Даўгабуды Менску: чыя гэта безгаспадарлівасць і што з імі рабіць? Гутарым з урбаністкай


Улады пастанавілі ўзяцца за даўгабуды Менску. Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з незавершанымі будоўлямі ў сталіцы, назваў іх «помнікамі безгаспадарлівасці», загадаў завершыць працы бліжэйшым часам, у адваротным выпадку – паабяцаў «кардынальныя меры». «Белсат» пагутарыў з урбаністкай з Менску пра тое, чыя ж гэта насамрэч безгаспадарлівасць, як даўгабуды ўплываюць на гарадскі асяродак і што з імі рабіць.

Недабудаваныя гатэлі і спробы іх рэанімаваць

Даўгабудаў у Менску сапраўды хапае. Найбольш вядомыя з іх – гатэльныя комплексы, як, напрыклад, так званы «Не-Кемпінскі» у парку Горкага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гатэльны комплекс «Кемпінскі».
Фота: Белсат

Указ аб будаўніцтве комплексу быў падпісаны яшчэ ў 2010 годзе. Адкрыць пяцізоркавы гатэль сеткі «Kempinski» планавалася да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Але гатэлю так і не пабудавалі, а потым прадалі яго расейскаму «Сбербанку», які пагасіў запазычанасці памерам $ 50 млн. «Сбербанк» абяцаў дабудаваць комплекс да канца 2021 года, а ў пачатку 2022 года туды мусіў пераехаць офіс беларускага «Сбер Банку» (былы «БПС-Сбербанк»). Банк сапраўды пакрысе пачаў пераязджаць, цяпер у «Не-Кемпінскі» па адрасе праспект Незалежнасці, 32а-1 знаходзіцца Цэнтральны апарат ААТ «Сбербанк». Сёлета ўвесну старшыня Менгарвыканкаму Дзмітрый Мікулёнак анансаваў, што комплекс дабудуюць да канца 2022 года.

Яшчэ адзін гатэль-даўгабуд у Менску – «Novotel» на Маякоўскага. Памятную капсулу на месцы будаўніцтва заклалі яшчэ ў 2013 годзе. Працы распачынала фірма «Лада ОМС-Інжынірынг», аднак праз адсутнасць фінансавання праект не быў рэалізаваны. У жніўні 2020 года новая дамова была падпісаная з «ЦПМ – Цэнтр прафесійнай медыцыны», які паабяцаў у верасні 2024 года завяршыць будаўніцтва гатэлю з медычным цэнтрам.

Да чэмпіянату па хакеі 2014 года планавалі пабудаваць яшчэ адзін гатэль – сеткі «Hyatt».

З’явіцца ён мусіў на Камсамольскім возеры. Будаўніцтва распачалося ў 2010 годзе, аднак неўзабаве кампанія-замоўца збанкрутавала. У 2016 годзе будынак выставілі на гандляванні, аднак так і не прадалі. У жніўні 2022 года стала вядома, што з недабудаванага гатэлю плануюць зрабіць жылы комплекс.

Гандлёвыя цэнтры і шматфункцыйныя комплексы, якія засталіся толькі праектамі

Адзін з самых старых даўгабудаў беларускай сталіцы – шматфункцыйны комплекс «Магніт Менску». Яго будаўніцтва задумала ў 2006 годзе іранская кампанія «Кейсон» на пустцы за станцыяй метро «Усход». Пачалося будаўніцтва ў 2009 годзе, скончыць яго абяцалі да 2013-га. У 2014 годзе тэрміны здачы працягнулі да 2016 года, а потым Лукашэнка прызначыў новы тэрмін – да 2018 года. У выніку комплекс дагэтуль не ўведзены ў эксплуатацыю.

