Заўтра Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыю на прысуд Севярынцу і іншым удзельнікам справы


Павел Севярынец на судзе.
Фота: radiosvaboda / Telegram

Заўтра зноў у зале суда будуць разбіраць справу Андрэя Войніча, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля, Ірыны

Шчаснай, Паўла Севярынца, Паўла Юхневіча і Змітра Казлова. Пачатак працэсу – а 9:30.

«Што я думаю пра гэта? Гэтым летам мы адпачывалі ў нашай вёсачцы Унорыцы. Сабраліся амаль усе Севярынцы, і раптам прыйшла навіна, што яшчэ аднаго члена сям’і затрымалі і магчымая крыміналка. Усе напружыліся, канечне, твары каменныя, званкі, перамовы… І тут Канстанцін Паўлавіч абсалютна нечакана і геніяльна разрадзіў абстаноўку. Ён пачасаў патыліцу і кажа: «Ну і сямейка!»

Цяпер, як што зноў здараецца, гэтыя словы самі сабой узгадваюцца і так добра становіцца. Мая любімая, самая цудоўная сямейка», – напісала Вольга Севярынец на сваёй старонцы.

Удзень 25 траўня лідару Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу і каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю агучылі жорсткія выракі за «арганізацыю масавых беспарадкаў»: па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Выракі іншым фігурантам справы ад суддзі Ірыны Ланчавай такія:

актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу – 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму, блогеру Дзмітрыю Казлову (Шэры Кот) – па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

рэдактарцы Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Ірыне Шчаснай – 4 гады агульнага рэжыму.

Вінярскага, Казлова, Севярынца, Юхневіча і Шчасную прызналі вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК РБ), Афнагеля і Войніча – у тым жа і ў дадатак у навучанні і рыхтаванні асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 КК РБ).

Hавiны
Ад мамы Францішка Папу Францішку. Вольга Севярынец напісала ліст пантыфіку
2021.06.15 15:07

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў