Улады збіраюцца ліквідаваць Таварыства беларускай мовы. Сабралі топ-10 годных справаў ТБМ


Улады Беларусі хочуць ліквідаваць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. 27 жніўня Вярхоўны Суд разгледзіць позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання. «Белсат» згадаў некаторыя вынікі дзейнасці аб’яднання за 32 гады існавання.

Таварыства беларускай мовы. Крыніца: reform.by

1. ТБМ распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

Ужо ў 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, затым прыняты Вярхоўным Саветам. Адзінаю дзяржаўнаю моваю краіны сталася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

«Дзяржаўнаю моваю Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання расейскаю мовай як мовай міжнацыянальных зносін».

Рэферэндум 1995 года змяніў 17 артыкул Канстытуцыі, замацаваўшы ў краіне двухмоўе. У выніку прававое двухмоўе на справе вылілася ў татальнае панаванне расейскай мовы амаль ува ўсіх сферах жыцця краіны.

2. Таварыства заклікала беларусаў карыстацца сваёй мовай, а таксама пазначаць яе роднаю на апошнім перапісе насельніцтва.

На працягу ўсёй сваёй дзейнасці ТБМ няспынна заклікала грамадзянаў як мага часцей карыстацца беларускаю мовай, а таксама дапамагала ў гэтым, арганізоўваючы адпаведныя курсы.

Перад апошнім перапісам насельніцтва ў 2019 годзе ТБМ заклікала грамадзянаў запаўняць апытальныя лісты па-беларуску, а таксама ўказваць беларускую мову ў якасці роднай. На думку старшыні аб’яднання Алены Анісім, тым самым беларусы засведчаць сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народу, падтрымаюць беларускую мову і ўмацуюць незалежнасць Рэспублікі Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакаты прафілактыкі COVID-19, якія падрыхтавала і аплаціла з суполка «Узвышша».
Фота: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ў Наваградку, суполка «Узвышша» / Facebook

У выніку роднаю моваю беларускую назвалі 61,2 % беларусаў, што на 0,4 % больш у параўнанні з перапісам 2009 года. Таксама 31,7 % беларусаў назвалі беларускую мову хатняй, па выніках папярэдняга перапісу такіх беларусаў было 30 %.

3. Ініцыяванне Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

У 2019 годзе ТБМ пастанавіла выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы. Новы закон мусіў вызначыць функцыі і абавязкі дзяржаўных структураў у падтрымцы беларускай мовы. Тагачасная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і адначасова старшыня ТБМ Алена Анісім асноўнаю задачаю будучага закону назвала кантроль за тым, каб на месцах выконвалася Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь у справе дзяржаўнай беларускай мовы. Аднак законапраект ад ТБМ быў заблакаваны.

ТБМ у сваю чаргу паабяцала не спыняць працягу над распрацоўкай і прасоўваннем законапраекту.

4. Прыняцце Закону аб найменнях геаграфічных аб’ектаў.

ТБМ спрычынілася і да распрацоўкі Закону аб найменнях геаграфічных аб’ектаў, прынятага ў 2010 годзе. Згодна з ім, новыя найменні (дзеянне закону не распаўсюджваецца на найменні, якія ўсталяваліся да яго прыняцця) геаграфічным аб’ектам – назвы паселішчаў, асобных раёнаў, вуліцаў – мусяць надавацца на беларускай мове, а на іншыя мовы, у тым ліку і на расейскую, робіцца транслітарацыя з беларускай мовы. Акрамя таго, шыльды з назвамі мясцовасцяў і вуліцаў цяпер мусяць выконвацца па-беларуску.

Практыка паказала, што не заўсёды гэтыя палажэнні выконваюцца, аднак сам факт існавання закону дазваляе вырашаць гэтыя моманты ў прававым полі на карысць беларускай мовы.

5. З’яўленне вуліцаў з імёнамі славутых суайчыннікаў.

З прыняццем Закону аб найменнях геаграфічных аб’ектаў дзейнасць ТБМ актывізавалася і ў напрамку надання вуліцам паселішчаў Беларусі імёнаў нашых славутых суайчыннікаў. У адной толькі сталіцы намаганнямі ТБМ з’явіліся вуліцы Льва Сапегі, Напалеона Орды, Еўфрасінні Полацкай ды Янкі Брыля.

Урачыстае адкрыццё муралу падчас экскурсіі па старой забудове плошчы Леніна ў Стоўбцах 21 студзеня 2018 года.
Фота: Таварыства беларускай мовы. Стоўбцы / Facebook

Не паўсюль на звароты ТБМ мясцовыя ўлады адгукаліся своечасова. Для прыкладу, ва Ушачах яшчэ ў 2014 годзе абяцалі назваць адну з цэнтральных вуліцаў райцэнтру ў гонар славутага земляка Рыгора Барадуліна, аднак зрэалізаваць гэта змаглі толькі летась.

6. Помнікі славутым беларусам.

Таварыства беларускай мовы паспрыяла ўшанаванню славутых продкаў не толькі ў назвах вуліцаў. Арганізацыя неаднойчы звярталася да ўладаў з прапановамі ўсталяваць помнікі і памятныя знакі, а таксама ініцыявала зборы сродкаў на гэтыя мэты.

Пра станоўчыя вынікі дзейнасці ТБМ у гэтым кірунку сведчаць помнік дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ Льву Сапегу ў Слоніме, бюст пісьменніку Алесю Адамовічу ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну, помнік касінерам у вёсцы Пагосцішча ў Лёзненскім раёне ды іншыя.

Сярод дасягненняў асобна варта вылучыць усталяванне помніку Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне. Ідэя помніка герою гучала даўно, аднак толькі ў траўні 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё, да якога спрычынілася і Таварыства беларускай мовы.

7. Выдавецкая дзейнасць ТБМ і ўласныя медыі.

Таварыства беларускай мовы зарэкамендавала сябе і ў выдавецкай дзейнасці, выпусціўшы ў свет дзясяткі мастацкіх і навуковых кніг, календары і бюлетэні, часопісы і дапаможнікі, а таксама разнастайныя слоўнікі.

Арганізацыі належаць і тры сродкі масавай інфармацыі – газета «Наша слова» (заснаваная яшчэ ў сакавіку 1990 года), тыднёвік «Новы час» і літаратурны часопіс «Верасень». Калі позва Міністэрства юстыцыі да грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» будзе задаволеная, гэтыя выданні будуць пазбаўленыя статусу СМІ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сябры ТБМ з суполкі «Узвышша» дапамаглі расчысціць ад смецця левы флігель палацу Радзівілаў у Паланэчцы.
Фота: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ў Наваградку, суполка «Узвышша» / Facebook

ТБМ паспрыяла і выданню марак з выявамі выбітных дзеячаў Беларусі. Таксама не без удзелу арганізацыі ў 1992-м пабачыла свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі, якая мела выяву крыжа Еўфрасінні Полацкай.

8. Спрыянне зменам у Законе аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў.

На патрабаванні Таварыства беларускай мовы былі ўнесеныя змены ў Закон аб звароце грамадзянаў і юрыдычных асобаў. 18 артыкул закону змяшчае патрабаванні да пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты, сярод якіх згадваецца, што яны «выкладаюцца на мове звароту». То бок закон абавязвае даваць беларускамоўныя адказы на адпаведныя звароты заяўнікаў.

9. Заснаванне Універсітэту імя Ніла Гілевіча.

ТБМ выступіла ініцыятарам стварэння Універсітэту імя Ніла Гілевіча, які быў афіцыйна зарэгістраваны 15 сакавіка 2018 года. Таварыствам беларускай мовы было пастаноўлена, што выкладанне ў новай ВНУ будзе весціся выключна па-беларуску. Сама ўстанова была названая ў гонар народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які лічыцца ініцыятарам стварэння самога Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Аднак у ліпені 2021 года рэпрэсіі супраць грамадскіх арганізацыяў у Беларусі ўзмацніліся. Закранулі яны і Універсітэт імя Ніла Гілевіча. 20 ліпеня ў сядзібе ўніверсітэту адбыўся ператрус. У выніку сілавікі забралі асобныя кнігі з бібліятэкі, а памяшканне апячаталі. 1 жніўня па рашэнні калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менскага гарвыканкаму ўніверсітэт спыніў сваё існаванне. Фармальная прычына такога рашэння – «неажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці».

10. Актыўны ўдзел у рэфармаванні правапісу беларускай мовы.

ТБМ распрацоўвае і ўдасканальвае правапіс беларускай мовы. Яшчэ ў 1991 годзе пачала сваю працу правапісная камісія ТБМ. Было праведзена 27 пасяджэнняў, вынікам якіх стала складанне Рэкамендацыяў для ўдасканалення правапісу беларускай мовы. У 1994 годзе выйшаў Выніковы дакумент Дзяржаўнай камісіі для ўдакладнення правапісу беларускай літаратурнай мовы, які паўтараў рэкамендацыі правапіснай камісіі ТБМ у васьмі пунктах з дванаццаці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадскае абмеркаванне «Стоўбцы 425. Як нам святкаваць Дзень гораду?», якое ініцыявалі Таварыства беларускай мовы ў Стоўбцах і дэпутат палаты прадстаўнікоў Алена Анісім (на здымку па правым боку).
Фота: Таварыства беларускай мовы. Стоўбцы / Facebook

Таварыства беларускай мовы не пакінула без увагі і прыняцце Закону аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, які быў прыняты ў 2008 годзе (уступіў у моц 1 верасня 2010-га). Аб’яднанне выказвала свае заўвагі ў прапанаваных зменах правапісу і выступала за больш шырокае іх абмеркаванне ў грамадстве. Таксама ТБМ звярнула ўвагу на тое, што правядзенне зменаў у правапісе было прапанаванае ў форме закону, які ў выніку можа аказацца дыскрымінацыйным у дачыненні беларускамоўнай часткі грамадства (для другой дзяржаўнай мовы няма адпаведнага закону), бо будзе абавязковым для выканання на тэрыторыі Беларусі.

Даведка:

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны заснаванае ў 1989 годзе. Цяпер у складзе аб’яднання – каля 450 мясцовых арганізацыяў і суполак у Беларусі і за мяжой, больш за 6 тысячаў сябраў.

Усе 32 гады свайго існавання ТБМ абараняе лінгвістычныя правы грамадзянаў, а таксама спрыяе развіццю беларускай мовы і культуры.

Сёлета ўлады Беларусі вырашылі зліквідаваць грамадскае аб’яднанне. 27 жніўня Вярхоўны Суд разгледзіць позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў