Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 26 жніўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 24 жніўня.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Праваабаронцы паведамляюць, што 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі палітвязняў. Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя. Ва ўстанове знаходзіцца прынамсі 14 палітвязняў.

Hавiны
У Крупках АМАП прыехаў на «хімію»: збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку»
2022.08.26 21:19

Стала вядома, што 25 жніўня затрымалі жонку палітвязня Анатоля Латушкі – Алену. У доме Алены Латушка адбыўся ператрус у межах справы паводле арт. 342 КК. Палітвязень Анатоль Латушка – стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі, які ўваходзіць у кабінет на чале са Святланай Ціханоўскай ды ўзначальвае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

Hавiны
Затрымалі жонку стрыечнага брата Паўла Латушкі
2022.08.26 16:58

Таксама і супраць Сяргея Франчука, стрыечнага брата Вадзіма Кабанчука – намесніка камандзіра палка Каліноўскага, пачалі крымінальную справу за грубае парушэнне парадку (арт. 342 КК). 32-гадовы бабруец мусіў выйсці на волю пасля 15 содняў адміністратыўнага арышту за непадпарадкаванне міліцыі, але застаўся за кратамі.

Hавiны
На стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу
2022.08.26 12:09

Удаву забітага ў сябе ўдома сілавікамі Андрэя Зельцара Марыю Успенскую перавялі з «Валадаркі» ў «Навінкі». 16 чэрвеня палітзняволенай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў жодзінскую турму. Рашэнне змяніць яму рэжым прынялі яшчэ 11 жніўня. А палітзняволенаму палітыку Мікалаю Статкевічу ў калоніі не перадалі ніводнага віншавання да дня народзінаў.

Палітвязень Станіслаў Паўлінковіч амаль 20 сутак знаходзіцца ў ШІЗА папраўчай калоніі № 1 Наваполацку. Мужчыну змясцілі туды яшчэ 7 жніўня. Пасля пераводу ў калонію на пачатку лета, адміністрацыя ўстановы рэгулярна змяшчае вязня ў ШІЗА.

Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк ў калоніі № 24 таксама змясцілі ў штрафны ізалятар. 10 содняў пакарання Паліна ўжо адбыла, застаецца яшчэ 10 содняў. Да гэтага Паліна Шарэнда-Панасюк адбывала тэрмін у гомельскай калоніі № 4, дзе яе таксама неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Акрамя карцару, жанчыну пазбаўлялі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону.

Hавiны
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк у новай калоніі змясцілі на 20 содняў у карцар
2022.08.26 13:44

У Магілёве працаўнікі ГУБАЗіКу і мясцовага АМАПу затрымалі мужа і жонку – Яўгена і Вольгу Пруднікавых. Фармальнай прычынай для гэтага стала тое, што сямейная пара ездзіла ў 2020 годзе на акцыі пратэсту ў Менск. У іх удома быў праведзены ператрус. У затрыманай сям’і Пруднікавых ёсць аднагадовае дзіця.

Таксама паведамляецца пра затрыманне Кірыла і Марыі Ясінскіх, якія жывуць у ЖК «Каскад». У віну ім ставяць удзел у акцыях пратэсту з выхадам на дарогу, дваровыя чаяванні ў «Каскадзе», а таксама падпіску на «экстрэмісцкія» twitter-акаўнты.

Апроч таго, ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Менску Наталлю Азарэвіч – жанчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Затрыманы таксама дырэктар ТАА «Муссорт», якое займаецца перапрацоўкай розных адкідаў, Вадзім Слівінскі. Ён браў з сабой у замежныя вандроўкі ў горы нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

На 5 верасня прызначаны суд над падпісантам ліста спартоўцаў супраць гвалту Уладзімірам Бранавіцкім. 54-гадовага майстра спорту ў паўэрліфтынгу абвінавачваюць у тым, што са студзеня па чэрвень ён развешваў «пратэставую сімволіку» на лініях электраперадач у Баранавічах, а таксама на тэрыторыях Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Супраць яго распачалі крымінальную справу за хуліганства паводле арт. 339 КК.

У Горадні суд аштрафаваў на 480 рублёў намесніка дырэктара аднаго з беларускіх прадпрыемстваў за тое, што ён сядзеў, калі напачатку футбольнага матчу граў гімн паміж мясцовым «Нёманам» і барысаўскім БАТЭ. Гэта стала прычынай для адміністрацыйнага пераследу: на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.54 КаАП («Незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь»).

А жонку праваслаўнага святара пераследуюць за перапосты ў сацсетках. Яе затрымалі падчас рэлігійных святаў і пагражалі зняволеннем да суда, а пасля асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») за фота мужа ў сацсетках з лагатыпам «экстрэмісцкага» медыя. Матушку выклікалі на прафілактычныя гутаркі, пагражалі арыштам яе і мужа, а таксама тым, што паставяць сям’ю на ўлік як «сацыяльна-небяспечную».

У Рэспубліканскую камісію ў пытаннях экстрэмізму пасля звароту ў Міністэрства культуры накіравалі кнігі Нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Яна можа стаць першай нобэлеўскай лаўрэаткай, якая стварыла «экстрэмісцкі кантэнт».

Таксама Генпракуратура распачала крымінальную справу за нібы адмаўленне генацыду беларускага народу на сайтах «Флагшток» і «Зеркало». Іх дзеянні кваліфікаваныя паводле ч.1 арт.130-2 КК.

Аб’ектыў
Прыхаваная праўда: у архівах і ў зямлі
2022.08.26 22:44

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў