Недабор у ВНУ. Чаму беларуская моладзь не хоча камандаваць танкавымі батальёнамі?


24 ліпеня завяршыўся прыём дакументаў ва ўніверсітэты Беларусі на бюджэтную форму навучання. Набор на шмат якія спецыяльнасці ў розных навучальных установах зноў правальны. Маладзёны ў Беларусі не хочуць быць стваральнікамі трактароў і караблёў, мець дачыненне да міліцыі грамадскай бяспекі ды камандаваць танкавымі падраздзяленнямі. Але і на беларускую філалогію ў БДУ не ідуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэклама побач з адным з факультэтаў БНТУ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Міністэрства адукацыі 25 ліпеня апублікавала папярэднія звесткі пра тры менскія ўніверсітэты – БДУ, БДУІР і БДПУ імя Танка. Згодна з Міністэрствам адукацыі, сярэдні конкурс у БДУ склаў 1,7 прэтэндэнты на месца (летась – 1,5). У БДУІР на «бюджэт» прынялі 1460 заяваў пры плане прыёму 1077 чалавек (1,3 на месца). У БДПУ – 2058 заяваў на 885 бюджэтных месцаў (2,3 на месца). Аптымістычная карцінка. Калі не заглыбляцца.

БДУ: у аўтсайдарах – «ядравая бяспека» і тэалогія 

Паводле дадзеных аб прыёме дакументаў на 25 ліпеня, у Беларускім дзяржаўным універсітэце бракавала абітурыентаў на фізічным факультэце. Гэтак, на спецыяльнасць «ядравая і радыяцыйная бяспека» падалі дакументы толькі тры чалавекі пры плане прыёму – 20. Не набралі камплекту таксама на спецыяльнасць «фізіка нанаматэрыялаў» (прынялі 14, планавалі – 30). Гэта ўсяго некалькі паказальных прыкладаў.

З гуманітарнымі навукамі яшчэ цяжэй. Не атрымалі планаванай колькасці заяваў на філалагічным факультэце (беларуская і расейская філалогія). Прычым на беларускую недабор складае 9 чалавек (21 заява пры планаваных 30). Няма попыту і на навуку пра Бога: Інстытут тэалогіі святых Мяфодзія і Кірыла мае 8 вакантных месцаў.

Цікавы факт: план прыёму на спецыяльнасць «паліталогія» на юрыдычным факультэце БДУ складае… два чалавекі (5 заяваў).

БДУІР: «квантавыя сістэмы» – па-за гульнёй

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) застаюцца вакантныя месцы на спецыяльнасцях, якія дастаткова прывабна гучаць у час інфармацыйных тэхналогіяў. 

  • Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах – не хапае 28 чалавек. 
  • Прамысловая электроніка – 19 чалавек.
  • Радыёэлектронныя сістэмы – 18 чалавек.
  • Праграмава-кіраваныя электронна-аптычныя сістэмы – 13 чалавек.
  • Квантавыя інфармацыйныя сістэмы – 12 чалавек.
  • Мадэляванне і камп’ютарнае праектаванне радыёэлектронных сродкаў – 11 чалавек.

Самы высокі конкурс у БДУІР – на спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогіяў»: 4,9 асобаў на месца.

БНТУ: хто будзе ствараць трактары і караблі

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) мае праблемы з наборам на спецыяльнасці «трактарабудаванне» (план 25, факт 7), «тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці» (бракуе 24 чалавекі), «аўтаматызаваныя электрапрыводы» (30 чалавек), «караблебудаванне» (12 чалавек) і «водагаспадарчае будаванне» (31 чалавек). Недабор таксама на спецыяльнасцях, звязаных з абслугоўваннем электра- і цеплаэлектрастанцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 11 корпус БНТУ ў Менску.
Фота: Белсат

Пры гэтым конкурс на спецыяльнасць «Мытная справа» складае 2,3 чалавекі на месца.

Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт завяршыў прыём дакументаў з недаборам 46 першакурснікаў (бракуе на кожным факультэце). У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (БДТУ) не набралі планаванай колькасці тэхнолагаў перапрацоўвання біяпалімераў (27 чалавек), электрахімічных вытворчасцяў (21 чалавек), прамысловай водападрыхтоўкі і водаачышчэння (11 чалавек).

Міліцыя грамадскай бяспекі – без увагі

Як і летась, здарыўся недабор і ў сілавых установах краіны. 

Гэтак, беларускія абітурыенты выказалі неахвоту звязваць сваю будучыню са службаю на мяжы. Інстытут памежнай службы недабраў на спецыяльнасць «Памежная бяспека (памежная служба)» 9 чалавек.

Ці не самы буйны правал планавання адбыўся пры наборы на факультэт міліцыі грамадскай бяспекі Акадэміі МУС РБ. Пры плане прыёму 145 чалавек міліцэйскі факультэт атрымаў усяго 56 заяваў – напрошваюцца высновы. Але не ўсё так проста: на спецыяльнасць «аператыўна-вышуковая дзейнасць» на факультэце крымінальнай міліцыі конкурс дасягае 2,7 чалавек на месца (225 заяваў на 82 месцы). Троху меншы – на судова-пракурорска-следчую дзейнасць – 2,4 чалавекі на месца (180 заяваў на 75 месцаў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Вайсковая акадэмія РБ не змагла ўкамплектаваць групу паводле спецыяльнасці «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» (бракуе 5 чалавек) і факультэт сувязі і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (не стае 16 чалавек). Застаюцца вакансіі на факультэтах:

  • супрацьпаветранай абароны – 21 чалавек;
  • ракетных войскаў і артылерыі – 12 чалавек.

Затое ўсё добра з наборам на факультэт унутраных войскаў: 72 заявы на 64 планаваныя месцы.

Агулам Вайсковая акадэмія недабрала 20 чалавек (сярэдні конкурс 0,96 на месца).

Адзначым, што бракавала і тых, хто падаваў туды дакументы для навучання ў вайсковых навучальных установах РФ (планавалі набраць 66 чалавек – атрымалі 50 заяваў). Прыкладам, у Цюменскую ваенна-інжынерную камандную вучэльню з Беларусі вучыцца ніхто, відаць, не паедзе. З Вайсковай акадэміі хацелі накіраваць туды чатыры чалавекі, але ахвотных пакуль няма.

Экспертка: «Вялікую ролю адыгрывае палітычны фактар»

Кандыдатка педагагічных навук, экспертка ў галіне кіравання адукацыяй Святлана Мацкевіч звязвае недабор у ВНУ з міграцыйнымі працэсамі ў Беларусі (шмат якія абітурыенты зʼехалі з краіны) і з тым, што прапанова адукацыйных паслугаў не адпавядае «модным тэндэнцыям» у свядомасці маладых людзей.

Святлана Мацкевіч.
Фота: Вера Акавіцкая / Белсат

«Калі, напрыклад, разглядаць недабор у БДУІР, то гэта, мне падаецца, адлюстраванне палітычнай сітуацыі ў сувязі з відавочным ціскам на IT-сферу ды іншыя галіны.

І гэты палітычны фактар пачынае ўплываць на выбары спецыяльнасці і на рашэнні, ці атрымліваць наагул адукацыю ў Беларусі. Вялікую ролю пачынае тут адыгрываць сацыяльна-палітычны фактар», – мяркуе Святлана Мацкевіч.

Уплыў гэтага фактару асабліва ярка выяўляецца, на погляд эксперткі, у лічбах паступлення ў сілавыя ВНУ на чыста вайсковыя спецыяльнасці – як сацыяльны адказ на падзеі ва Украіне.

Святлана Мацкевіч заўважае, што за пададзенымі лічбамі прыёму складана разгледзець рэальны змест адукацыі. На ейную думку, ВНУ цяпер «працуюць на канʼюнктуру продажу дыпломаў».

«У цэлым жа зразумела, што попыт на вышэйшую адукацыю ў Беларусі рэзка зніжаецца, і з кожным годам будзе скарачацца. Асноўная прычына – усведамленне таго, што сістэма не толькі навучае і дае нейкі ўзровень кваліфікацыі, а ёсць інструментам кантролю і дысцыплінавання ў руках уладаў», – кажа Мацкевіч.

«У Беларусі няма ВНУ – ёсць вышэйшыя ПТУ»

Зніжэнне попыту будзе назірацца на ўсе віды адукацыйных паслугаў, лічыць экспертка. Тыя маладыя людзі, хто з іх пакуль карыстаецца, – робіць тое збольшага паводле інерцыі, якую задаюць бацькі маладых людзей: «усе мусяць мець вышэйшую адукацыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты побач з будынкам аўтатрактарнага факультэту БНТУ.
Фота: Белсат

«Але час мяняецца, і такая тэндэнцыя паволі затухае», – кажа Святлана Мацкевіч.

У размове з «Белсатам» Святлана Мацкевіч згадвае даўні жарт («жартавалі – і дажартаваліся!») у асяродку экспертаў пра тое, што «ў Беларусі няма ВНУ – ёсць вышэйшыя ПТУ». Бо сапраўдная вышэйшая адукацыя, паводле яе, гэта не атрыманне спецыяльнасці і падрыхтоўкі, а працэсы навучання мысленню, звязаныя з універсальнай падрыхтоўкай. І ў гэтым аспекце беларуская адукацыя – у глыбокім арʼергардзе.

Святлана Мацкевіч прызнаецца, што, калі б мела цяпер 18 гадоў, пастаралася б не трапіць у сістэму вышэйшай адукацыі РБ. Яна раіць маладым людзям карыстацца больш шырокімі магчымасцямі, якія дае глабалізацыя, і шукаць «сапраўднай адукацыі».

«Шукаць не столькі спецыяльнасці, колькі вядомыя навуковыя школы. Калі малады чалавек хоча чагосьці дасягнуць у гэтым свеце – трэба шукаць настаўнікаў, месцы, дзе цяпер кіпіць навуковая і тэхналагічная думка.

Трэба шукаць такія цэнтры і планаваць сваю адукацыйную траекторыю такім чынам, каб да гэтых цэнтраў набліжацца. А не марнаваць час на састарэлыя сістэмы адукацыі, якія падлягаюць санацыі і рэарганізацыі», – сказала Святлана Мацкевіч.

З 25 ліпеня да 2 жніўня ва ўніверсітэтах Беларусі праходзяць унутраныя экзамены. Залічэнне на бюджэтную форму навучання ў большасці ВНУ адбудзецца 4 жніўня. Дадатковы набор на вакантныя месцы пройдзе з 5 да 7 жніўня. Фінішуе прыёмная кампанія 10 жніўня – у апошні дзень залічэння студэнтаў-платнікаў.

Аналітыка
«Арыентуйцеся на падаражэнне 10 %». Колькі сёлета будзе каштаваць навучанне ў беларускіх ВНУ?
2022.07.21 12:17

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў