як патрэбна сітуацыйна рэжыму».

«Чыноўнікі разумеюць, што на практыцы нічога не зменіцца. Фармалізм у працы, адсутнасць аб’ектыўных крытэраў як планавання дзейнасці, так і яе ацэнкі застануцца. Усё роўна ўсё будзе працягваць рабіцца ў ручным рэжыме, як гэта ў нас робіцца ва ўсім дзяржсектары. Што планавацца, што ацэньвацца, што ставіцца патрабаванні – усё будзе рабіцца «з калёсаў», – падкрэсліў прадстаўнік НАУ.

Няма зразумелых арыенціраў

Паводле Арцёма Праскаловіча, дзяржслужбоўцаў найбольш нервуе тое, што яны не маюць перад сабою зразумелых арыенціраў, нават у палітыцы рэжыму.

«Сёння Лукашэнка кажа адно, а заўтра – на 180 градусаў іншае. І сцвярджае, што ніколі не казаў таго, што было ўчора», – нагадаў суразмоўца.

Таму, мяркуе юрыст, нават калі дзякуючы новаму закону матэрыяльныя ўмовы чыноўнікаў палепшацца, гэта не здолее кампенсаваць «усёй той нагрузкі, усіх тых падыходаў, якія сёння існуюць» – адсутнасці сучаснага менеджменту, дакладна прапісаных працэдураў або іх невыканання.

«Калі нешта зрабіць за два дні, а не за дзесяць, як прапісана ў заканадаўстве, то будзе зроблена за два дні. А калі трэба пратрымаць тэрмін, пачакаць, то нават калі ў інструкцыі прапісана, што дакумент павінен быць разгледжаны за пяць дзён, то калі адміністрацыя палічыць патрэбным, яго могуць трымаць два тыдні ці месяц. І ніхто за гэта не панясе адказнасці, бо «так трэба было», – тлумачыць схему працы беларускага дзяржапарату юрыст.

Hавiны
«Галоўнае цяпер – чысціня кадраў». Дзяржслужачыя пра працу «да канца» і рост заробкаў
2021.12.28 11:51

Арцём Праскаловіч нагадаў, што Лукашэнка неаднаразова пагражаў пакараць чыноўнікаў за невыкананне нейкіх даручэнняў, але ў горшым выніку «адбываецца перасаджванне адных і тых самых людзей з адной пасады на іншую». Пры гэтым вінаваты не губляе працы ды не нясе ніякай адказнасці, хоць усе механізмы прапісаныя ў заканадаўстве.

«Адзіная адказнасць, якая ў нас распаўсюджаная, – гэта крымінальная за карупцыйныя злачынствы. Але яна таксама ўжываецца ў ручным рэжыме праз узгадненне з Лукашэнкам у дачыненні ўсіх больш-менш значных кіраўнікоў дзяржаўнага апарату», – падкрэсліў юрыст.

Таму, падсумоўвае прадстаўнік НАУ, непасрэдна ад нормаў новага закону чыноўнікі нічога не чакаюць. Толькі ад таго, як яны будуць ужывацца на практыцы.

Якія патрэбныя рэформы

Што датычыць сапраўднага рэфармавання дзяржапарату, то перадусім трэба пазбаўляцца ад дзяржаўных прадпрыемстваў ды ад абавязкаў міністэрстваў і ведамстваў кіраваць і сачыць за імі.

«Бо атрымліваецца замкнёнае кола. Спачатку выдаюць бюджэтныя грошы, потым сочаць, каб яны былі правільна скарыстаныя. Калі яны няправільна скарыстаныя, да чалавека пачынаюць ужываць адказнасць, у большасці выпадкаў крымінальную. Такім чынам, усе занятыя, аднак эфектыўнасці працы ўсёй сістэмы ніякай», – кажа Арцём Праскаловіч.

Аналітыка
«Чыноўнік у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар». Як «Мотавела» дакацілася да такога жыцця
2022.08.16 19:37

Таксама, паводле яго, трэба пераацаніць астатнія функцыі дзяржаўных службоўцаў і адмовіцца ад тых, якія могуць ажыццяўляцца прыватнымі інстытутамі. Цяпер жа гэта, кажа юрыст, усё трымаецца дзяржавай, каб мець магчымасць кантраляваць усе сферы жыцця грамадства. Сам жа дзяржапарат павінен толькі выпрацоўваць стратэгічныя падыходы да развіцця краіны.

Таксама павінен быць зменены і сам падыход да працы чыноўнікаў: з рэпрэсіўнага да таго, калі дзяржава імкнецца дапамагчы асобным людзям і бізнесам. Юрыст падкрэсліў, што імкненне трымаць усё грамадства ў страху патрабуе «неймаверных выдаткаў». Пазбаўленне ж ад рэпрэсіўнага складніка павінна як аптымізаваць колькасць дзяржслужбоўцаў, гэтак і палепшыць якасць іх працы.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў