Беларуска ўзышла з бел-чырвона-белым сцягам на вяршыню К2. Гэта круцей за Эвэрэст


Хай сабе гара Чагары, таксама вядомая як К2, на 200 з лішнім метраў ніжэй за Эверэст, падняцца туды значна цяжэй. На K2 за ўсю гісторыю падняліся менш як чатыры сотні чалавек, 91 чалавек загінуў у дарозе. І на Эвэрэсце, і на К2 пабывала беларуска Лілія Яноўская, на абедзвюх вяршынях – з бел-чырвона-белым сцягам. 

Беларуска Лілія Яноўская разам з дачкой Дар’яй у складзе каманды альпіністаў 14 траўня паднялася на Эвэрэст – самую высокую вяршыню свету.⁣ А 22 ліпеня Лілія паднялася на гару K2 у Пакістане – адну з самых небяспечных гораў свету з вышынёй піку ў 8610 метраў ад узроўню мора і адноснай вышынёй у 4020 метраў.

Лілія паставіла рэкорд: ёй праз два тыдні будзе 63 гады, а раней найстарэйшай жанчынай на К2 была 52-гадовая. Да таго ж, Лілія – першая беларуска на К2.

Вольга Яноўская, дачка Ліліі і сястра Дар’і, расказала ў эфіры «Белсату» тое, што маці паспела перадаць з гораў: мабільнай сувязі там няма нават у лагерах, размаўляюць толькі часам праз спадарожнікавую сувязь ці праз SMS. Вольга ведае, што перад узыходам на вяршыню маці было цяжка – калі ішла з першага лагеру ў другі. Дачка нават думала, што Лілія не пойдзе далей. Але каля 3 гадзінаў ночы 22 ліпеня Лілія дабралася да вяршыні.

Лілія Яноўскія родам з Менску, але ў канцы 1990-х пераехала ў Канаду, таму на Эверэст збіралася ісці з бел-чырвона-белым і канадскім сцягамі, але праз падзеі ва Украіне ўзяла з сабой яшчэ і ўкраінскі – на вяршыні маці і дачка ўзнялі ўсе тры. На К2 Лілія ўзяла з сабой толькі бел-чырвона-белы.

Цяпер, кажа Вольга, маці знаходзіцца ў базавым лагеры ў гарах, бо на наступным тыдні рыхтуецца ўзысці на яшчэ адзін пік-васьмітысячнік: суседнюю з К2 вяршыню К4 – Гашэрбрум ІІ. Базавыя лагеры для ўзыходу на гэтыя вяршыні знаходзяцца побач, таму далёка спускацца не трэба.

«Яшчэ пакуль дамоў яна не вяртаецца, – расказвае Вольга пра маці. – Але адчувае яна сябе даволі добра, яна поўная энергіі. І ўзыходжанне на К2 яе вельмі моцна натхніла. І я думаю, у будучыні будуць яшчэ васьмітысячнікі».

Самыя складаныя моманты ўзыходжання для Ліліі, тлумачыць Вольга, гэта бытавыя: напрыклад, на вышыні вада закіпае пры тэмпературы менш за 100°С, таму нават кіпень недастаткова чысты. Лагеры ў гарах вельмі малыя і цесныя – шмат хто хварэе праз гэта. Калі даводзіцца тыднямі чакаць добрага надвор’я, жыць у лагерах цяжка. Але ні маці, ні сястра ёй ні на што не скардзяцца падчас узыходаў.

Лілія і Дар’я Яноўскія разам займаюцца скалалажаннем ужо даўно: каля 10 гадоў таму разам падняліся на Кіліманджара ў Танзаніі, цяпер разам ходзяць у горы. Вольга расказвае, што сама яна не займаецца скалалажаннем, але ўсміхаецца: «Мо ў будучыні, яшчэ не позна пачаць».

Як маці выбірае сабе вяршыні, Вольга нават не ведае: кажа, спачатку Лілія хацела паспрабаваць сілы толькі на адным васьмітысячніку, Чо-Айю ў Непале, а калі атрымалася, яна проста адчула, што «ёсць магчымасць – і можна рухацца далей». Калі скарыўся Эвэрэст, захацелася большага. Што будзе пасля К2 і К4, Вольга нават думаць не хоча: у Гімалаях-та ёсць яшчэ вяршыні-васьмітысячнікі, але яны лічацца яшчэ больш небяспечнымі, таму пра далейшыя планы не пытае маці.

«Пастаянна я яе адгаворваю, пастаянна пішу SMS-кі і кажу, што не позна павярнуць назад, але мама не слухае, мама ідзе далей», – распавядае Вольга.

Але яна ведае, што на К2 і К4 маці хадзіла з нарвежкай Крысцінай Харыла – а тая збіраецца пабіць сусветны рэкорд і падняцца на ўсе 14 гораў-васьмітысячнікаў за паўгода. У Вольгі ёсць апаска, што маці пойдзе разам з ёй.

belsat.eu

Стужка навінаў