Яшчэ адзін даўгабуд – «Газпром-цэнтр». Дзеля яго ў 2014 годзе знеслі аўтавакзал «Маскоўскі». Будаўніцтва шматфункцыйнага цэнтру «Газпрам» пачаў у 2016 годзе, тады ж, у жніўні, яно было спыненае. У красавіку 2020 года працы на будаўнічай пляцоўцы актывізаваліся, але ў 2021 годзе зноў былі спыненыя нібыта з прычыны непаразумення паміж замоўцам і генеральным падраднікам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будоўля «Газпрам-цэнтру» на месцы Маскоўскага аўтавакзалу.
Фота: Белсат

У другой палове 2000-х гадоў недалёка ад станцыі метро «Пушкінская» пачалі будаваць гандлёвы цэнтр «Гулівер». Ён меўся стаць найбуйнейшым гандлёва-забаўляльным цэнтрам у Менску. Аднак у 2015 годзе працы спыніліся. А на пачатку бягучага года першы намеснік старшыні Менгарвыканкаму Дзмітрый Мікулёнак заявіў, што «Гулівер» усё ж дабудуюць – у 2026 годзе.

Даўгабуды разрываюць арганізм гораду

Чаму гэтыя праекты сталі даўгабудамі? Што з імі рабіць – зносіць ці перабудоўваць? Наколькі яны ўпісваюцца ў гарадскі ландшафт? Мы задалі гэтыя пытанні ўрбаністцы Вользе з Менску (імя змененае на жаданне эксперткі).

– Спадарыня Вольга, з якой прычыны будоўлі робяцца даўгабудамі?

– Спачатку трэба разабрацца, што такое даўгабуд. Гэта не толькі архітэктурнае збудаванне, нейкі будынак, мост, дарога, на якім даўно не вядуцца будаўнічыя працы. Гэта таксама збудаванне, якое існуе толькі на стадыі праекту, але і ў такім выглядзе ўжо ўплывае на гарадскі асяродак.

Прычынамі з’яўлення даўгабудаў могуць быць фінансавыя ўмовы, абцяжарванні, якія дзяржава накладае на пэўную тэрыторыю, памылкі на ўзроўні праектавання і будаўніцтва, а таксама непрадказальныя вонкавыя ўмовы.

Калі ў дзяржаве няма фінансавай стабільнасці, гэта вельмі ўплывае на колькасць і якасць будаўніцтва. Могуць мець значэнне вонкавапалітычныя праблемы, як гэта было з аўтавакзалам «Маскоўскі», на месцы якога «Газпром» будаваў свае вежы, а потым будаўніцтва было замарожанае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будаўніцтва гатэльнага комплексу на месцы былога павільёну «БелЭкспа».
Фота: Белсат

– Як даўгабуды ўплываюць на горад?

– Горад – гэта жывы арганізм, які функцыянуе як цэльнае асяроддзе, а ўсё недабудаванае, а таксама нейкія рэжымныя аб’екты, трасы разрываюць горад на часткі і тым самым робяць яго нязручным для жыхароў. У такім выпадку людзі не могуць карыстацца пэўнай тэрыторыяй, з ёй узаемадзейнічаць. І гэта рэальная гарадская праблема.

«Сістэмная праблема, якая запускаецца на ўзроўні дзяржавы»

– Лукашэнка назваў даўгабуды «помнікамі безгаспадарлівасці». Чыя насамрэч гэта безгаспадарлівасць?

– Гэта сістэмная праблема, якая запускаецца на ўзроўні дзяржавы, якая будуе такія зносіны з забудоўнікамі – на недаверы: дзяржавы да забудоўнікаў, забудоўнікаў да дзяржавы. Дзяржава імкнецца зарабіць на забудоўніках. Забудоўнікі, у сваю чаргу, – на гараджанах. Гэта адбіваецца на якасці праектаў. Каб разарваць гэтае кола, трэба пачынаць з дзяржаўнай палітыкі – з інвестыцыяў у жыллёвую, публічную забудову. Забудоўнікі мусяць мець гарантыі, што ў іх не забяруць тэрыторыю і што ім не трэба заводзіць знаёмствы ў пэўных колах, каб не мець праблемаў. Таксама не варта аддаваць значныя часткі гарадской тэрыторыі аднаму забудоўніку.

– Навошта Менску такія грандыёзныя праекты, як той жа «Не-Кемпенскі», ГЦ «Гулівер»?

– Я не лічу, што гэта нейкія грандыёзныя праекты. І калі б яны былі пабудаваныя ў іншых месцах пры іншых абставінах, то былі б звычайнымі праектамі, і мы б не казалі пра іх як пра грандыёзныя. Аднак у тых месцах, дзе яны ёсць, яны прыцягваюць увагу, так.

На маю думку, гораду такія пабудовы не патрэбныя. У Менску ёсць вельмі шмат цікавага, за што нам трэба трымацца – тыя ж гістарычныя рэчы, якія мы не паважаем, але нам з імі трэба найперш працаваць, замест таго, каб будаваць усё новыя і новыя будынкі, якія не рэалізуюць патэнцыялу гораду, а наадварот, разбураюць гарадскі асяродак. Напэўна, такія аб’екты закрываюць «комплексы» ўладаў ці архітэктараў, але ніякай карысці для гораду не нясуць.

– Пры якіх умовах могуць быць дабудаваныя гэтыя гмахі і ці трэба іх дабудоўваць?

– Залежыць ад будынку. Некаторыя можна дабудаваць і пераэксплуатаваць, у іншыя трэба ўкладаць шмат грошай. І гэта адзіная ўмова, пры якой яны могуць быць дабудаваныя – калі знойдзецца чалавек ці кампанія, якія будуць фінансаваць.

З жыллёвымі даўгабудамі больш складаная гісторыя. Калі людзі ўклаліся ў праект, а забудоўнік прагарэў, мусіць быць дапамога з боку дзяржавы, каб гэтыя людзі не страчвалі сваіх грошай і маёмасці.

Будаўніцтва, пад'ёмныя краны, будаўнічыя працы, будаўнікі, новабудоўля, Менск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будаўніцтва жылых дамоў каля рынку ў Ждановічах.
Фота: Белсат

Калі ж прымаць рашэнне аб зносе, то варта задумвацца пра наступствы, памятаць, што мы атрымаем шмат будаўнічага смецця, праблему сетак, якія ўжо падведзеныя да будынку. Мы ўжо маем гэты будынак, ад чаго нам і трэба адштурхоўвацца. І я б думала, як яго можна ўпісаць, развіць у гэтай частцы гораду.

«Дырэктыўнымі метадамі праблемы даўгабудаў не пераадолець»

– Наколькі праекты, якія сталі даўгабудамі, упісваюцца ў гарадскі ландшафт Менску?

– Тое, што адбываецца на праспекце Пераможцаў за стэлай, з пункту гледжання горадабудаўніцтва, улічваючы недабуды, увогуле незразумела, таму мне цяжка каментаваць. «Не-Кемпінскі» дакладна не адпавядае таму, як павінен быў выглядаць праспект Незалежнасці. Ён цалкам не ўпісваецца туды, разбураючы ансамбль, які быў спланаваны ад плошчы Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа. Але ў нас увогуле даволі вялікія праблемы з горадабудаўнічай палітыкай і з візуальным густам у горадзе, таму казаць, што нейкія будынкі не ўпісваюцца ў ад пачатку нескампанаваны асяродак, таксама досыць цяжка.

– Ці рэальна пераадолець праблему даўгабудаў дырэктыўнымі метадамі?

– Яны не дапамогуць. Ніякая дырэктыўная палітыка не пераадолее праблемы ў горадабудаўніцтве. А жорсткія рашэнні, «кардынальныя меры» напалохаюць тых, хто мог бы зрабіць нешта добрае для гораду.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў