Былы афганскі журналіст: Талібы – супрацьлегласць чалавечнасці, цёмны розум і жудасныя думкі


Санджар Кіям нарадзіўся ў Кабуле ў 1981 годзе, незадоўга пасля ўварвання СССР у Афганістан. Ранняе дзяцінства правёў у Кабуле пад савецкай акупацыяй, перажыў жорсткую партызанскую вайну, страціў сяброў і сваякоў у вайне маджахедаў (Афганскі канфлікт), а пасля першага прыходу да кіравання тыраніі талібаў у 1996 годзе наважыўся на падарожжа, каб уцячы ў Еўропу. Мы распыталі Санджара пра тое, што цяпер адбываецца на ягонай радзіме і ці можна чакаць ад талібаў памяркоўнасці.

Лётчык ВПС ЗША дапамагае афганскім уцекачам сесці ў самалёт «C-17 Globemaster III» падчас эвакуацыі з міжнароднага аэрапорту імя Хаміда Карзая. Кабул, Афганістан. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Sra Taylor Crul / U.S. Air / Zuma Press / Forum

– Распавядзі, як ты прыйшоў у журналістыку ў Афганістане, дзе пры ўладзе былі талібы, і як апынуўся ў Англіі.

– У дзяцінстве ў мяне былі спарадычныя заняткі ў школе, бо праз грамадзянскую вайну здараліся перапынкі, часам на некалькі месяцаў і нават гадоў. Таму ў мяне было хатняе навучанне. Пры талібах у 1990-ыя было жудасна жыць. Затым я паехаў вывучаць медыі ў Глазга ў Вялікай Брытаніі, скончыў у 2008 годзе. Я працаваў медыяменеджарам у Афганістане на працягу дзесяці гадоў. У мяне была кансалтынгавая фірма для медыяў, і мы вельмі добра давалі рады.

Пазней я пераехаў у Брытанію як прадпрымальнік, дзе меў некалькі прадпрыемстваў.

Ва ўмовах, у якіх кіруе «Талібан», незалежная журналістыка немагчымая, але магчымыя некаторыя формы падпольнай працы. Журналістыка сапраўды зрабіла рэвалюцыю ў афганскім грамадстве і змяніла яго так, што нават талібы не могуць цяпер яе цалкам здушыць.

Мужчыны рыхтуюцца да абароны ад талібаў у Панджшэры, Афганістан. 22 жніўня 2021 года.
Фота: Aamaj News Agency / Reuters / Forum

– Хто з тваёй сям’і застаўся ў Афганістане? Што пра іх вядома, дзе яны цяпер і ці плануюць эвакуявацца?

– У мяне там засталіся бацькі і два браты, а таксама вялікая колькасць далёкіх сваякоў – стрыечных братоў, цёткі і дзядзькі, шмат сяброў. Гэта вельмі няпэўны час, і я не ведаю, што з імі будзе. Мае бацькі жывуць у Кабуле і не хочуць з’язджаць. Але я іх не вінавачу – не ўсе гатовыя перасяліцца. Я ўвесь час з імі на сувязі і моцна за іх перажываю. Я шукаў шляхі, як іх можна вывезці, звязваўся з міжнароднымі арганізацыямі, якія б дапамаглі. Але яны не слухаюць. Маё сумленне чыстае: я спрабаваў, а рашэнне за імі.

– Чым ёсць «Талібан» у Афганістане? Якія настроі пануюць у грамадстве? Мы бачылі натоўпы тых, хто хацеў эвакуявацца, але ці іх большасць?

«Талібан» – абмежаваная групоўка. Яны не рэпрэзентуюць грамадства Афганістану. Гэта бандыцкая тэакратыя, гангстары: яны абапіраюць сваю легітымнасць на падрыве рэлігіі, а ўладу – на бандыцкіх метадах, гвалце і жорсткасці. Безумоўна, людзі іх баяцца.

Гэтак жа, як людзі ў вашай краіне баяцца галаварэзаў у масках і аддаюць перавагу ўцёкам замест змагання з імі.

Афганцы садзяцца ў транспартавы самалёт «C-17 Globemaster III» падчас эвакуацыі з міжнароднага аэрапорту імя Хаміда Карзая. Кабул, Афганістан. 24 жніўня 2021 года.
Фота: US AIR FORCE / Reuters / Forum

– Хто цяпер у найбольшай небяспецы?

– Большасць афганцаў. Сённяшнія талібы – ужо не тыя талібы з 1990-х, яны змянілі шмат сваіх звычаяў, але яны застаюцца ўбогімі. Гэта супрацьлегласць чалавечнасці. У іх цёмны розум і жудасныя думкі. Яны забараняюць фантазіяванне, мысленне, мастацтва, музыку, навуку, адукацыю і ўсё, што можа надаць сэнс жыццю. Сталі б вы жыць пры такой сістэме? Вось чаму людзі ўцякаюць.

– Ці вераць звычайныя людзі абяцанням талібаў, накшталт: «Працуй, заробак будзе», «Будзе амністыя, не трэба ўцякаць»?

– Сітуацыя ў Афганістане супярэчлівая. «Талібан» спрабуе вярнуць сабе ўплыў. Шчыра кажучы, яны не ведаюць, як гэта зрабіць. Іхныя паведамленні супярэчлівыя: спачатку кажуць, што жанчыны могуць вярнуцца да працы і навучання, а ўчора ўжо заявілі, што жанчыны не могуць працаваць, і гэта быў толькі часовы дазвол.

– Што будзе з жанчынамі пры ўладзе талібаў?

– Погляды талібаў на жанчын абуральныя, і менавіта гэтая група пацярпіць найбольш. Яны шчыра ненавідзяць жанчын.

Эвакуяваныя чакаюць вылету ў міжнародным аэрапорце імя Хаміда Карзая. Кабул, Афганістан. 22 жніўня 2021 года.
Фота: U.S. Marines / Zuma Press / Forum

– А ці правільна казаць, што талібы – мусульмане?

– Талібы – мусульмане, але ў іх уласная версія ісламу. Афганцы – мусульмане, але гэта не іслам, які прапаведуюць талібы, і ніколі не быў верай афганцаў.

Талібы – адсталыя рэакцыянеры, яны хочуць вярнуцца ў мінулае, залатое стагоддзе ісламу. Агулам іслам талібаў – новая рэч, створаная саудаўцамі, пакістанцамі, якія знайшлі маладзёнаў, у якіх няма адукацыі і жыццёвых перспектываў.

– Якіх рэпрэсіяў баяцца людзі? Ці варта чакаць публічных смяротных караў і забівання камянямі?

– Я не ведаю, і ніхто не ведае. Некаторыя разумнікі сцвярджаюць, што ведаюць, але гэта не так, яны проста варожаць. Гэта ўсё роўна, што быць у гвалтоўных дачыненнях з псіхічна хворым, шалёным чалавекам. Вы не можаце ведаць, што іх раззлуе, якім будзе наступнае зверства.

– Як магчыма, каб ісламская групоўка гэтак хутка ўзяла Кабул, чаму гарады здаліся без бою?

– Талібы жорсткія, іх падтрымліваюць тысячы вар’ятаў. Увесь цывілізаваны свет сабраўся, каб змагацца з імі, і яны пацярпелі паразу. Патрэбная рашучасць, каб спыніць такую групоўку, гэтак жа, як папярэдняе пакаленне спыніла фашызм. Гэтае пакаленне занадта баязлівае і выбірае зручны спосаб барацьбы, але не эфектыўны.

Афганскія мігранты хаваюцца ў тунэлі пад чыгуначнымі шляхамі пасля незаконнага перасячэнні мяжы Турцыі з Іранам. Правінцыя Бітліс, Турцыя. 23 жніўня 2021 года.
Фота: MURAD SEZER / Reuters / Forum

– Ці талібы – адзінае цэлае і маюць агульную ідэалогію? А можа, гэта як ДНР – група розных людзей без прынцыпаў, дзе кожны робіць тое, што хоча?

– «Талібан» – не адзінае цэлае, не цэльная арганізацыя, у іх ёсць шмат падгрупаў, але іх кіраўніцтву давядзецца прыйсці да памяркоўных поглядаў. Бо інтэрнэт – адна з самых рэвалюцыйных рэчаў, якая зменіць усё ў «Талібане». Кожнае злачынства банды будзе выстаўленае напаказ, і яны мусяць быць стрыманымі, калі хочуць міжнароднага прызнання.

– Ці магчымае мірнае ўрэгуляванне сітуацыі? Ці Афганістан чакае вайна?

– У Афганістане не будзе міру, пакуль не пераможа справядлівасць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў