Менскія ўлады зацвердзілі перабудову прамзоны вакол МТЗ. Што хочуць зрабіць?


Трактарны завод мае стаць «аб’ектам прыцягнення турыстаў». Сам завод не закрыюць і не знясуць, але шэраг карпусоў адрамантуюць і збудуюць новыя, таксама у планах – паркінгі, офісы і будынкі «грамадскага прызначэння», «архітэктурная дамінанта», новая лінія метро і хуткасны трамвай.

Менскі трактарны завод (МТЗ).
Фота: wikipedia.org

Два месяцы таму Менгарвыканкам прыняў рашэнне зацвердзіць праект дэталёвага планавання прамзоны каля Менскага трактарнага заводу. Праект апублікавалі толькі 26 ліпеня. Глядзім, што ў ім.

Гаворка ў праекце ідзе пра гэтую тэрыторыю (мапу можна наблізіць):

План у зацверджаным рашэнні такі. Выява нізкай якасці, надпісы ледзь разабраць, але выглядае на тое, што зацверджаны план мала адрозніваецца ад прапанаванага ў 2018 годзе (ён ёсць у высокай якасці тут).

Схема дэталёвага плану забудовы раёну Менскага трактарнага заводу. Выява: Pravo.by

Што гэта значыць

  • Акрэслены раён цяпер – суцэльная прамзона з карпусамі заводаў (збольшага – МТЗ, але таксама завод шасцерняў, электрамеханічны і падшыпнікавы), гаражамі, стаянкай трактароў, чыгункай… У шэрагу заводскіх будынкаў ужо працуюць розныя бізнесы, як то станцыі тэхнічнага абслугоўвання і шынамантажы, офісы і аддзяленні банкаў, крамы і кавярні, нават басейн, інстытут і медычны каледж.
  • Зносіць збіраюцца мала што: хіба металічныя гаражы дзеля замены іх паркінгам з «высокім узроўнем азелянення» (да 2030 года), два вытворчыя і адзін адміністрацыйны будынак (пасля 2030 года) дзеля будаўніцтва шматпавярховага паркінгу і дэпо метрапалітэну. Паспрабуюць захаваць ансамбль забудовы і азеляненне па Даўгабродскай, улічыць наяўнасць на сумежных тэрыторыях жылой забудовы.
  • Рэканструяваць будынкі і будаваць новыя збіраюцца так, каб 300-метровая санітарна-абарончая зона не павялічвалася, а для некаторых новых будынкаў не перавышала 50 метраў. Частку вытворчасці могуць вынесці на іншыя пляцоўкі. Прапануецца збудаваць 25-павярховую «архітэктурную дамінанту» на скрыжаванні Радыяльнай і Ваўпшасава.
  • На першым этапе (да 2025 года) збіраюцца збудаваць некалькі новых вытворчых карпусоў і адрамантаваць старыя, на тэрыторыі 9-й дзіцячай паліклінікі збудаваць новы корпус з разліку на 370 наведванняў паліклінікі за змену.
  • На другім этапе (да 2030 года) збіраюцца рэканструяваць яшчэ шэраг вытворчых будынкаў і збудаваць яшчэ некалькі новых, а таксама паставіць некалькі паркінгаў, стаянак і падземных гаражоў, збудаваць шматфункцыйны комплекс «грамадскага прызначэння» са стаянкай і яшчэ адзін «аб’ект грамадскага прызначэння», новую СТА і бензастанцыю, рэканструяваць спарткомплекс і некалькі будынкаў і тэрыторыяў пад «адміністрацыйна-бізнесовую функцыю».
  • На трэцім этапе (пасля 2030 года) збіраюцца збудаваць дэпо метрапалітэну, вялікі гараж-стаянку і адміністрацыйна-бізнесовы будынак на месцы знесеных будынкаў, рэканструяваць гаражны масіў у раёне цеплаправоду ЦЭЦ-3.
  • Кальцавую лінію метрапалітэну збіраюцца збудаваць у перыяд 2020–2030 гадоў (раней гаворка ішла пра будаўніцтва чацвёртай лініі ў 2030–2040 гадах), таксама пасля 2030 года збіраюцца збудаваць трамвайную лінію, каб хуткасны трамвай ішоў па Ваўпшасава, Даўгабродскай у цэнтр гораду і далей у Нацыянальны аэрапорт «Менск». Плануецца (без падрабязнасцяў) будаўніцтва некалькіх шматузроўневых транспартавых развязак на Даўгабродскай, Ваўпшасава і Радыяльнай. Збіраюцца збудаваць новыя вуліцы, перанесці прыпынкі электрычак, зрабіць новыя перасадачныя вузлы.
  • Вуліца Даўгабродская і раён метро «Трактарны завод» мусяць стаць «элементамі комплексу транзітнага турызму», пры тым турыстаў мусіць прыцягваць МТЗ. За кошт чаго, не пішуць. Затое абяцаюць веладарожкі.
  • Напэўна, плануюцца новыя крамы і кавярні. Праект патрабуе забяспечыць людзей (якіх у раёне мае быць шмат) «аб’ектамі культурна-бытавога абслугоўвання». На ніжніх паверхах вытворчых памяшканняў, якія выходзяць на вуліцы і бульвары, прапаноўваюць «стымуляваць» адкрыццё аб’ектаў «сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання».

Ці праўда ўсё гэта рэалізуюць, невядома: падобныя планы не раз мяняліся, адкладаліся і парушаліся, у тым ліку без згоды менчукоў, новабуды не раз абуралі жыхароў сталіцы. На планы можа паўплываць эканамічнае становішча краіны: санкцыі, абвал экспарту, дэфіцыт бюджэту, дэфолт

Hавiны
Будаўніцтва менскага метро ў бок Зялёнага Лугу паабяцалі пачаць ужо ў 2022 годзе. Што абяцалі раней
2022.02.14 18:49

Колькі яшчэ такіх прамзонаў у Менску

Раён МТЗ – адна з найбуйнейшых прамзонаў Менску, але далёка не адзіная: шмат дзе ў горадзе стаяць савецкія заводы. Размовы пра вынас прамысловых прадпрыемстваў з Менску ідуць даўно, але працэс ідзе марудна.

Канал «Город для горожан» публікаваў у 2018 годзе «сакрэтны архіў Менскграду» – рознага кшталту дэталёвыя планы Менску, якія да таго не рабілі публічнымі. Сярод іх былі і схемы вытворчых тэрыторыяў. Выява ў высокай якасці дасяжная тут.

Hавiны
Менгарвыканкам абяцае, што аб’яднае роварныя сцежкі. Эксперт тлумачыць, што не так з праектам
2021.05.04 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў