«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы


Калі хтосьці ў Віцебску кажа «Віцьба» – робіцца салодка ў роце. Слова асацыюецца найперш з аднайменнай фабрыкай слодычаў і з вафельнымі батончыкамі. Або – з зонай адпачынку на набярэжнай аднайменнай ракі: ровары, ролікі, катамараны. Але варта дадаць да «Віцьбы» лічбу «3» – і ўжо не да катамаранаў. Амаль кожны ведае, пра што вядзецца…

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат
Даведка

Зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя вязні. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі. Але пры дапамозе былых вязняў мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Калі некалі ў Беларусі створаць «турэмныя» туры (а з’явяцца ж і такія!), то ў Віцебску трэба пачынаць ад Смаленскай плошчы і вуліцы Гагарына. Дакладней – ад першага будынку на цотным баку – віцебскага СІЗА-2. Адтуль – напрасткі (праз Гагарына) – вылятаем на Суражскую шашу. Дыхаем з асалодай (абапал – ліпы) і круцім стырно, аж пакуль на 9-м кіламетры не сцісне знянацку ў грудзях – гулагаўскія вышкі, дрот, пасёлак Віцьба…

Віцябляне (віцьбічы) так і кажуць: «На дзявяты кіламетр». Перадачкі сюды возяць не толькі сваякі асуджаных, але і родныя змешчаных у Віцебскі абласны псіханеўралагічны дыспансер – яго карпусы хаваюцца за плотам зоны. У народзе псіхушку называюць «дзявяткаю». Хто дадумаўся псіхлякарню размяшчаць побач з папраўчай установай і як аўтаматчыкі на вышках уплываюць на псіхіку тамтэйшых пацыентаў, – пытанне. Але так ёсць.

Аднак на тэрыторыю псіхдыспансеру зазірнем пазней – праз вокны аднаго з баракаў на «Віцьбе». Тым больш, што, як сцвярджае адзін з нашых суразмоўцаў, на яе тэрыторыі ёсць уласная ўнутраная псіхушка.

Заходзім у калонію. У якасці правадніка (не, сталкера) – вядомы беларускі бізнесовец і былы зняволены папраўчай калоніі № 3 Аляксандр Кныровіч.

Уваход у пекла?.. «Недарагі савецкі санаторый»

КПП-1 (пазначанае «1» на малюнку). Аляксандр Кныровіч прызнаецца, што, як і кожны нармальны чалавек, ехаў у калонію «з вялікім страхам», сфармаваным кніжкамі і фільмамі пра зэкаў. А трапіў у «нармальны мужчынскі калектыў».

«Канкрэтныя выпрабаванні і катаванні былі ў СІЗА КДБ. Умовы ж у калоніі зусім іншыя і значна лепшыя.  Калі прыбраць адтуль дрот і ахоўнікаў, то нагадвала б, хутчэй, такі недарагі савецкі санаторый», – расказвае пра папраўчую калонію № 3 (ПК-3) «Віцьба» Аляксандр Кныровіч.

Схема папраўчай калоніі № 3 паводле былога вязня Аляксандра Кныровіча.
Фота: Белсат

Згаджаецца з такой ацэнкай яшчэ адзін экс-вязень ПК-3, былы супрацоўнік МУС Дзмітрый (прозвішча не называем з ягонай просьбы), які быў асуджаны на 7 гадоў («непалітычныя» артыкулы) і тры апошнія правёў у калоніі пад Віцебскам. Да гэтага сядзеў у Бабруйску (ПК-2).

«ПК-2 і ПК-3 («Віцьба») – гэта як неба і зямля. Я прыехаў у ПК-3, і для мяне гэта быў як прафілакторый пасля Бабруйску. Тут 70–80 % – адэкватныя людзі. У Бабруйску было наадварот», – кажа Дзмітрый.

Але – наперад. Аляксандр Кныровіч мяркуе, што кабінет начальніка калоніі Аляксея Старавойтава (да яго вернемся) месціцца якраз на КПП-1, адкуль ён, «як кіно, глядзіць на калонію».

Гасцініца, сталоўка, медчастка. Колькі людзей сядзіць на «Віцьбе»

За КПП-1 (шмон мінаем) троху злева стаіць будынак (2) за асобным плотам. На першым паверсе – гасцініца для спатканняў, на другім – адміністрацыйныя службы калоніі (бухгалтэрыя, аддзел кадраў і іншыя).

Рушым далей. У наступным будынку (3) месціцца сталоўка («святое месца»), пункт выдачы пасылак і крама («лаўка»). Гэта ўсё на першым паверсе. На другім – папраўчы аддзел, клуб, камп’ютарны клас (для дыстанцыйнага навучання). Там жа тэлефоны для размоваў і – каранцін. Кожны па прыбыцці адбывае два тыдні, але можа і даўжэй, бо размеркаванне ў атрады – толькі ў чацвяргі.

З боку ад будынку са сталоўкай – медчастка (4). Былы зняволены Дзмітрый сцвярджае, што на яе тэрыторыі месціцца адзіная ў краіне псіхлякарня для асуджаных мужчынаў. Кажа, што прывозяць сюды зняволеных з усіх калоніяў. Дзякуючы гэтаму ўдаецца здабыць інфармацыю (асуджаныя проста перакрыкваюцца) з іншых ПК – з Бабруйску, Мазыра, Наваполацку, Шклова, Горак і іншых месцаў.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат

Такім чынам, а таксама на падставе інфармацыі, атрыманай на этапах, Дзмітрый паспрабаваў падлічыць агульную колькасць зняволеных у РБ. Атрымалася, што на канец 2021 года іх было каля 60 тысячаў.

«А калі лічыць з «хіміяй» – то ўсіх 100 тысячаў выходзіць», – кажа Дзмітрый.

Што да «Віцьбы», то ў ёй трымаюць каля тысячы асуджаных (для параўнання, у бабруйскай калоніі – недзе 3,5 тысячы). На тысячу чалавек прыпадае 100–150 ахоўнікаў (паводле падлікаў былога зняволенага). Шэсць з іх – аўтаматчыкі на вышках. На кожнай адзін. Шэсць – улічваючы вышкі на прамысловай зоне. Удакладняем: уся тэрыторыя падзеленая на дзве вялікія часткі – жылую і прамысловую. Мы рушым па жылой. Хадзем далей.

Бацюшка на стаўцы і ШІЗА

Далей углыб – стадыён (5). Злева ад яго – царква (6), дакладней – храм Святога Яна (Іаана) Рускага. Цікава, што бацюшка, які там служыць, – служыць ва ўсіх сэнсах. Як сцвярджаюць былыя сядзельцы «Віцьбы», поп аформлены на стаўку МУС (Кныровіч кажа пра 0,25 стаўкі). Чаму праваслаўны святар – на стаўцы, а ксёндз мусіць прыязджаць з волі, і чаму мусульмане, юдэі ці будысты наагул не маюць доступу да святароў, – пытанні, якія адрасуем адразу Усявышняму, бо тут на іх ніхто не адкажа.

«Капеечная стаўка ў бацюшкі. Думаю, гэта такое тэхнічнае рашэнне, ніяк не звязанае з нейкімі пагонамі пад расай. Але… ці можа бацюшка «стучаць»? Лёгка. Бо агульная сітуацыя менавіта такая. Аднак заўважаны не быў, і нічога кепскага пра яго не скажу. Добрага – таксама. Вакол царквы – невялікая зялёная зона…» – працягвае Кныровіч.

Ён вядзе нас далей. Аднак перад тым як зазірнуць у жылыя баракі, вяртаемся ад царквы, уздоўж плоту, назад. На рагу зоны – яшчэ адзін агароджаны будынак (7). Там – ШІЗА (штрафны ізалятар) і БУР (баракі ўзмоцненага рэжыму). Аляксандр Кныровіч кажа, што туды не трапляў.

ШІЗА: павук ці павуцінне?

Былы палітвязень Зміцер Фурманаў, якога кінулі з гарадзенскага СІЗА на «Віцьбу», правёў – без перапынкаў – у мясцовым штрафным ізалятары 48 содняў.

Бывший политзаключенный Дмитрий Фурманов
Зміцер Фурманаў – былы палітвязень, якога асудзілі ў «справе Ціханоўскага». Затрыманы 29 траўня 2020 на пікеце ў Горадні і абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Змітру далі 2 гады калоніі, у кастрычнiку 2021 ён выйшаў на свабоду i пакiнуў Беларусь.
Фота: Яраслаў Аўдзееў / Белсат

«Гэта будынак з калідорам ва ўсю даўжыню. Там дзесьці каля 50 камераў. Палова з іх – гэта памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Але яны амаль нічым не розняцца ад камераў ШІЗА, толькі ўмовамі ўтрымання: у ПКТ можна чытаць газеты, пісаць лісты і выходзіць на шпацыр. У ШІЗА ўсё гэта – пад забаронай», – распавядае Зміцер Фурманаў.

Камера ШІЗА: 2,5 на 5,5 метраў, металічныя стол і крэсла, намёртва замацаваныя да падлогі, акенца з «вейкамі» пад столлю, раскладны двухузроўневы ложак, прыбіральня (не ўнітаз – а прыстасаванне з дзіркай), агароджаная ДСП, мыйка, радыё «Віцебск» на прадоле (калідоры), металічныя дзверы без кармушкі (кармушка на дадатковых кратах). Ні коўдры, ні падушкі, ні – барані божа! – прасціны нанач. Ложак на дзень складаецца да сцяны – паспрабуй адкінь!

«Адкідваецца з калідору. Шнур, спецыяльны штыр, які выцягваюць, – і ложак падае. І яго трэба прытрымліваць, бо ўся гэтая канструкцыя важыць прыкладна сто кілаграмаў. І ранкам, на пад’ёме, самому падняць даволі цяжка – дык прасіў дапамогі ў ахоўнікаў. Адзін дапамагае, другі блакуе штыром», – кажа Зміцер.

На вязню – лёгкая роба без кішэняў і каўняра. Спіць ён у ШІЗА на голых дошках. Уначы – халодна і вільготна. Каб сагрэцца, Зміцер адціскаўся ад падлогі. А зранку, з розных прычынаў, яму абвяшчалі «парушэнне рэжыму».

«Аднойчы павука знайшлі ў камеры. Палічылі парушэннем санітарных умоваў. Было напісана, што ў камеры павуцінне. На камісіі я кажу: павуціння ж не было – толькі павук. А яны: калі ёсць павук – значыцца ёсць і павуцінне…» – смяецца Зміцер Фурманаў.

Дадае дэталь: сцены ў камеры ШІЗА пабеленыя шэрай вапнай – не прыхіліцца, бо запэцкаешся і атрымаеш яшчэ адно «парушэнне».

Месцы свабоды і «самае страшнае» ў калоніі

Але з унутранай турмы вяртаемся (Зміцер Фурманаў ужо на волі) на стадыён – сапраўдны астравок свабоды для шмат якіх вязняў. Тут, згодна з графікам, штодзень можна гуляць цягам гадзіны ў футбол ці баскетбол, трэнавацца на турніках. Ці проста шпацыраваць.

Скрыншот мапы з нумерацыяй будынкаў паводле схемы Аляксандра Кныровіча. Крыніца: Google Maps

Для Аляксандра Кныровіча такім «месцам свабоды» ў зняволенні быў найперш клуб, але ён прызнаецца, што, не прэтэндуючы на славу Какорына і Мамаева, з задавальненнем таксама ганяў і ў футбол.

«Бо самае страшнае ў калоніі, калі няма куды сябе падзець. Калі ты не заняты. Калі тупа ляжыш і «я…ш вату». Таму – тэатр, гітара, стварэнне чагосьці. Дзень быў распісаны, і таму псіхалагічна тры гады ў калоніі мінулі хутка. Але чалавек, які проста ляжыць на нарах, па-іншаму ўспрымае час», – кажа Кныровіч.

Баракі. Што відаць з вокнаў

За стадыёнам – жылыя баракі (8). Тры будынкі. У канцы іх шэрагу, бліжэй да прамзоны (10), – бібліятэка і лазневы комплекс (9).

Баракі адзін ад аднаго адгароджаныя плотам, бо – не кантактаваць! У кожным – чатыры атрады. Аляксандр Кныровіч кажа, што жыў у самым новым бараку, дзе размяшчаліся атрады 1, 8, 9, 10. Заходзім усярэдзіну.

Агульны калідор. З аднаго боку – чатыры спальныя памяшканні, кожнае на 36 чалавек. З другога – дзве прыбіральні, дзве ўмывальні, «ленінскі пакой», дзе могуць прысесці («ох, слэнг нікуды не дзяецца, не магу сказаць «сесці», – смяецца Кныровіч) да 140 чалавек – з вялікім тэлевізарам. Там жа – чаявая, камера захоўвання, гардэробная і сушылка.

«Калі пра спальні, то гэта двух’ярусныя ложкі. І ведаеце, гэта не так цесна, як у купэ цягніка. На кожныя два ложкі – адна тумбачка. Пасярод спальні – стол. З гледзішча якасці, уявіце сабе адрамантаваную раённую паліклініку, – гэта прыкладна так. Усё танна і чысценька. І няма больш чыстага памяшкання на зямлі, чым такая спальня», – сцвярджае Аляксандр Кныровіч.

І яшчэ: там вялікія вокны. Закратаваныя, але «інтэлігентна». З аднаго боку можна глядзець на псіхушку і на Віцебск удалечыні. З другога – на царкву і зялёную зону.

Сцены ў спальнях – бэжавага колеру.

Пра галоўнае правіла. Ці ёсць у «Віцьбе» паханы

Кныровіч заўважае, што статусна – спаць на першым ярусе. Але «статусна» – не ў сэнсе «вараўскіх» паняццяў». Проста – зручна. Што да «жыць па паняццях» і зэкаўскай іерархіі, то Аляксандр сцвярджае, што такога ў «Віцьбе» не было. Расказвае, што аднойчы завезлі «пад дах» (у БУР) кагосьці, хто прэтэндаваў на статус такога чалавека, які кіруе супольнасцю. Але з «Віцьбы» яго хутка прыбралі, калі аднойчы ўсе атрады адмовіліся ад сняданку.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат

«У астатнім, так, існуюць паняцці. Але калі пачынаеш разбірацца, што значыць зладзейскія паняцці, то гэта роўна тыя ж паняцці, якія мы называем чалавечымі. Калі ты ў вельмі блізкім кантакце з вялікай масай мужчынаў, табе ўсё роўна патрэбныя выразныя правілы», – тлумачыць былы вязень ПК-3 Аляксандр Кныровіч.

Кажа, што ёсць такія, якія нармальнаму чалавеку могуць падацца смешнымі. Прыкладам – нельга датыкацца да чужых майткоў або шкарпэтак. Ці – не падымаць з падлогі тое, што ўпала ў прыбіральні («Залаты партабак упаў? Усё, забудзься…»). Але і гэтыя забароны маюць нейкія рацыянальныя падставы, сцвярджае Кныровіч.

«А галоўнае правіла там: жыві, кім жыў. Прыехаў чыноўнікам – дык і паводзь сябе адпаведна. Не мусіш станавіцца кімсьці па «зладзейскіх паняццях».

Калі ты робіш тое, што для цябе натуральна, то ніякіх праблемаў у цябе не будзе. Таму ў цэлым таго, што, магчыма, існавала раней, калі міліцыя кантралявала калонію толькі вонкі, а ўсярэдзіне ішло сваё жыццё «з паханамі» і «сматрашчымі» – такога акурат на «Віцьбе» няма. Але правілы ёсць. І выконваць іх трэба», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Хто «кіруе» калоніяй і чаму начальнікі – тоўстыя

Былы зняволены ПК-3 Зміцер дадае, што там наагул нікому не цікава было жыць «па паняццях», бо большасць – культурныя людзі.

Гаворыць, што сядзеў і з дырэктарамі прадпрыемстваў (напрыклад, з былым кіраўніком «Мотавела» Аляксандрам Мураўёвым), і з падпалкоўнікам КДБ (прозвішча не ўспомніў), і з былым кіраўніком службы бяспекі Лукашэнкі Уцюрыным, які мае ў «Віцьбе» свой кабінет і плавае як сыр у масле (але «ні з кім не размаўляе»).

Наконт кіраўніцтва калоніі Зміцер кажа, што «ўсім кіруе аператыўны аддзел», «які ўсіх цісне і ўсіх душыць». Гэты аддзел месціцца на КПП-2. Гэта ж – уваход на прамысловую зону (праца ў калоніі – асобная тэма). Менавіта аператыўнікі, кажа Зміцер, становяцца намеснікамі начальніка і начальнікамі калоніі.

Ці быў аператыўнікам цяперашні начальнік ПК-3 Аляксей Старавойтаў, – не ведаем. Аляксандр Кныровіч кажа, што ў калоніі асуджаныя ўспрымаюць яго як чалавека залётнага, «уступіць з ім у кантакт – ніякіх шанцаў».

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат

«Незразумелая фігура. Мне ён падаўся чалавекам вельмі напружаным, вельмі «на нервняке». Прычым усе людзі з начальства ў калоніі маюць лішнюю вагу. Зразумела чаму – пастаянна ў стрэсе.  Самы страшны стрэс у іх такі: што прыедуць і іх пакараюць. І свой стрэс яны заядаюць», – заўважае Кныровіч («а некаторыя – запіваюць»).

Пра харчаванне ў ПК-3. Анекдот з пельменямі

Калі, дарэчы, вярнуцца ў сталоўку, то былыя вязні «Віцьбы» не скардзяцца на рацыён.

«Віцьба» сапраўды найлепшая калонія ў Беларусі – паводле якасці жыцця і ў плане харчавання. Мне тут нядаўна напісалі, што харчаванне стала яшчэ лепшае… Гэта, можа, не вельмі разнастайна, але ніводнага памерлага ад голаду ў калоніі я не бачыў. Калі ты хочаш атрымліваць 5 тысяч калорыяў з кашы, супоў і іншага – наясіся ўволю. Галодных у калоніі няма. Чаго бракуе – дык гародніны і садавіны», – расказвае Аляксандр Кныровіч.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яго асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра ягонае вызваленне. Варшава, Польшча 17 верасня 2021.
Фота: Белсат

Улюбёная ягоная віцьбаўская страва – ячная каша, прыпраўленая тушонкай.

Распавёў «анекдот», калі на зоне (Кныровіч кажа, што калонію «зонай» тут не называюць) для зняволеных спрабавалі гатаваць нават смажаныя пельмені. Але не далі рады – «тэхналагічна не былі гатовыя да такога шчасця».

Дарэчы, Аляксандр Кныровіч папярэджвае, што мясцовы хлеб (выпякаецца на тэрыторыі калоніі) есці нельга. Хіба скарынкі. Мякішам кормяць мясцовых галубоў.

Палітвязні ў калоніі «Віцьба»

«Віцьба-3» – калонія для «першаходаў». Калі туды трапляюць палітвязні – гэта добры, калі так можна сказаць, варыянт, лічыць Кныровіч.

«Тое, што Знак паехаў у «Віцьбу» – гэта добра, а тое, што Бабарыку адправілі ў Наваполацк, – гэта кепска», – зазначае ён.

Кажа, што ў размеркаванні ў калоніі існуе нейкая логіка, але мяркуе, што канчатковыя рашэнні ўсё адно прымаюцца не ўнутры «папраўчага працэсу», а недзе ў іншым месцы.

Паводле Dissidentby, у «Віцьбе» адбываюць пакаранні 69 асуджаных у «палітычных» справах. Сярод іх:

  • Максім Знак, сябра Каардынацыйнай рады, адвакат, асуджаны на 10 гадоў;
  • Сяргей Пятрухін, блогер, асуджаны на 3 гады;
  • Леанід Судаленка, праваабаронца, прысуд – 3 гады;
  • Максім Вінярскі, актывіст, прысуд – 5 гадоў калоніі;
  • Дзмітрый Дубоўскі, анархіст, вырак – 18 гадоў;
  • Уладзімір Калач, музыка гурта «Irdorath», асуджаны да 2 гадоў калоніі;
  • Пётр Марчанка, музыка гурта «Irdorath», тэрмін – 1,5 года калоніі;
  • Ігар Лаптановіч, трое дзяцей, жонка ў турме, «карагодная справа», прысуд – 2,5 года;
  • Уладзімір Цурпанаў, актывіст з Магілёва, 2 гады;
  • Аляксей Сянькоў, былы следчы СК, 3 гады;
  • Уладзімір Цыгановіч, аўтар YouTube-каналу «MozgON», вырак – 15 гадоў калоніі (перавялі ў «Віцьбу» ў пачатку ліпеня).

У свой час праз «Віцьбу» прайшлі Аляксандр Юркойць, Тарас Аватараў, Сяргей Каваленка, Аляксандр Казулін.

«На мой погляд, 80 % людзей, якія сядзяць у гэтай калоніі, не мусяць там быць. І не таму, што яны там чынілі ці не чынілі злачынствы. А таму што, паводле Крымінальнага кодэксу, адзінай мэтай такога пакарання ёсць выпраўленне асуджанага… Выпраўленне. Ніякай помсты ў якасці мэты кодэкс не прадугледжвае. Тут жа атрымліваецца, што 80 % сядзельцаў проста помсцяць», – мяркуе Кныровіч.

Ці можна ўцячы з калоніі «Віцьба-3»

«Ці магчыма ўцячы з «Віцьбы»?» – пытаюся ў былога зняволенага ПК-3 Змітра. «Думаю, так, можна», – адказвае амаль без паўзы. І расказвае выпадак, калі «аднаму амаль удалося, але калашыною зачапіўся за калючку». Легенда ці не, але плот здаўся троху ніжэйшым, чым ёсць.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь.
Фота: Белсат

«Наагул праблемаў з гэтым не існуе. Тым больш – калі з прамзоны і калі цябе будзе чакаць машына з дошкамі. Кінуў стэлаж, другі. Магчыма і з даху, калі пусціш канат…» – разганяе фантазію Зміцер.

Але праз паўзу прызнаецца: думкі пра ўцёкі калі і прыходзяць да галавы, то хіба тым, хто мае вырак ад 15 гадоў.

Аўтаматчыкі на вышках з палёгкаю выдыхаюць…

Не ўцякаем. Шпарка крочым да КПП-1 і зачыняем за сабою цяжкія дзверы «Віцьбы». На свабодзе. Калі-небудзь кожны вязень ПК-3 пачуе гэты грукат за спінаю.

зона.бел
«Арыштантаў канваююць пад зямлёй». Як у Жодзінскай турме сядзяць і палітычныя, і асуджаныя на пажыццёвае зняволенне
2022.07.24 08:40

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў