Знішчаючы польскія могілкі, Лукашэнка паліць апошні мост

Пуцін павінен мець стоадсоткавую ўпэўненасць, што Захад у выпадку крытычнай для Расеі сітуацыі не падтрымае Лукашэнкі, нават калі той папросіць. А чым больш па-варварску будзе паводзіцца рэжым у Менску, тым мацней будзе залежаць ад Масквы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Помнік у гонар атраду паўстанца Людвіка Нарбута ў вёсцы Нача, Гарадзенская вобласць, Беларусь.
Фота: Белсат

За апошнія два гады рэжым Аляксандра Лукашэнкі выканаў шэраг крокаў на шляху да поўнага знішчэнне стасункаў з Польшчай. І варта заўважыць, што Менск рабіў гэта выключна на ўласнае жаданне, мэтанакіравана правакуючы напружанасць. Спачатку спецслужбы цалкам прыдушылі Саюз палякаў у Беларусі (ZPB), а яго лідараў (Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута) кінулі за краты, ведаючы, што нішто так не абурае польскіх палітычных элітаў і грамадскай думкі, як рэпрэсіі супраць польскай меншасці. Частка дзеячаў выехала за мяжу, кагосьці на мяжу прывезлі і змусілі пакінуць краіну. Ніякай пагрозы для рэжыму з боку польскай меншасці не было і няма, гэта выключна грамадская культурніцкая арганізацыя збольшага з апалітычнымі чальцамі. Закідваючы палякаў пад агульны каток рэпрэсіяў, Лукашэнка толькі стымуляваў зацікаўленасць польскіх медыяў і грамадства да беларускай тэмы, тыя ж патрабавалі ад уладаў у Варшаве чарговых санкцыяў і абмежаванняў у дачыненні суседняй дыктатуры. А тая не спынялася.

Інтэрв’ю
Знішчэнне польскіх магілаў у Беларусі: што хаваецца за вайной рэжыму супраць мёртвых?
2022.07.07 18:38

Пачаўся штурм польскай мяжы і міграцыйны крызіс, які мог паставіць кропку ў дачыненнях Менску з Варшаваю. На мяжы Польшча будуе мур, усцяж не працуе адзін з найбуйнейшых памежных пераходаў у Кузніцы. Абмежаваныя гандлёвыя сувязі, уведзеныя беспрэцэдэнтныя санкцыі, а пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў ЕЗ абмежавалі доступ на еўрапейскі рынак для беларускіх (і расейскіх) транспартавых фірмаў.

Падавалася, што ўжо ўсе чырвоныя лініі пройдзеныя, не было хіба толькі збройнага канфлікту на мяжы з Польшчай. А тым часам Лукашэнка ўзяўся за польскія могілкі і месцы памяці. Знішчэнне помнікаў і зраўнанне з зямлёю месцаў вечнага спачыну польскіх жаўнераў Арміі Краёвай (і не толькі) не маюць нічога супольнага з гісторыяй. Адкуль можа быць зацікаўленасць да ўласнай гісторыі ў людзей, якія паступова праводзілі палітыку русіфікацыі Беларусі, зачыняючы беларускія школы і ўніверсітэты, сістэматычна інтэгруючы краіну з «русским миром». Мэта гэтага варварства – канчаткова знішчыць польска-беларускія дачыненні, магчыма, давесці сітуацыю да прыпынення або і разарвання дыпламатычных стасункаў. Відавочна і тое, што пэўныя сілы хочуць справакаваць канфлікт паміж беларусамі і палякамі. Асабліва беларусамі, якія жывуць у Польшчы. Тэму Валынскай трагедыі (у Польшчы прызнаюць генацыдам) яшчэ да вайны часта ўжывала расейская прапаганда і крамлёўскія тролі, выкарыстоўваючы кожную нагоду і падаграваючы эмоцыі ў сеціве. І цяжка ўявіць, што тэма Арміі Краёвай у Беларусі з’явілася без дапамогі «экспертаў» усходняга суседа.

Hавiны
Навошта ўладам разбураць польскія могілкі ў Беларусі? Спыталі гісторыка Фрыдмана
2022.07.23 18:17

Цікава і тое, што для Польшчы гэта не проста могілкі, гэта частка нацыянальнай памяці і месцы, што яднаюць польскую меншасць у Беларусі. Дзеючы фактычна ў падполлі, ушаноўваюць месцы памяці сваіх продкаў, адзначаюць на могілках нацыянальныя польскія святы (Дзень усіх святых, або Дзень памерлых, 1 лістапада, Дзень незалежнасці 11 лістапада, Дзень польскага войска 15 жніўня). У варунках дыктатуры, калі нельга легальна праводзіць культурніцкіх імпрэзаў і сустракацца ў публічным месцы, для польскай меншасці дагляданне могілкаў было адным з галоўных кірункаў дзейнасці. І сёння рэжым забірае ў гэтых людзей права на памяць.

Матывы дыктатуры тут не зразумелыя, як і іншыя хаатычныя дзеянні Менску апошніх гадоў (той жа самалёт з Пратасевічам, пасля якога рэжым нагадаў міжнароднай супольнасці пра сябе). Цалкам спаленыя масты Лукашэнкі з вонкавым светам, а найперш з найбліжэйшаю заходняю суседкаю – Польшчай, адназначна на руку Крамлю, асабліва падчас вайны. Бо сёння Польшча адыгрывае вызначальную ролю для рэгіёну, ад яе заангажаванасці залежыць у вялікай ступені і вынік вайны ва Украіне. І тут Пуцін павінен мець стоадсоткавую ўпэўненасць, што Захад у выпадку крытычнай для Расеі сітуацыі не падтрымае Лукашэнкі, нават калі той папросіць. А чым больш па-варварску будзе паводзіцца рэжым у Менску, тым мацней будзе залежаць ад Масквы. Гледзячы на тое, як дыктатар бульдозерам закапвае ў зямлю помнікі на могілках польскіх жаўнераў на Гарадзеншчыне, ніводны прытомны польскі палітык сапраўды не пацісне рукі Лукашэнку, не кажучы ўжо пра нейкую ўгоду з ім. І незалежна ад таго, хто кіруе гэтым працэсам у Беларусі і ці свядома гэта робіць дыктатар, ён ужо перайшоў мяжу і ўдарыў там, дзе біць нельга. Нават у час вайны. Бо могілкі для палякаў – гэта святое, тут яны не зарастаюць быллём.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў