Хакейная зборная Беларусі спрабуе трапіць на Алімпіяду ў Пекін: пачалі з сенсацыйнай паразы ад Польшчы


У першым матчы алімпійскай кваліфікацыі ў славацкай Браціславе зборная Беларусі 26 жніўня нечакана саступіла Польшчы – 0:1.

На зімовых Алімпіядах беларускі хакей не быў ужо 11 гадоў: апошні раз самая абласканая ўвагай уладаў зборная выступала на іх у 2010-м. У канадскі Ванкувэр яна ездзіла без адбору, згодна з рэйтынгам, і заняла там дзявятае месца.

Беларуская зборная па хакеі. Cкрыншот з трансляцыі TVP Sport. Крыніца: TVP / tvpsport.pl

Нагадаем, што на Алімпійскія гульні беларускія хакеісты ездзілі тройчы, і найлепшым вынікам стала чацвёртае месца ў 2002 годзе, але гэтыя дасягненні былі здабытыя дзякуючы савецкай школе хакею. Пры Лукашэнку ў ягоны ўпадабаны хакей былі ўкінутыя мільярды долараў, але гэта не дае адпаведнай аддачы.

Сёння паводле рэйтынгу IIHF (Міжнародная федэрацыя хакею) зборная Беларусі займае 14-е месца.

Што трэба, каб паехаць на Алімпіяду ў Пекін?

У Кітаі на Алімпіядзе выступяць 12 зборных. Цяпер у некалькіх гарадах адбудуцца адборачныя турніры. Беларусь выступае ў славацкай Браціславе, у яе ў суперніках – Польшча, Аўстрыя (з ёю гуляем 27 жніўня) і фаварыт гэтага адбору Славаччына, з гаспадарамі турніру беларускай зборнай гуляць на фінішы кваліфікацыі, 29 жніўня. Толькі адна каманда з гэтага квартэту адправіцца ў Пекін.

Беларуская зборная па хакеі. Cкрыншот з трансляцыі TVP Sport. Крыніца: TVP / tvpsport.pl

Дарэчы, калі нават Беларусь трапіць на Алімпіяду, то ёй можа быць забаронена выступаць пад чырвона-зялёным сцягам. Выканаўчы дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін не выключае, што Беларусі пасля санкцыяў МАК давядзецца выступаць пад нейтральным сцягам. Нагадаем, што пад такім сцягам цяпер выступае Расея, пакараная за допінгавыя махінацыі на Алімпіядзе ў Сочы.

Новы трэнер зборнай – хто ён?

Гэтаю вясною зборная Беларусі паехала на чэмпіянат свету пад кіраўніцтвам зацятага прыхільніка Лукашэнкі – Міхаіла Захарава, турнір скончыўся поўным правалам. Каманда прагуляла пяць матчаў з шасці пры розніцы закінутых шайбаў 10:29, заняла 15-е месца. Але зборнай пашчасціла: сёлета ў слабейшы дывізіён ніхто не вылятаў. А вось Захараў вылецеў са зборнай – вернасць прэзідэнту не дапамагла. А ўся ўлада ў беларускім хакеі перайшла да 51-га канадца Крэйга Ўудкрафта.

Беларуская зборная па хакеі. Cкрыншот з трансляцыі TVP Sport. Крыніца: TVP / tvpsport.pl

Ён прыехаў у Менск у 2019 годзе, каб узначаліць менскае «Дынама», цяпер у ягоных руках не толькі клуб, а яшчэ і нацыянальная зборная Беларусі. Канадзец не вельмі любіць хакеістаў з чэмпіянату Беларусі, у Браціславе не будзе ніводнага гульца, якія выступалі ў родным чэмпіянаце. Дзевяць чалавек рэпрэзентуюць клуб Ўудкрафта – менскае «Дынама», якое выступае ў турніры КХЛ, фактычна адкрыты чэмпіянат Расеі, астатнія – за акіянам у НХЛ.

Беларуская зборная па хакеі. Cкрыншот з трансляцыі TVP Sport. Крыніца: TVP / tvpsport.pl

Цікава, што амаль 20 % гульцоў гэтай зборнай – натуралізаваныя хакеісты: Дэні Тэйлар, Джэф Плат, Франсіс Парэ – канадцы, Нік Бэйлен і Шэйн Прынс – амерыканцы. Звернем увагу, што хакейная зборная Беларусі не карыстаецца вялікім падтрыманнем беларусаў, бо большасць яе хакеістаў ніяк не рэагуюць на падзеі апошняга года ў нашай краіне. Вось і няма былой народнай любові.

Hавiны
Беларусь пазбавілі ўдзелу ў яшчэ адным спартовым турніры
2021.06.08 14:55

Алесь Ляўчук, «Белсат»

Стужка навінаў