Магілёўскаму актывісту Валянціну Лабачову змянілі частку артыкулу Крымінальнага кодэксу, паводле якога яго збіраюцца судзіць.
Калі раней яго падазравалі паводле ч. 1 арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), то цяпер абвінавачанне перакваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 368 КК. Да гэтага Валянціну Лабачову пагражала да чатырох гадоў зняволення, цяпер жа максімальнае пакаранне прадугледжвае да пяці гадоў за кратамі.
«Хутчэй за ўсё за тое, што я абвінаваціў грамадзяніна Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах», – тлумачыць у сваім звароце актывіст.
Справу ўжо перадалі ў пракуратуру. Суд можа пачацца ўжо ў кастрычніку.
Валянцін Лабачоў таксама паведаміў, што яму вярнулі адзін з раней сканфіскаваных тэлефонаў, а на іншы наклалі арышт, «бо з яго было ўчыненае злачынства».
«Усё будзе добра», – кажа актывіст і перадае віншаванні беларусам з 30-годдзем незалежнасці.
Агулам у Беларусі, паводле звестак «Вясны», не менш за 32 чалавекі праходзяць абвінавачванымі паводле арт. 368 КК. Праваабаронцы лічаць яго палітычным, бо артыкул абмяжоўвае права людзей на выказванне меркавання, і заклікаюць скасаваць яго.
Нагадаем, што 30-гадовы жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў ужо даўно быў датычны да апазіцыйнага руху, але апошнімі гадамі актыўна ні ў чым не браў удзелу. Актыўнасць абудзіла мінулагодняя прэзідэнцкая кампанія. Мужчыну затрымалі 9 жніўня 2020 года разам з сябрамі за фота з нацыянальным сцягам каля Кастрычніцкага РАУСу.
У чэрвені 2021 года Валянціна зноў затрымалі на вуліцы. Прыйшлі дахаты і да ягонай дзяўчыны. Абаіх завезлі ў ГУБАЗіК на допыт. 28 чэрвеня Валянціна выклікалі ў Следчы камітэт, дзе паказалі пастанову пра затрыманне з прычыны пачатай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта»). Справу на магілёўца завялі за скрыншот паведамлення аднаго з тэлеграм-каналаў, размешчанага яшчэ мінулым летам. Паводле пастановы СК, словы на скрыне «ў пэўным кантэксце і накіраваныя на адрас канкрэтнага адрасата выказваюць негатыўную ацэнку адрасата і крыўдзяць яго сэнсам, а таксама гэтыя словы зняважлівыя, прыніжаюць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
МГ belsat.eu