Мужчыну асудзілі на «хатнюю хімію» за «паклёп» на самбіста, які пагражаў вольным спартоўцам


На судзе не разглядалі таго факту, што намеснік міністра спорту ў суправаджэнні самбістаў і дзюдаістаў ездзіў да спартоўцаў на «размовы», якія тыя палічылі пагрозамі. Судзілі за ўлёткі пра гэты факт. Чалавек, знаёмы з хадою справы, расказаў «Белсату», як прайшоў суд.

Арцём Яршоў.
Фота: Артём Ершов / ok.ru

Пра якія пагрозы спартоўцам гаворка

Увосень 2020 года беларускія спартоўцы, якія падпісалі ліст супраць гвалту і бралі ўдзел у пратэстах, расказвалі, што да іх прыязджала «паразмаўляць» група людзей на чале з намеснікам міністра спорту Міхаілам Партным. Фонд спартовай салідарнасці ідэнтыфікаваў таксама генеральнага сакратара Беларускай федэрацыі дзюдо Руслана Шарапава і трэнера нацыянальнай зборнай у самба Юрыя Рыбака.

Hавiны
Спартоўцы патрабуюць спыніць гвалт і правесці вольныя выбары. На іх ціснуць
2020.09.10 20:29

Самбіст Сцяпан Папоў казаў TUT.by, што гэтыя размовы былі «метадам з 90-х»: яму казалі, што «звычайна спачатку б’юць, а потым размаўляюць, але папрасілі з табою быць максімальна далікатным», нагадвалі пра жонку і дзяцей. Пасля такой «размовы» ён збіраўся вывезці сям’ ю за мяжу.

Лёгкаатлет Сяргей Краўчанка расказваў «Еўрарадыё», што да яго прыязджалі Партны з двума спартоўцамі з адзінаборстваў: казалі, што «выбраў не той бок», пра «апошні шанец», нагадвалі пра жонку і дачку. Краўчанка з’ехаў з краіны і не збіраецца вяртацца.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны. 21 жніўня 2015 года.
Фота: tvr.by

Партны ў размове з выданнем «Трибуна» не адмаўляў, што ездзіў да спартоўцаў, але казаў, што размаўляў з імі лаяльна і добразычліва. Рыбак і Шарапаў заяўлялі, што нікому не пагражалі, але і не адмаўлялі ўдзелу ў «размовах».

Ва ўлётках спачатку не знайшлі злачынства. Але перадумалі

44-гадовы дырэктар фірмы Арцём Яршоў жыве на адной вуліцы з Рыбаком. Год таму, у канцы жніўня 2020-га, Яршоў пабачыў пост Свабоднага аб’яднання спартоўцаў пра ідэнтыфікацыю Рыбака як удзельніка «размоваў», абурыўся і зрабіў улёткі. Ён скапіяваў тэкст і дапісаў, маўляў, ланцужны сабака рэжыму жыве ў нашым доме. Расклаў па пад’ездах і на машыны ля пад’ездаў.

 

Яршова праз месяц злавілі паводле іншай палітычнай справы, знайшлі ў яго фота ўлётак. Тады распачалі крымінальную справу. Крыніца «Белсату» кажа, што нібыта нават фігураваў ліст ад міністра спорту міністру ўнутраных справаў з просьбаю «разабрацца».

У кастрычніку – снежні 2020-га было даследчае правяранне, абласная пракуратура не знайшла складу злачынства і закрыла справу за паклёп (арт. 188 КК РБ).

Але ў сакавіку 2021 года Яршоў сядзеў 30 дзён арышту за яшчэ адну палітычную справу – тады «паклёпам» зацікавілася Генеральная пракуратура. 1 красавіка Яршоў выйшаў з ізалятару, 24-га аднавілі справу. Чаму так пастанавілі, невядома.

«Пацярпелы» прасіў закрыць справу

20 жніўня 2021 года суддзя Сяргей Крупец у судзе Дзяржынску і Дзяржынскага раёну прызнаў Яршова вінаватым у паклёпе і асудзіў на паўтара года «хатняй хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову – з канфіскацыяй тэхнікі. Пацярпелым выступіў самбіст Рыбак.

Пацярпелы ў справе – самбіст Юрый Рыбак.
Фота: Уладзімір Несцяровіч / Міністэрства спорту і турызму

На судзе Рыбак заяўляў хадайніцтва аб спыненні справы праз замірэнне бакоў, неаднаразова прасіў не караць Яршова абмежаваннем волі. «Пацярпелы» перакладваў віну з Яршова: казаў, той «стаўся пешкаю» Папова, Краўчанкі і Свабоднага аб’яднання спартоўцаў. Суддзя не пагадзіўся спыняць справу.

Пра тое, чаму трэба абмежаваць волю Яршова, пракурор нават не казаў: наадварот, тлумачыў, чаму трэба пакараць Яршова толькі «хатняю хіміяй», а не накіроўваць у папраўчую ўстанову. На карысць гэтага пракурор прыводзіў добрыя характарыстыкі падсуднага і ягоныя выбачэнні перад пацярпелым.

Яршоў у апошнім слове, якое перадае «Вясна», прасіў не караць яго абмежаваннем волі, а хаця б даць штраф, для сплаты якога гатовы прадаць машыну.

Арцём Яршоў з жонкай.
Фота: Артём Ершов / ok.ru

Цяпер, кажа крыніца «Белсату», Яршоў збіраецца абскардзіць вырак. Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову не пазбавіць яго магчымасці працаваць і ўтрымліваць сям’ю, але ягоная абарона ўсё роўна лічыць прысуд несправядлівым і збіраецца настойваць на адсутнасці складу злачынства.

На судзе не звярталі шмат увагі на факт «размоваў»

Крыніца «Белсату» тлумачыць, што на судзе разглядалі толькі суб’ектыўны бок справы: ці Яршоў наўмысна распаўсюджваў непраўдзівыя звесткі, ці проста паверыў у напісанае ў сацыяльных сетках. Але на аб’ектыўны бок справы – ці запалохвалі спартоўцаў Рыбак, Шарапаў і Партны – амаль не звярталі ўвагі.

Артыкулы
Жыхарка Бараўлянаў атрымала 2 гады «хіміі» за допіс пра генпракурора
2021.07.06 11:31

На судзе Рыбак заявіў: нікому не пагражалі, а толькі «выпрацавалі форму размовы на роўных». У тым, што да аднаго атлета ехалі размаўляць «на роўных» некалькі байцоў і намеснік міністра, ён не пабачыў нічога дзіўнага.

Пракурор у сваім выступе бараніў Рыбакова і Партнога: казаў, «мы ўсе ведаем, што буйныя людзі добрыя па сваёй сутнасці, нікому пагражаць не маглі».

Спартовец Краўчанка ў час папярэдняга следства даваў паказанні пра пагрозы на свой адрас, гэтыя паказанні ёсць і ў матэрыялах справы. Ужо з-за мяжы Краўчанка прасіў заслухаць ягоныя паказанні на судзе над Яршовым. Пракурор не быў супраць, але суддзя адмовіў: спаслаўся на тое, што Краўчанка нібыта прыслаў ліст з просьбаю заслухаць паказанні да першага паседжання, а на другое паседжанне той ліст ужо не пасуе.

Аб’ектыў
Ціск на спартоўцаў
2020.09.22 23:31

АА belsat.eu

Стужка навінаў