Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: «Візіт Ціханоўскай у Вашынгтон абсалютна беспрэцэдэнтны»


Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр дала інтэрв’ю «Белсату».

– Вітаю, спадарыня амбасадар!

– Вітаю. Прыемна пабачыцца ізноў!

– Дзякую, што прымаеце нас тут. Я сказаў, што вы былі ў нашай студыі, а цяпер мы тут, у Вашынгтоне. І я назіраю за тым, як вы дапамагаеце арганізаваць гэты вялікі і па-сапраўднаму гістарычны візіт для беларускай дэлегацыі ў Вашынгтоне. Чаму для вас асабіста гэта так важна?

– Я лічу важным у гэтым візіце паказаць падтрыманне таго, чаго дасягнула сама Святлана Ціханоўская, мы хочам прадэманстраваць падтрыманне ейнай працы, ейнага руху, які яна вядзе за сабою, працы Каардынацыйнай рады для ўсіх тых у Беларусі, хто прагне больш дэмакратычнай будучыні. І гэты рух вельмі важны для нас у Злучаных Штатах Амерыкі, мы прызнаём, што ключавая прычына – жаданне людзей Беларусі быць пачутымі – скіраваная на прагу правоў чалавека і базавыя свабоды, а мы падтрымліваем іх у гэтым памкненні.

Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 21 ліпеня 2021 года.
Фота: Харитонов. / Telegram

– І мы гэта бачылі на гэтых цудоўных сустрэчах. Іх вельмі шмат, калі паглядзець на праграму. Таксама гэта сустрэчы на высокім узроўні. Але ж я мушу запытаць пра вынікі для беларусаў і Беларусі.

– Выбачайце, можна яшчэ раз?

– Пра вынікі.

– Ага, пра вынікі. Я лічу, тое, што па-сапраўднаму важнае ў гэтым тыдні і што мы маглі паказаць і зразумець, мы маем тут, у Вашынгтоне. Найвышэйшы ўзровень падтрымання тых, хто працуе для беларускай будучыні. І магчымасць пачуць наўпрост ад спадарыні Ціханоўскай, што здарылася з грамадзянскай супольнасцю, што зроблена для незалежных медыяў, што здарылася з тымі, хто хацеў быць пачутым, – гэтага нельга замяніць нічым, апроч асабістае сустрэчы. Гэта тое, што я адкрыла для сябе ў часе маіх візітаў у Вільню ці Варшаву, прысвечаных тым, хто ня можа быць у Беларусі. Каштоўна, што яна прыехала да гэтых людзей і размаўляла з імі наўпрост, размаўляла з лідарамі Вашынгтону, гэта было неверагодна важна. Мы мелі магчымасць абмеркаваць, што далей, які будзе далейшы рух амерыканскага падтрымання. І як мы можам супрацоўнічаць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі ў кантэксце тых далейшых крокаў.

«Мы, вядома, далі выразны адказ на зладзейскія выбары мінулым летам»

– Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што Святлана Ціханоўская мае вакацыі за кошт амерыканскіх падаткаплатнікаў. Гэта так?

– Дазвольце сказаць так. Той, хто меў дачыненне да гэтага візіту на працягу гэтага складанага тыдня, скажа, які амбіцыйны ейны расклад, ён уражвае, ейны візіт у Вашынгтон абсалютна беспрэцэдэнтны. Каго прымалі ў Вашынгтоне? Хто прыехаў сюды? Хто з беларусаў быў з візітам у Вашынгтоне ў гэтым стагоддзі? Гэта было абсалютна выключна. І яна ня ведае стомы, яна працуе з моманту, калі сонца ўстае, аж да моманту, калі яно заходзіць. Яе бароніць ейная праца на карысць людзей у Беларусі.

– Ці мы можам спадзявацца на новыя санкцыі з боку Злучаных Штатаў?

– Я хачу сказаць так: мы не анансуем санкцыяў перад тым, як пастановім. Але я звярну вашую ўвагу на заяву, якую зрабіў Белы дом 28-га траўня. У ёй наш прадстаўнік даў ясны сігнал, што прэзідэнт Байдэн даручыў нам працу над новым выканаўчым загадам пра пашырэнне санкцыйных спісаў, якія мы маем. Дзеля таго, каб мы маглі дадаткова паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. І гэта засталося, бо, як мы бачым, рэжым ня робіць крокаў назад. А таму мы працуем над гэтым цяпер. І будзем мець нешта большае для заяваў у найбліжэйшыя тыдні.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыехала ў студыю «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

– Вось пра гэты новы выканаўчы загад прэзідэнта Байдэна я і хацеў удакладніць. Ці гэта азначае, што на новыя санкцыі можам разлічваць ужо да дзявятага жніўня?

– Я б не хацела наперад агучваць працу, якую мы вядзём унутры амерыканскага кіраўніцтва. Гэта важная і жорсткая праца, мы яе выконваем, але яна таксама рэгулюецца законамі. А таму мы пераходзім да кардынальных дзеянняў і спробы зразумець, як мы можам змяніць погляд людзей на сітуацыю, як можна стварыць дадатковы ціск, бо Захад паказаў дастаткова ясна сваю рэакцыю на дзеянні Лукашэнкі. Захад паказаў ясна. І мы, вядома, далі выразны адказ на зладзейскія выбары мінулым летам. Таксама на хвалю рэпрэсіяў, кірункі гэтых рэпрэсіяў, знішчэнне незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Усё гэта вымалёўвае карціну. Я хачу звярнуць вашую ўвагу, што, як вы ведаеце, нашыя еўрапейскія партнёры зрабілі пэўныя рашучыя крокі, увёўшы свае санкцыі. І нам важна захаваць адзінства ў гэтым пытанні.

– Ці гэта азначае, што вы далучыцеся да сектаральных эканамічных санкцыяў?

– Мы маем выразнае бачанне, як мы можам быць найбольш эфектыўнымі з такімі санкцыямі.

Артыкулы
Ад Касцюшкі да Ціханоўскай: 250 гадоў гісторыі беларуска-амерыканскіх кантактаў
2021.07.22 11:05

«Падкрэслю, наколькі выключным быў склад тых, з кім сустрэлася спадарыня Ціханоўская»

– Чаму прэзідэнт Байдэн не знайшоў часу, каб сустрэцца са Святланай Ціханоўскай?

– Наколькі я магу сказаць, тут дарэчы спытаць, я падкрэслю, наколькі выключным быў склад тых, з кім сустрэлася спадарыня Ціханоўская. Гэта ейная сустрэча з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Злучаных Штатаў, ейная сустрэча з дзяржсакратаром. Таксама намеснікамі дзяржсакратара – у палітычных справах і ў грамадзянскай бяспецы і дэмакратыі; дарадцам Дзярждэпартаменту. Небывалай колькасцю прадстаўнікоў кангрэсу, якія прысвяцілі ёй урачыстае адкрыццё беларускага кокусу. Па-сапраўднаму гэты візіт – гістарычны ў плане размаху. І я заклікаю на гэта звяртаць увагу, як на найважнейшае. Я пачула, як Святлана Ціханоўская сказала: «Гэты візіт скіраваны на вынікі». І гэта дакладна тое, чаго яна дасягнула.

– Але ці гэта не такі добры сігнал у кірунку Менску і Масквы, што вы можаце рабіць, што хочаце?

– Які знак?

– Гэтае спатканне з Байдэнам, якога не адбылося.

– Я мяркую, Вашынгтон паказаў выразнае падтрыманне гэтай ініцыятывы. І гэта той сігнал, які, я перакананая, Менск і Масква пачуюць.

– Ці вы не думаеце, што амерыканская адміністрацыя павінна быць больш жорсткай у дачыненні афіцыйнага Менску?

– Я лічу, што Злучаныя Штаты прамаўляюць да афіцыйнага Менску дастаткова выразна. Мы, на жаль, маем сапсаваны канал, бо яны анулявалі дзеянне маёй візы. І я шкадую, што мы ня маем больш адкрытых шляхоў камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам. І большасць нашых зносінаў адбываецца праз публічныя пераказы, але, тым не менш, я перакананая, што на гэтым тыдні мы зноў прамаўлялі ясна праз свае каналы.

Святлана Ціханоўская з залатым знакам Рады БНР.
Фота: Белсат

«Міграцыйны крызіс цалкам падрыхтаваны»

– Аляксандр Лукашэнка апошнім часам гаворыць пра вайну, якую нібыта правакуюць краіны Захаду. Пра што тут гаворка?

– Я зразумела, што лепш не спрабаваць чытаць думкі Лукашэнкі. Я цвёрда перакананая, што для правадыра па-сапраўднаму цяжка – зірнуць у люстра ды зразумець сапраўдныя прычыны гэтага палітычнага крызісу. Гэта надзвычай складана зрабіць, але куды прасцей паказваць пальцам на іншых. Ён вінаваціць каго заўгодна, толькі не сябе ў прычынах гэтага крызісу. І я лічу, што трэба зрабіць важную працу ўнутры Беларусі, каб па-сапраўднаму прааналізаваць гэтыя прычыны. Гэта памылка – глядзець за межы Беларусі, каб зразумець, што адбылося летась. Гэта найперш – пра людзей, якія ў Беларусі, і пра тое, што ім баліць іхная будучыня. І гэта галоўнае пытанне, на якое трэба адказаць.

– Апошняя інфармацыя, што авіялініі «Іракі аірвэйс» павялічваюць колькасць рэйсаў у Беларусь. Нават яшчэ болей. Мы маем сапраўдны эмігранцкі крызіс на мяжы Літвы. Што вы пра гэта думаеце?

– Наколькі я бачу, гэты міграцыйны крызіс цалкам падрыхтаваны. Кіраўнік, які выкарыстоўвае людзей, іхныя перамяшчэнні ў якасці зброі – гэта вельмі трагічна. Абсалютна трагічна для ўсіх, хто ў гэта ўцягнуты. Я мяркую, неверагодна важна, што ўсе мы працуем разам. Я б хацела сказаць выразна, што Злучаныя Штаты будуць працягваць нашую шчыльную супрацу, нашыя супольныя высілкі з Літвою, мы будзем працаваць з Еўразвязам і іншымі суседзямі, каго закрануў гэты крызіс. Але гэта ўсё пастаўлена на паток.

– Ці вы бачыце рэальныя шляхі развязання гэтага крызісу ўцекачоў для Літвы?

– Я мяркую, што мы можам зрабіць больш у нашай супрацы з Літвою, з іншымі сябрамі ў рэгіёне і гэтак далей. Лічу, што можна больш падтрымліваць гэтыя суб’екты, а таксама падтрымліваць Літву. Гэта тое, што мы можам рабіць.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыехала ў студыю «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Мы ніколі не даведаемся сапраўдных вынікаў выбараў мінулага лета»

– У нашым першым інтэрвʼю ў Варшаве ў нашай студыі я пытаў вас пра Святлану Ціханоўскую. І вы тады сказалі, што яна – лідар. Я перапытаў вас: «Толькі лідар?» Нешта змянілася? Хто Святлана Ціханоўская на гэты момант?

– Святлана Ціханоўская – лідар дэмакратычнага руху. І тут няма пытання. Аўтарытэт, які яна атрымала, калі сабрала столькі прыхільнікаў у часе прэзідэнцкай кампаніі, заслужыла высокі давер з боку беларускіх выбарнікаў мінулым летам і бесперапынна працавала ў часе кампаніі і выбараў, каб спраўдзіць надзеі і чаканні беларусаў – гэта тое, што мы ў ёй бачым.

– Мы пачулі шмат разоў у Вашынгтоне, што яна «абраны прэзідэнт». Вы пагаджаецеся?

– Я мяркую, што мы ніколі не даведаемся сапраўдных вынікаў выбараў мінулага лета. Гэта быў толькі адзін са шляхоў, які беларусы, беларускія выбарнікі мінулым летам абралі, бо мы ня ведаем, якой была колькасць галасоў. Але я ведаю, што мноства людзей зрабілі розныя аналізы падліку галасоў, і існуе пашыранае меркаванне, што яна сапраўды перамагла на выбарах мінулага лета. Але ж, калі быць да канца шчырымі, мы мусім прызнаць, што няма як даведацца.

– Часам мы чуем такія галасы, што Святлана Ціханоўская – гэта крамлёўскі праект, каб паглынуць Беларусь, каб дапамагчы ў паглынанні Беларусі. Што вы думаеце пра гэта?

– Прабачце, як?

– Святлана Ціханоўская просіць увесці санкцыі, а гэта правакуе паглынанне Беларусі Расеяй?

– Я хачу адказаць, што пытанне Беларусі – у суверэннасці і незалежнасці. І гэта асабліва важна. Гэта важна для стабільнасці ў рэгіёне, гэта важна для бяспекі Еўропы і гэта важна для Злучаных Штатаў. Беларусь – суверэнная і незалежная. Гэта тое, што мы бачым з 1991 года. А вось за апошнія 27 гадоў падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі мы бачым, як ён толькі ўзмацняў залежнасць Беларусі ад Расеі ў самых розных галінах. І перад беларусамі стаіць пытанне, як шмат у іх суверэннасці, наколькі залежнымі яны хочуць быць ад Расеі. Наколькі залежнымі яны хочуць быць ад Расеі? Існуюць непазбежныя сувязі, дзве пары дзвярэй паміж двума народамі. І як я чула, існуе шмат тых, хто хоча працягваць такія істотныя сувязі з Расеяй. Але таксама я чула пра іншых, якія хочуць блізкіх і моцных зносінаў з іншымі суседзямі. А таму пытанне незалежнасці – гэта па-сапраўднаму цэнтральнае пытанне, за якім мы мусім сачыць вельмі пільна.

Артыкулы
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: ЗША вельмі непакояць і пагрозы Лукашэнкі, і ягоныя дзеянні ў стылі злачынцаў
2021.06.27 22:31

«Маю надзею, што людзі ў Беларусі зразумеюць гэты візіт»

– Святлана Ціханоўская сказала, што вы зʼяўляецеся вялікім сябрам Беларусі. І я бачу вас на ўсіх гэтых сустрэчах. Вы больш, чымся амбасадар, вы ўжо маеце нешта большае, чымся палітычныя дачыненні. Вы ўжо сталі сябрамі?

– Я лічу, што спадарыня Ціханоўская так сканцэнтраваная на тым, што яна робіць, яна, калі шчыра, яна… Ясна, што я хачу думаць пра яе, як пра асобу, якая прадстаўляе беларусаў, і гарантавана Злучаныя Штаты хочуць быць сябрамі з Беларуссю, і мяркую, гэта сапраўднае сяброўства. І я прызнаю, што той, хто працуе дваццаць чатыры гадзіны і сем дзён на тыдзень, мае іншы погляд на сяброўства, гэта ня тэма для забавы. Яно можа быць адсунутае ў будучыню, калі адбудзецца змена ўлады ў Беларусі.

– Спадарыня амбасадар, напрыканцы я папрасіў бы, ужо традыцыйна, звярнуцца да беларусаў.

– Дзякую. Я вельмі цаню гэта. Я маю надзею, што людзі ў Беларусі зразумеюць гэты візіт, яны зразумеюць, што людзі ў Злучаных Штатах, кіраўніцтва Злучаных Штатаў працягваюць падтрыманне гэтай справы, працягваюць падтрыманне вашых намаганняў быць пачутымі. Злучаныя Штаты ня маюць амбіцыяў уплываць на справядлівыя і свабодныя выбары. Мы маем надзею, што людзі могуць сабрацца разам дзеля дыялогу, што палітычныя вязні могуць быць вызваленыя. Бо няма шляху наперад, пакуль столькі людзей за кратамі, столькі людзей у вымушаным выгнанні. І мы спадзяёмся на будучыню, калі правы чалавека будуць шанавацца ў Беларусі. І я спадзяюся, што народ Беларусі, які гэта ўбачыць, зразумее глыбіню падтрымання з боку Злучаных Штатаў Амерыкі.

– Дзякуй вялікі. Спадарыня амбасадар, дзякую за ваш час.

– Дзякую.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Стужка навінаў