Новыя кошты, ваенрукі і камеры ў школах. Што зменіцца ў Беларусі з 1 верасня


Новы месяц традыцыйна прыносіць новыя змены. З 1 верасня ў нас чакаюць павышэння коштаў і пенсіяў, прыбыцця вакцынаў, новых правілаў і настаўнікаў у школах ды, як абяцаюць, біяметрычныя пашпарты.

1 верасня ў Беларусі перадусім стартуе навучальны год, таму шмат якія змены звязаныя менавіта з ім. Як мяркуюць, што за парты сядуць 1,085 мільёна школьнікаў.

Кошт навучання расце

Выпускнікі фатаграфуюцца на памяць каля будынку Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

З 1 верасня ў вышэйшых навучальных установах на 10 % падымецца плата за навучанне. Апошні раз яе падымалі 1,5 года таму – у сакавіку 2020 года.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка лічыць, што падвышэнне коштаў «цалкам абгрунтаванае», бо «за гэты час паднялася базавая стаўка, мінімальная заработная плата, павысіліся тарыфы на камунальныя ды іншыя паслугі».

У школу – з адбіткамі пальцаў і пад камерамі

Таксама з 1 верасня ўва ўсіх школах Менску, якія такога раней не мелі, павінны запрацаваць відэакамеры і прапускныя прылады (турнікеты са счытвальнікамі электронных картаў / адбіткаў пальцаў / твараў – на выбар установы). Пры гэтым камеры павінны быць з функцыяй распазнання твараў.

«З 1 верасня прымем усе рашэнні ў навядзенні парадку ва ўстановах адукацыі, выпрацуем адпаведныя стандарты і падыходы, каб, навучаючыся там, яны разумелі, што гэта дзяржава бясплатна дае ім сілы і ўкладае ў іх веды – падмурак іхнага будучага жыцця», – папярэдзіў Лукашэнка.

Рэпартаж
Да тысячы рублёў: як сабраць дзіця ў школу і застацца з грашыма
2021.08.24 08:00

Таксама ў менскіх школах з’явяцца смарт-буфеты з QR-кодамі. У дзіцяці будзе асабісты QR-код, прывязаны да рахунку за харчаванне – яго могуць папоўніць бацькі праз АРІП. Калі вучань прыкладзе код да счытвальніка ў буфеце, грошы спішуцца з рахунку.

Святары і вайскоўцы ў школах

Школа нумар 180. Менск, Беларусь. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Кіраўнікі ў вайскова-патрыятычным выхаванні пачнуць працу ва ўстановах адукацыі Менску і Менскай вобласці 1 верасня. Ужо складзеныя штатныя расклады, уведзеныя стаўкі ў залежнасці ад колькасці вучняў у школах.

Кандыдатуры прапрацоўваюцца кіраўнікамі ўстановаў адукацыі супольна з мясцовымі ваенкамамі і прадстаўнікамі МУС.

«Гэта павінен быць не проста чалавек, які будзе праводзіць урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а асоба з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй. У ягоныя задачы таксама будзе ўваходзіць арганізацыя патрыятычнага выхавання моладзі, прыцягненне дзяцей да ўдзелу ў акцыях, конкурсах і спаборніцтвах», – адзначыла першая намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Менскага аблвыканкаму Софʼя Філістовіч.

Hавiны
Эксперты і прафсаюзы прапаноўваюць рэформы, каб «спыніць дэградацыю беларускай адукацыі»
2021.08.25 12:38

Таксама ў школах з новага навучальнага года зʼявіцца новы факультатыў – «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Распрацоўвалі падручнік «Духоўнасць і патрыятызм» Міністэрства адукацыі і Беларуская праваслаўная царква.

Выкладаць факультатыў будуць святары, выпускнікі духоўных школаў, а таксама педагогі, якія пройдуць курсы павышэння кваліфікацыі.

