У Літве мігранты ўчынілі бунт, патрабуючы іх выпусціць


З раніцы 26 ліпеня ў былой Верабейскай школе Алітускага раёну Літвы пачаўся бунт мігрантаў. Яны адмовіліся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі, паведамляе Delfi.

У Літве мігранты ўчынілі бунт. Скрыншот з відэа delfi.lt

Канфлікт узнік пасля таго, як іракцы забаранілі іншым мігрантам браць дастаўленую ежу.

«Усё пачалося раніцай, калі не дазволілі раздаваць мігрантам прывезеную ежу. Ежу не дазволілі браць нават дзецям і падлеткам, а таксама жанчынам. Цяпер прывезлі абед, і яго не даюць раздаваць», – распавёў намеснік дырэктара адміністрацыі Алітускага муніцыпалітэта Віргіліюс Пранскявічус.

Па словах мэра Алітускага раёну Альгірдаса Урубляўскаса, незадаволенасць сярод мігрантаў пачала выяўляцца яшчэ ў мінулую пятніцу – пасля таго як туды прыехалі журналісты. Пабачыўшы камеры мігранты сталі патрабаваць лекара і каб ім вярнулі тэлефоны.

У выходныя мігранты трохі супакоіліся, бо ім абяцалі, што іх патрабаванні разгледзяць адказныя асобы.

«Але ад сённяшняй раніцы і гаворкі няма аб перамовах. Яны выкінулі ежу. Самі іракцы есці адмаўляюцца, яны забаранілі і іншым браць ежу. Адзінае патрабаванне – выпусціць іх з тэрыторыі, – сказаў мэр. – Там усюды смецце, у туалетах экскрэменты льюцца праз край, мігранты не пускаюць работнікаў чыніць каналізацыю. Цяпер мы і самі баімся пасылаць туды работнікаў, гэта небяспечна».

Зараз у Верабеяй дзяжураць 16 супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі Літвы. Яны працуюць у жудасных умовах: дзяжураць 8 гадзін, потым там жа адпачываюць у спальных мяшках ля плота. Потым – зноў дзяжурства. Таксама ў іх няма нармальных умоў для падтрымання гігіены.

Фотарэпартаж
Патруль з Frontexem, ці як ахоўваюцца межы Еўропы над Нёманам
2021.07.24 09:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў