«Каму война, а каму карова дойна». Як махляры нажываюцца на вайне


Пасля ўварвання РФ ва Украіну актывізаваліся сумленныя людзі, гатовыя дапамагаць: фонды, ініцыятывы і валанцёры накіравалі сваю ўвагу на падтрыманне Украіны. Бурлівую дзейнасць разгарнулі і тыя, пра каго ў народзе кажуць «каму война, а каму карова дойна». Мы сабралі самыя распаўсюджаныя схемы ашуканцаў, якія выкарыстоўваюць вайну для лёгкага нажытку ва Украіне і за мяжою.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Фэйкавы збор грошай і гуманітарнай дапамогі

У Беларусь з пачатку вайны прыехала каля 34 тысяч украінцаў (станам на 25 ліпеня). Тыя, хто не мае сваякоў, у якіх можна пажыць, размяркоўваліся ў санаторыях. Некаторыя беларусы адразу сталі шукаць варыянты, як дапамагчы суседзям-уцекачам.

Беларуска ў тэлеграме знайшла чат гомельскіх валанцёраў, якія дапамагаюць уцекачам. Кінула заклік сваім знаёмым, сабрала рэчы, знайшла кіроўцу і адправіла ў Гомель. Больш ніякай інфармацыі пра тое, куды былі аддадзеныя рэчы, яна не атрымала. Ці былі гэтыя людзі сумленныя, невядома. Але пазней дзяўчына даведалася, што валанцёрамі з Гомля зацікавілася міліцыя.

Ашуканцы ствараюць цэлыя сайты і выкленчваюць грошы або персанальныя звесткі. У чаце ўкраінцаў у Польшчы можна сустрэць паведамленні, дзе «пацярпелыя» арганізоўваюць для сябе персанальныя зборы. Пасля пары верыфікацыйных пытанняў яны знікаюць.

Крыніца: чытачы / Белсат

Нават некаторыя дабрачынныя арганізацыі прыдумляюць спосабы зарабляць на вайне. Так, адна з такіх імпартавала фірмавае адзенне пад выглядам гуманітарнай дапамогі.

«З’ЯВІЎСЯ КЛОН НАШАГА БОТА. БУДЗЬЦЕ ПІЛЬНЫЯ!» – паведаміў фонд BYSOL.

У Telegram з’явіўся клон-махляр з нікам, падобным на назву беларускага фонду. Зважайце і заўсёды спраўджвайце нік робата на афіцыйных пляцоўках.

Даведка

Як не трапіць на махляроў?

Рабіце ахвяраванні на рахункі і кашалькі, указаныя ў афіцыйным канале арганізацыі. Спраўджвайце рахункі перад дасыланнем грошай.

Памятайце, што калі вы ахвяруеце грошы, маеце поўнае права атрымаць поўную справаздачу пра выдаткі.

У справаздачы мусіць быць указана, што куплена і дзе. Калі ёсць сумневы, можна звязацца з крамай, у якой зрабілі куплю, і ўдакладніць тавары і суму, на якую яны былі набытыя.

У выпадку персанальных збораў вы маеце права звязацца з асобай, даведацца, ці атрымала яна тую дапамогу.

Эвакуацыйныя транспартаванні

Тым, хто застаўся ў зонах баявых дзеянняў, прапануюць за грошы дапамагчы з выездам, а пасля атрымання папярэдняй аплаты на картку – знікаюць.

Мноства беларусаў пасля пачатку вайны пастанавілі з’ехаць з краіны і дыстанцыйна шукалі працу за мяжой, афармлялі запрашэнні на працу. Адзін з пацярпелых распавёў нашаму журналісту пра свой няўдалы досвед з запрашэннем, якое аказалася несапраўдным.

«Адна з такіх фірмаў трапіла пад праверку польскіх памежнікаў – і беларуса развярнулі на мяжы. Добра што візу не анулявалі, а толькі параілі знайсці іншую працу».

Мужчына раіць загадзя праверыць сапраўднасць такой фірмы спачатку праз інтэрнэт, праз нумар тэлефона і падатковы нумар (NIP)

Арэнда жытла

27-гадовы махляр адправіў мігрантаў на могілкі ў Закарпацце. Браў аванс за арэнду жытла, а затым дасылаў перасяленцам геалакацыю «дому», што прыводзіла людзей на могілкі.

У час вялікай хвалі эміграцыі праз вялікі попыт падскочылі цэны на арэнднае жытло ў Польшчы і Літве і нават ва Украіне. Беларуска Анісія Казлюк распавяла «Белсату», як людзі нажываліся на арэндзе жытла ў Львове, куды пасля 24 лютага пераехала мноства людзей, з-за адноснай бяспекі гэтай часткі краіны.

«Тут есць некалькі сайтаў, накшталт нашага «Куфра». Колькі мы не прыходзілі паводле абвестак уласнікаў, нас заўжды сустракалі агенты. Аднойчы мы прыйшлі ў кватэру, а там яшчэ жылі людзі, іх хацелі выселіць. За аднапакаёўку прасілі 650 долараў. Гэта нерэальныя грошы для Львова. Недзе праз месяц пасля пачатку вайны за халупы выстаўлялі тысячы долараў. Аднойчы мы амаль ужо знялі кватэру. Але гаспадар папрасіў даць задатак 400 грыўняў. Я запытала: «Вы дакладна не махляр?». Ён мне адказаў: «Бог ёсць». Мы перавялі грошы – і ён мяне заблакаваў. Пасля я стала «санітарам» на такіх сайтах і заблакавала шмат махлярскіх абвестак».

Цяпер рынак арэнднага жытла вяртаецца ў прытомны стан, кажа Анісія.

Скрыншот: асабісты архіў Анісіі Казлюк

Нажываюцца на жыцці

Месяц таму СБУ заблакавала ашуканскую схему «Ваш сваяк у палоне!».

На Запарожжы зламыснікі тэлефанавалі блізкім жаўнераў ЗСУ і прапаноўвалі сваю «дапамогу». У іх быў нават прайс «паслугаў»:

– Транспартаванне цела загінулага: да 10 тысяч грыўняў (каля 270 долараў);

– Тэлефонная размова з палонным: 10–50 тысяч грыўняў (270–1360 долараў);

– Вызваленне з палону: 50–200 тысяч грыўняў (1360–5438 долараў).

Яшчэ адно новае махлярства – абвесткі аб продажы тавараў для ўкраінскіх вайскоўцаў у Еўропе і ва Украіне. Сутнасць яго ў тым, што пасля атрымання грошай тавару ніхто не атрымлівае, або зламыснікі дасылаюць бракаваную амуніцыю, што не абароніць байцоў ад куляў, ці ненадзейны турнікет (жгут), што зломіцца замест таго, каб спыніць кроў.

Аліса Ганчар belsat.eu

 

 

Стужка навінаў