Камуналка па-новаму

Работнікі камунальнай гаспадаркі падмятаюць смецце ў дзень рэспубліканскага суботніка ў горадзе Барысаў. 17 красавіка 2021 года. Барысаў, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

З 1 верасня плата за некаторыя ЖКП будзе вылічацца зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Гэта прадугледжвае ўказ Лукашэнкі ад 24 снежня 2020 года № 490.

Дакумент у прыватнасці закранае платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфту. Тарыф стане Br 0,0584 за 1 кв. м. У выніку – чым большая плошча кватэры, тым больш давядзецца заплаціць за тэхнічнае абслугоўванне ліфту. Як адно звязанае з другім, не тлумачаць.

Таксама па-новаму будуць налічваць плату за прыбіранне падʼездаў і за электраэнергію, якую патрацілі на асвятленне дапаможных памяшканняў і працу абсталявання, акрамя ліфту. За гэта таксама будуць спаганяць аплату зыходзячы з агульнай плошчы кватэры, а не колькасці зарэгістраваных у кватэры чалавек.

Стаянкі даражэюць, а аўты трэба вывезці

Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС А100. Менск, Беларусь, 28 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Менску з 1 верасня павышаюцца тарыфы на паслугі ў захоўванні транспарту на аўтастаянках ГА «Гаражы, аўтастаянкі і паркінгі».

Фізічныя асобы за захоўванне транспартавага сродку масаю да 3,5 тоны на ўсіх стаянках (акрамя № 15, 92) будуць выплачваць Br 42 за месяц. Для юрыдычных асобаў і ІП кошт захоўвання аўтамабіляў вырасце да Br 46 за месяц. У абодвух выпадках падаражэнне складзе Br 2 за месяц.

Між тым 30 верасня заканчваецца тэрмін перабывання на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу аўтамабіляў, часова ўвезеных грамадзянамі да пачатку пандэміі. У выпадку нявывазу аўтамабіляў і іншых транспартавых сродкаў да гэтай даты неабходна будзе аплаціць у поўным абʼёме мыта і падаткі.

Кошты на цыгарэты таксама змяняюцца

З 1 верасня вырастуць цэны на некаторыя маркі цыгарэт. На 10 капеек падаражэюць некаторыя віды цыгарэт «Pall Mall», «Kent», «Vogue», «Rothmans», «Monte Carlo», «Camel», «Winston» і «Sobranie».

На 1 капейку вырастуць цэны на цыгарэты серыі «Red Bor SUPERSLIMS», на 6 капеек – на «Dove Menthol Superslims», серыю «Red Bor KING SIZE», на 9 капеек – на «Dove Compact Gold», «Dove Gold Compact». «Dove Gold Superslims», «Dove Platinum Superslims», «Dove Silver Superslims» падаражэюць на 12 капеек, «Dove Compact Platinum», «Dove Platinum Compact», «Dove Platinum King Size Edition», «Dove Silver King Size Edition» – на 13.

Украінскія памежнікі раскрылі схему кантрабанды беларускіх цыгарэт.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны

Таксама падаражаюць «Pall Mall Nano Blue», «RICHMOND», «AROMA RICH», «Kiss Brown», «Rothmans Mix 3 in 1».

А вось цыгарэты серыі «Red Bor COMPACT» патаннеюць на 7 капеек, «Red Bor SLIM» – на 6, «Red Bor MEDIUM SIZE» – на 5.

Змены для натарыусаў

Міністэрства юстыцыі пастановаю № 157 ад 17 жніўня ўнесла змены ў парадак правядзення натарыяльных дзеянняў.

У ліку змяненняў – усталяванне выпадкаў, пры якіх у натарыяльным дакуменце адрас фактычнага пражывання грамадзяніна можа паказвацца з ягоных словаў. Урэгуляваныя пытанні праверкі натарыусам звестак пра адкрыццё спадчыннай справы. Удакладнілі парадак дзеянняў натарыуса пры зацвярджэнні пагаднення пра змену або скасаванне пагаднення, завяшчання, што адмяняе, змяняе і (або) дапаўняе раней засведчанае завяшчанне, адмену даверанасці і адмену дарэння. Акрамя таго, удакладненыя звесткі, якія павінны паказвацца ў даверанасці.

Пенсіі растуць, але недастаткова

Пенсіянерка сядзіць на лаўцы і размаўляе з сяброўкай. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

З 1 верасня між тым запланаваны пераразлік працоўных пенсіяў. Апошняе павышэнне працоўных пенсіяў было ў снежні 2020 года. У выніку пераразліку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 6,3 %. Характэрна, што за снежань – ліпень цэны ўжо выраслі ў краіне на 5,9 %, а гэта без уліку жніўня.

У рублях пенсіі застаюцца на рэкордным узроўні – Br 483,4 у сярэднім па краіне, што на Br 152,2 вышэй, чымся тры гады таму. Але ў доларавым эквіваленце сярэдняя па Беларусі пенсія – $ 192 – застаецца на ўзроўні 2010 года. Гэта ніжэй нават, чымся было ў 2019-м (максімум 2019-га – $ 211 у кастрычніку). А максімум быў у канцы 2014 года – $ 245.

Hавiны
З 1 верасня павышаюцца пенсіі. Яны падалі з пачатку году
2021.08.20 19:46

Падаюць пенсіі і адносна бюджэту пражыткавага мінімуму для пенсіянераў (БПМп). Сярэдняя пенсія ў ліпені склала 2,25 БПМп. У снежні яна была – 2,473 БПМп. З улікам абяцанага павышэння сярэдняя пенсія ў Беларусі ўсё роўна не дасягне снежаньскіх паказнікаў і складзе прыкладна 2,39 БПМп. Найвышэйшымі ж застаюцца пенсіі 2013 года, калі яны раўняліся 2,608 БПМп.

Паміж «Захадам» і Захадам

МЗКЦ паказаў першы ў гісторыі беларускі БТР V-2. БТР V-2 (МЗКТ-690003) на выставе.
Фота: VOLAT.MZKT / Facebook

З 10 да 16 верасня ў Беларусі і Расеі пройдуць супольныя вучэнні «Захад-2021». Праўда, вучэнні ўжо не будуць настолькі двухбаковымі, як раней. Для ўдзелу ў расейскім этапе «Захаду-2021» запрошаныя вайсковыя кантынгенты Арменіі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану, Індыі, Кыргызстану, Манголіі, Сербіі ды Шры-Ланкі. Акрамя таго, вайсковымі назіральнікамі будуць рэпрэзентаваныя ўзброеныя сілы Кітаю, Вʼетнаму, Мʼянмы, Пакістану і Узбекістану.

Агулам у вучэннях у Беларусі і Расеі возьмуць удзел каля 200 тысяч вайскоўцаў, з якіх каля 12,8 тысячы на тэрыторыі Беларусі. Як мяркуюць эксперты «Belarus in focus», «Захад-2021» з знакавай у календары беларуска-расейскіх стасункаў двухбаковай падзеі ператвараецца ў шматнацыянальнае, у якім Беларусь – толькі адна з дзясятку ўдзельніц, няхай і другая паводле значнасці».

А з 1 верасня ў амбасадзе ЗША ў Менску колькасць работнікаў павінна скараціцца да пяці чалавек. Такое патрабаванне выставіла МЗС Беларусі.

Пакуль жа Літва скіравала ў Брусель прапановы адносна новых санкцыяў у дачыненні афіцыйнага Менску. Гэтым разам за пастаўкі мігрантаў. Абмяркоўваць іх плануецца пачаць, «як толькі ведамствы выйдуць з адпачынкаў». То бок у верасні.

Свята у дзень змовы Гітлера і Сталіна

Савецкі камбрыг Сямён Крывашэін і нямецкі генерал Гайнц Гудэрʼян падчас сумеснага параду ў Берасці ў 1939 годзе. Фота wikimedia.org

17 верасня ў Беларусі ўлады ўпершыню будуць святкаваць дзень, калі савецкія войскі, выконваючы дамоўленасць паміж Адольфам Гітлерам і Іосіфам Сталіным, напалі на Польшчу і прынеслі рэпрэсіі, у тым ліку супраць мясцовых беларускіх дзеячаў. На гэты дзень, які, дарэчы, не будзе выходным, прызначылі Дзень народнага адзінства: маўляў менавіта тады ў 1939 годзе аб’ядналіся Заходняя і Усходняя Беларусь, хоць адбылося гэта толькі ў лістападзе.

У сувязі з гэтым новым святам плануецца паўсюдна тлумачыць, чым добрая рэалізацыя дамоўленасці, што паклала пачатак Другой сусветнай вайне, у выніку чаго загінулі мільёны беларусаў.

Таксама ў верасні запланавалі XХVIII Дзень беларускага пісьменства. Ён пройдзе 4–5 верасня ў Капылі пад дэвізам «Слова нас абʼядноўвае». На палях свята адбудзецца перадача эстафеты Добрушы – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе. Апроч таго, дні гораду 11 верасня будуць святкаваць Менск і Гомель.

Рэйсы ў Чарапавец

Самалёт авіякампаніі «Белавія».
Фота: obyektiv.press

З 9 верасня нацыянальны аэрапорт пачне прымаць рэйсы расейскага перавозніка «Северсталь» Чарапавец – Менск – Чарапавец.

У сваю чаргу «Белавія» з 18 верасня пачне выконваць чартарныя рэйсы на егіпецкі курорт Марса-Алям, а з 3-га – у іярданскі курортны горад Акаба на ўзбярэжжы Чырвонага мора.

На напрамках у краіны Еўразвязу ды ва Украіну рэйсы пакуль прыпыненыя з прычыны пасадкі ў Менску рэйсу «Ryanair» з Раманам Пратасевічам. Сваю справаздачу адносна гэтага Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі павінна падрыхтаваць якраз у верасні.

Таксама Беларуская чыгунка прызначае новы цягнік № 28 / 27 Берасце – Масква. У першы рэйс цягнік адправіцца з Берасця 1 верасня а 18:23 і прыбудзе ў сталіцу Расеі а 9:23 наступнага дня. З Масквы цягнік будзе адпраўляцца з 2 верасня а 23:30 і прыбываць у Берасце а 14:46 наступнага дня. Пры гэтым праезд цягнікамі, якія курсуюць паміж Беларуссю і Расеяй, прадугледжаны толькі для грамадзянаў Беларусі і Расеі.

А што з каронавірусам?

Намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка паведаміў, што ў першых днях верасня паступіць у Беларусь 1 мільён дозаў кітайскай вакцыны ад COVID-19 «Sinopharm». Раней іх паступленне планавалі ў жніўні.

Біяметрычныя пашпарты нарэшце з’явяцца?

Узор біяметрычнага пашпарта. Крыніца: mpt.gov.by

З 1 верасня маюць з’явіцца абяцаныя ўжо не першы год біяметрычныя пашпарты. Іх выкарыстанне мае аўтаматызаваць працэдуру ідэнтыфікацыі асобы, спрасціць праходжанне пашпартнага кантролю пры мінанні мяжы, спрыяць развіццю электронных сэрвісаў.

У дакументы новага тыпу будзе ўбудаваная мікрасхема, якая змяшчае фотавыявы, адбіткі пальцаў рук ды іншыя персанальныя звесткі ўладальніка.

Агулам зʼявяцца 8 новых відаў дакументаў, якія змяшчаюць біяметрычныя звесткі, у тым ліку ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна і біяметрычны пашпарт. За выдачу ідэнтыфікацыйнай карты трэба будзе заплаціць 1,5 базавай велічыні (1 БВ = Br 29), біяметрычнага пашпарту – 2 БВ.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў