Крэмль усё часцей выкарыстоўвае «Газпром» у вайне з Украінай і Еўропай


Расейскі «Газпром» без папярэджання павысіў ціск на памежным адцінку газатранспартнай сістэмы Украіны, паведаміў аператар ГТС Украіны. Эксперт у галіне энергетыкі ў размове з «Белсатам» нагадаў, што гэта не першая атака з боку Крамля. Але газатранспартная сістэма Украіны вытрымала напад.

ТАА «Газпром трансгаз Масква». Крыніца: Sputnik

Дыспетчары аператара газатранспартнай сістэмы Украіны зафіксавалі рэзкае павышэнне ціску на магістральным газаправодзе «Урэнгой – Памары – Ужгарад» на адцінку дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі і Украіны. Прычым, як паведамляе ўкраінскі бок, змена ціску адбылася без папярэджання.

Сітуацыя выглядае даволі небяспечнай, бо можа прывесці да буйных аварыяў газатранспартнай сістэмы.

«Такія няўзгодненыя дзеянні «Газпрому» выклікаюць заклапочанасць. Украінскі аператар ГТС настойвае на тым, што расейскі аператар ГТС павінен даваць інфармацыю аб прычынах такіх паводзінаў у межах стандартаў пагадненняў паміж аператарамі. Нясвоечасовае паведамленне аператара нясе патэнцыйныя рызыкі для штатнай працы ГТС Украіны. Такі крок выглядае асабліва небяспечным для Еўропы пасля таго, як «Газпром» зноў скараціў транзіт праз «Nord Stream – 1» да 33 мільёнаў кубаметраў за содні», – адзначыў генеральны дырэктар аператара ГТС Украіны Сяргей Макагон.

Hавiны
Расея часова спыняе працу галоўнага газаправоду ў Еўропу
2022.07.11 09:03

Газавая атака

«Газпрому» робіць такое не ўпершыню. У 2009 годзе аналагічная сітуацыя адбылася з Туркменістанам. Расейская кампанія тады без папярэджання раптоўна скараціла адбор туркменскага газу. У выніку трубаправод не вытрымаў ціску, адбылася буйная аварыя. Мэта гэтай атакі была ў тым, каб спыніць транзіт туркменскага газу праз Расею ў Еўразвяз, нагадвае Уладзімір Амельчанка, дырэктар энергетычных праграмаў кіеўскага цэнтру «Разумкоў».

«Я лічу, што Расея зрабіла гэта свядома, мэта яе відавочная – перашкодзіць канкурэнту. Але ў выніку Туркменістан пераарыентаваўся на Кітай, распачаў актыўны гандаль з гэтай краінай. Не толькі фінансава, распачалася і палітычная супраца, што ў выніку адарвала Туркменістан ад Расеі. Крэмль жа, атрымалася, стрэліў сам сабе ў нагу», – кажа Уладзімір Амельчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: minprom.ua

У інцыдэнце з украінскай газатранспартнай сістэмай аналітык таксама бачыць атаку з боку Масквы. Пры гэтым эксперт адзначае, што такія захады, якія «Газпром» рабіў у дачыненні Туркменістану, не спрацуюць з Украінай.

«Газатранспартная сістэма Украіны больш устойлівая, чым Туркменская. Ва Украіны не адзін газаправод, а некалькі. Да таго ж ёсць і сховішчы. Таму нават калі б і адбылася нейкая аварыя на адным газаправодзе, то можна было б пераключыцца на іншы. Гэтая атака Расея не ў стане знішчыць газатранспартнай сістэмы Украіны», – кажа Уладзімір Амельчанка.

У 2014–2015 гадах таксама Расея чыніла тэракты на газаправодах, былі выбухі, аднак сістэма вытрымала тады, вытрымае і цяпер, дадае аналітык.

Hавiны
Акцыі «Газпрому» ўпалі на 30 %
2022.06.30 14:41

Атака на Украіну – гэта атака і на Еўропу

Расея цяпер планамерна вядзе газавую вайну з Еўропай, лічыць суразмоўца «Белсату». У Крамлі імкнуцца пад пагрозай замарожвання або высокіх коштаў на энерганосьбіты ўздзейнічаць на бізнес, на грамадства, каб людзі прымусілі палітычнае кіраўніцтва еўрапейскіх краінаў пайсці на перамовы і саступкі Расеі. Галоўныя задачы – адмена санкцыяў і спыненне паставак зброі ва Украіну.

«Тое, што «Газпром» актывізаваўся на турбінах і скарачэнні паставак газу ў Еўропу, сітуацыя вакол украінскай газатранспартнай сістэмы – усё гэта сведчыць пра тое, што на фронце ваеннымі дзеяннямі ў Расеі не ўсе атрымліваецца, таму яны і распачалі газавы шантаж», – кажа Уладзімір Амельчанка.

Мэта кіраўніцтва Крамля, лічыць эксперт, прымусіць Украіну падпісаць пагадненні кшталту «Менск-3». Энергетычная зброя – толькі частка сродкаў рэалізацыі гэтага плану.

Але Еўропа пастанавіла стаяць на сваім. Гэтак, еўракамісарка ў справе энергетыкі Кадры Сімсан (Kadri Simson) лічыць, што «Газпром» скарачае пастаўкі газу з палітычных прычынаў.

«Мы ведаем, што тэхнічных прычынаў для гэтага няма. Гэта палітычна матываваны крок, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Менавіта таму папераджальнае зніжэнне нашага попыту на газ – мудрая стратэгія», – сказала Кадры Сімсан.

ЕЗ 26 ліпеня дасягнуў дамоўленасці ў прыняцці плану па скарачэнні спажывання газу на 15 % у перыяд з 1 жніўня 2022 па 31 сакавіка 2023 года. Паводле плану, краіны Еўразвязу самыя змогуць выбіраць захады, пры дапамозе якіх скарачаць попыт на газ.

Каментар
Ці змерзне Польшча? Як Еўразвяз рыхтуецца да зімы, што можа прайсці без расейскага газу
2022.07.22 12:17

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў