Самалёт «Белавіі», які ляцеў у Анталію, экстранна сеў у Маскве. Кажуць, зламаўся адзін рухавік


Самалёт авіякампаніі «Белавія», які ляцеў з Менску ў Анталію, падаў сігнал бедства. Пра гэта паведамляе «Интерфакс-Запад» са спасылкай на крыніцу ў авіядыспетчарскіх службах.

Самалёт «Boeing 737» падаў сігнал бедства над Варонежскай вобласцю Расеі. Выданне піша, што ён накіраваўся ў Варонеж, каб зрабіць вымушаную пасадку.

Паводле папярэдніх звестак, на борце ўзнікла няштатная сітуацыя.

«Экіпаж падаў сігнал бедства праз гадзіну пасля вылету. Лайнер атрымаў дазвол дыспетчараў на экстранную пасадку ў Варонежы. Цяпер самалёт хутка зніжаецца», – сказала крыніца.

Рэзкую змену курсу самалёта пацвярджае і сайт «Flight radar».

Палет самалёта з Менску ў Анталію 26 ліпеня. Скрын з сайту flightradar24.com

Паводле ТАСС, самалёт паляцеў у Маскву. На яго борце 197 пасажыраў і 7 чальцоў экіпажу.

Борт будзе сядаць у маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава» для больш аператыўнага пераадолення тэхнічных праблемаў. На борце спрацаваў сэнсар няспраўнасці ціску, піша «РИА Новости».

Паводле flightradar24.com, самалёт сеў у «Дамадзедава».

Нашая чытачка, сын якой ляціць рэйсам Менск – Анталья, паведаміла, што адмовіў адзін з рухавікоў самалёта. Цяпер пасажыры чакаюць новы лайнер, каб працягнуць палёт у Турцыю.

«26 ліпеня падчас выканання рэйсу В2-9215 з Менску ў Анталію з 189 пасажырамі і 7 чальцамі экіпажу на борце самалёта «Boeing 737-800» спрацавала сігналізацыя аб няспраўнасці аднаго з рухавікоў. У адпаведнасці з інструкцыямі экіпаж прыняў рашэнне аб адключэнні рухавіка, зніжэнні да вышыні 8 тыс. футаў і заходзе на пасадку ў «Дамадзедава». У 11:46 борт зрабіў пасадку ў маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава». Пасажырам дадуць харчаванне, запасны самалёт будзе адпраўлены ў самы бліжэйшы час для дастаўкі пасажыраў у Анталію», – цытуе «Белавію» БелТА.

Самалёт з бартавым нумарам EW-455PA папоўніў парк «Белавіі» 5 гадоў таму. Раней ён не эксплуатаваўся.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў