Падзенне да дна... Для Беларусі замежнагандлёвы цуд скончыўся


Звесткі аб замежным гандлі таварамі Беларусі за першыя чатыры месяцы 2022 года, пададзеныя Нацыянальным статыстычным камітэтам, сведчаць, што «беларускі замежнагандлёвы цуд» развейваецца як дым. Карціна, блізкая да катастрафічнай, кажуць эксперты. Спрабуем разабрацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Scanpix / delfi.lt

Доля экспарту: Расея і Кітай угару

Калі глядзець на вынікі студзеня красавіка, беларускі экспарт тавараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізіўся не катастрафічна – на 2,6 %, да 11,2 млрд долараў. Больш рэзкія змены назіраюцца ў гандлі з краінамі Еўразвязу. Замежныя пастаўкі туды ўпалі на 15,2 %, да 2,5 млрд долараў. У той час як у Расею выраслі на 14 % і склалі 5,4 млрд долараў. Нацыянальны статыстычны камітэт з красавіка схаваў звесткі аб тым, якія менавіта тавары, у якой колькасці і ў якія краіны мы прадаем, таму рабіць высновы пра сітуацыю з экспартам можна толькі зыходзячы са звестак, хто і на якую суму набыў у нас тавараў.

Як сведчыць статыстыка, дзясятка краінаў, куды пастаўляліся найбольшыя аб’ёмы тавараў з Беларусі (у грашовым эквіваленце) у студзені – красавіку 2022 года, амаль не пацярпела за год зменаў у сваім складзе. Хіба што з топ-10 сышла Бразілія, доля беларускага экспарту ў якую складала 1,5 % ад агульнага экспарту за чатыры месяцы 2021 года (168,3 млн долараў). Гэтая краіна – традыцыйны пакупнік беларускіх калійных угнаенняў, якія цяпер трапілі пад санкцыі.

Асноўныя перамены адбыліся ў колькасных паказніках долі экспарту, і трэнды тут відавочныя: доля экспарту ў Расею і Кітай расце, ва Украіну, Нямеччыну, Нідэрланды – зніжаецца. Пакуль павольна, бо ў даваенныя месяцы на пачатку года Беларусь актыўна экспартавала.

Расея працягвае весці рэй сярод імпарцёраў і ўзмацняе свае пазіцыі: калі ў студзені – красавіку 2021 года доля экспарту ў гэтую краіну складала 41,3 %, то сёлета яна вырасла да 48,3 %. Украіна займае пакуль што традыцыйнае другое месца, але доля экспарту ў краіну, якая вядзе абарончую вайну, у студзені – красавіку знізілася амаль на 2 адсоткавыя пункты (а. п.) – да 1 млрд долараў.

Знізілася таксама доля экспарту ў Нідэрланды (мінус 1,25 а. п. да 585 млн долараў), куды ішлі беларускія нафтапрадукты, і ў Нямеччыну (мінус 2,5 а.п., да 221,7 млн долараў), якая яшчэ нядаўна купляла нашую нафту. Пераарыентацыя ў дзеянні – доля экспарту тавараў у Кітай вырасла да 3,95 % у параўнанні з леташнімі 2,36 %. Туды ў студзені – красавіку 2022 года было прададзена тавараў на 441,3 млн долараў.

Емен, Ліван, ААЭ: фантастычны рост імпарту з Беларусі

Больш выразная і цікавая карціна вымалёўваецца, калі аналізаваць лічбы за красавік 2022 года ў параўнанні з красавіком 2021-га, калі ўжо пачалі дзеяць чарговыя санкцыі. Атрымліваем, што, паводле статыстыкі Мінстату, найбольшы рост экспарту беларускіх тавараў выдаюць такія краіны, як Албанія, Ангола, Аман, Емен, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Ірак, Ліван, Танзанія. Прычым рост – фантастычны. Праўда, трэба зазначыць, што фантастычны рост у асноўным абумоўлены нізкаю базай мінулага года.

Лідар тут Емен. Калі ў красавіку 2021 года Беларусь паставіла тавараў у Емен усяго на 900 долараў, то праз год – на 251 тысячу долараў (рост – амаль у 280 разоў).

Ашаламляе рост экспарту ў Ліван. У красавіку 2021-га Беларусь паставіла туды тавараў на 99,7 тысяч долараў, праз год маем ужо лічбу пад 4 мільёны (3,97 млн долараў) – амаль у 40 разоў больш. Калі летась экспартавалі ў Албанію тавараў на 2,7 тысяч долараў, то сёлета – на 43,4 тысячы долараў (плюс 160 %).

Канстатуем таксама дзесяціразовы рост паставак у Анголу (у красавіку 2022-га – амаль на 1 млн долараў). Амаль у шэсць разоў вырас экспарт у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, прыкладна ў чатыры разы – у Аман і Ірак. Нагадаем, што гаворка ідзе толькі пра адзін месяц – красавік.

Эксперт у сферы таварных рынкаў Пётр Марозаў выказвае гіпотэзу, што імклівы рост беларускага экспарту ў названыя краіны можа адлюстроўваць у звестках Белстату сапраўдныя кірункі паставак нафтапрадуктаў з Беларусі, якія раней ішлі праз Вялікую Брытанію і Нідэрланды.

«Цяпер яны могуць афармляцца не ў брытанскага ці нідэрландскага трэйдара ў сувязі з санкцыямі, а наўпрост», – тлумачыць Пётр Марозаў.

Але эксперт заўважае, што насамрэч абʼёмы прыросту не такія і вялікія («Калі дойдзе да мільярда долараў – тады, магчыма, гэта нейкая схема»). Марозаў не выключае, што да статыстычнага прыросту экспарту ў гэтыя краіны ў красавіку маглі спрычыніцца пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі (тыя ж трактары).

Экспарт ва Украіну і ЕЗ: «татальны абвал»

На фоне шалёных тэмпаў прыросту экспарту ў азіяцкія і афрыканскія краіны назіраюцца і цалкам процілеглыя тэндэнцыі. Гэтак, экспарт беларускіх тавараў ва Украіну ў красавіку 2022 года (другі месяц вайны) у параўнанні з красавіком 2021-га скараціўся аж на 96,6 %. Калі год таму ў красавіку Беларусь экспартавала ва Украіну тавараў амаль на 425 млн долараў, то роўна праз год – на 14,5 млн.

Экспарт у Вялікую Брытанію абрынуўся ў красавіку 2022-га на 94,2 % (1,9 млн долараў), у Індыю – на 96,3 % (968 тысяч долараў), Інданезію – на 94,5 % (953 тысячы долараў), Нямеччыну – на 83 % (28,2 млн долараў), Эстонію – на 51 % (5,8 млн долараў).

Супрацоўнік Беларускага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC эканаміст Дзмітрый Крук прапаноўвае аналізаваць «не намінальныя лічбы ў доларах, а фізічныя аб’ёмы» і называе цяперашнюю сітуацыю з беларускім экспартам «татальным абвалам».

«І гэтае слова яшчэ досыць мяккае, я б сказаў. Галоўныя чыннікі гэтага абвалу – Украіна і краіны ЕЗ. У дачыненні экспарту ва Украіну літаральна за два месяцы мы досыць рэальна наблізіліся да дна. Калі казаць пра краіны ЕЗ, то падзенне працягнецца яшчэ месяц-два – там дна яшчэ не дасягнулі. Але ўсё гэта разам і фармуе такую жудасную карціну ў вонкавым гандлі», – кажа Дзмітрый Крук.

Эксперт тлумачыць, што, калі параўноўваць з даковідным 2019 годам (на ягоны погляд, эталонным), то агульны экспарт у краіны Еўразвязу ў красавіку знізіўся прыкладна напалову. Прычыны відавочныя: спыненне экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Аднак красавіцкая статыстыка не адлюстроўвае сучаснага стану рэчаў, бо пастанова аб шостым пакеце санкцыяў набыла моц толькі 4 чэрвеня. А значыць, аб’ёмы гандлю ў краіны ЕЗ працягнуць падаць, бо санкцыі закрануць экспарт іншых тавараў – металургіі, дрэваапрацоўкі і г. д.

«З другога паводле ліку гандлёвага партнёра Украіна ператвараецца ў проста дробны кірунак. І на ўвесь экспарт, які туды ішоў, можна забыцца. Цяпер яго абрынанне – не ведаю нават якія эпітэты падабраць, – такога ўявіць немагчыма было! Але зразумела, чаму так адбываецца: на фоне вайны. Аднак паводле эканамічных мерак гэта неверагоднае зніжэнне», – канстатуе эксперт.

Цудам больш не скарыстаешся

Адзіным апірышчам хоць нейкай стабільнасці для Беларусі застаецца Расея, заўважае Дзмітрый Крук. Але фізічны абʼём экспарту прасеў і тут.

«Калі разглядаць 2019 год як эталон, то красавіцкая лічба амаль дакладна паўтарае сярэднюю лічбу 2019-га. І калі казаць аб пэўным негатыўным трэндзе ў параўнанні з даваенным мінулым – некалькі месяцаў да вайны, – то і ў дачыненні Расеі пэўнае зніжэнне ёсць. Але гэта, я б сказаў, не катастрафічнае зніжэнне – як вяртанне да пэўнай нормы», – адзначае эканаміст.

На расейскім рынку эксперт заўважае дзве тэндэнцыі. З аднаго боку – сцісканне попыту на рынку інвестыцыйных тавараў («Упэўнены, што зніжэнне там адыгралі, напрыклад, легкавыя аўтамабілі «Джылі», якія ішлі на расейскі рынак»). З другога – шэраг тавараў, попыт на якія ці пашыраецца, ці, прынамсі, не зніжаецца – найперш харчовыя. Іх экспарт будзе нарошчвацца, мяркуе эксперт.

Дзмітрый Крук таксама адзначае такі «пазітыўны эфект»: беларускія кампаніі займаюць цяпер месцы замежных фірмаў, якія сыходзяць з Расеі на фоне санкцыяў.

«З аднаго боку, увесь пірог экспартнага попыту сціскаецца, але ў той жа час, дзякуючы сыходу канкурэнтаў, доля гэтага пірага расце. І на пэўных рынках другая тэндэнцыя нават пераважае першую, і на расейскім рынку дае неблагую тэндэнцыю. Таму расейскі рынак цяпер, я б сказаў, аплот нейкай нават стабільнасці для Беларусі», – зазначыў Дзмітрый Крук.

На погляд эканаміста, базавыя ўмовы, якія стваралі так званы замежнаэканамічны цуд Беларусі, яшчэ захоўваюцца (канʼюнктура міжнароднай эканомікі і замежнага попыту), але карыстацца гэтым цудам нашай краіне ўжо не ўдаецца.

«Так, здымаць вяршкі з замежнагандлёвага цуду становіцца амаль не магчыма.

Гэта фактычна азначае, што адмоўныя чыннікі ўжо пачалі пераважаць. Санкцыі і вайна зрабілі немагчымым далейшае карыстанне гэтым замежнагандлёвым цудам», – робіць выснову Дзмітрый Крук.

Аналітыка
Рубель пакуль трымаецца, але даверу да яго мала
2022.06.21 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў