Родныя зняволенай у «справе Аўтуховіча»: Маму катуюць у СІЗА, каб яна прызналася ў злачынствах, да якіх не мае дачынення


Галіна Дзербыш са снежня мінулага года застаецца ў Следчым ізалятары турмы № 1 Горадні. Жанчыну 10 снежня затрымалі працаўнікі КДБ, інкрымінуючы суўдзел у падпале дому ўчастковага ў Ваўкавыску і аўтамабіля міліцыянта ў мікрараёне Альшанка ў Горадні. Родныя зняволенай распавялі «Белсату», што жанчына, якая праходзіць у «справе Аўтуховіча», насамрэч ніколі не сустракалася і не мела стасункаў з фігурантамі гэтай справы.

Галіна Дзербыш з дочкамі і мужам.
Фота: прадстаўленае рэдакцыі

59-гадовая пенсіянерка Галіна Дзербыш ужо больш за 6 месяцаў застаецца ў гарадзенскім СІЗА. Ейныя родныя кажуць, што не разумеюць, чаму затрымалі жанчыну. Яна ніколі не выказвала якіх-кольвек экстрэмісцкіх намераў. Мала таго, спадарыня Галіна не мела кантактаў і ніколі не сустракалася з фігурантамі «справы Аўтуховіча». Тым не менш яе затрымалі, але, як кажа дачка Наталля Дзербыш, за ўвесь час следчыя з ёю практычна не чыняць ніякіх следчых дзеянняў.

«20 верасня мама ездзіла ў аграгарадок Клепачы на Берасцейшчыне, каб забраць шчанюка каўказскай аўчаркі. На зваротным шляху ў Ваўкавыску мы спыніліся ля бензастанцыі. І амаль праз тры месяцы падчас ператрусу ў сметніцы сілавікі знайшлі квіток з той запраўкі. І вось гэты дакумент стаў ледзь не галоўным доказам супраць яе, доказ прысутнасці ў гэты час у гэтым месцы! Але як мая мама магла стаць датычнай да выбуху, які адбыўся два тыдні пазней, – загадка», – кажа Наталля.

Аб’ектыў
Ляховіч: Лукашэнка выкарыстоўвае траціл дзеля пашырэння рэпрэсіяў
2021.03.06 22:23

Дачка адзначае, што ў ейнай маці даволі актыўная грамадзянская пазіцыя. Амаль 15 гадоў жанчына была незалежнаю назіральніцаю на выбарах, неаднаразова фіксавала парушэнні падчас кампаніяў. Акрамя таго, змагалася за правы і адстойвала іх перад чыноўнікамі.

«Мне падаецца, што праз сваю пазіцыю мама была на ўліку ў МУС і КДБ. І менавіта гэта сталася прычынаю затрымання», – мяркуе Наталля.

Аб’ектыў
З апазіцыянераў у тэрарысты: 17 прозвішчаў у адпаведным спісе КДБ
2021.02.15 22:22

Галіна Дзербыш жыве ў прыватным доме, трымае гаспадарку. Працавала бухгалтаркай у калгасе, аддала працы здароўе (мае 2-ю групу інваліднасці), але за працоўную дзейнасць практычна не сабрала ашчаджэнняў. Сродкаў цяпер вельмі не стае, каб аплаціць адвакатаў.

«За ўвесь час, які мама ў турме, следчыя не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі. На запыты ў КДБ следчы проста кажа: «Не бачу неабходнасці». Я лічу, што гэта катаванні, каб дабіцца ад яе прызнання ў датычнасці да злачынстваў. Нядаўна нам стала вядома, што цягам апошніх тыдняў маму змясцілі ў адзіночную камеру нібыта за тое, што яна зацятая парушальніца рэжыму. Але я перакананая, што гэта ўсё робіцца, каб прымусіць яе падпісаць паперы, бо ў следчых няма доказаў ейнай датычнасці да «тэрарыстычнага акту». І нічым нельга апраўдаць ейнага затрымання ды змяшчэння пад варту», – кажа дачка спадарыні Галіны.

Hавiны
«Дзясяткі кілаграмаў тратылу». Церцель распавёў пра выяўлены тайнік на тэрыторыі Беларусі
2021.03.10 01:07

Паводле Наталлі, гэтыя катаванні прывялі да таго, што ў ейнай маці істотна пагоршылася здароўе. Жанчына некалькі разоў траціла прытомнасць, скардзілася на кроў з носа, боль у жываце. Супраць катаванняў і на знак пратэсту Галіна Дзербыш нават узяла 5-дзённае галадаванне. Для інваліда 2-й групы гэта адчайны крок.

«Маму дасюль праваабаронцы так і не прызналі палітычным вязнем. І гэта крыўдна. Мы раней звярталіся да розных арганізацыяў, але нам патлумачылі: паколькі факты выбухаў мелі месца і адпаведна распачалі справу за тэрарызм, затрыманыя могуць патэнцыйна быць замяшаныя менавіта ў акце тэрарызму, што не дае ім права быць палітычнымі вязнямі. Але ж мы бачым, што «доказы» датычнасці людзей да гэтай справы прыцягнутыя за вушы і падобныя да стылю 1937 года», – абураецца Наталля.

«Справа Аўтуховіча»

2 кастрычніка летась у Ваўкавыску невядомыя падпалілі аўтамабіль і дом працаўнікі мясцовай міліцыі. 20 лістапада ў Горадні выбухнуў аўтамабіль працаўніка гарадзенскай міліцыі. Паводле КДБ, гэтыя выбухі арганізавалі некалькі грамадзянаў, у ліку якіх быў Мікалай Аўтуховіч. У выніку трох нападаў, у якіх вінавацяць «групу Аўтуховіча», не пацярпела ні адна асоба.

Летась 8 снежня сілавікі заявілі пра затрыманне Мікалая Аўтуховіча і шэрагу нібыта звязаных з ім людзей. Улады адразу назвалі Аўтуховіча арганізатарам тэрарыстычнай групы. КДБ апублікаваў «спіс тэрарыстаў»: Мікалай Аўтуховіч, Павел Сава, Артур Папок, Ірына Гарачкіна, Сяргей, Павел, Дзмітрый і Любоў Разановічы, Ірына і Антон Мельхеры, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Сяргей Раманаў. У гэтым спісе двое інвалідаў 2-й групы: Галіна Дзербыш і Уладзімір Гундар (у былога афганца Гундара ампутаваная нага). Усім выставілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу – «акт тэрарызму».

Мікалай Аўтуховіч. Скрыншот з відэа ОНТ

Што зрабілі гэтыя 12 асобаў? Дзяржаўныя СМІ тлумачаць віну некаторых з іх:

Вольга Маёрава адміністравала сацсеткі Аўтуховіча;

Галіна Дзербыш «сачыла за аб’ектам» – імаверна, маецца на ўвазе амапавец Алег Седач;

Віктар Снегур праводзіў Аўтуховіча праз беларуска-ўкраінскую мяжу.

Парадаксальна, што КДБ абвесціў тэрарыстамі сям’ю Разановічаў: Дзмітрыя, Сяргея, Паўла і Любоў. Любоў Разановіч – былая прадпрымальніца, ейны муж Сяргей – ігумен царквы Святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне. У доме гэтай сям’і Аўтуховіч жыў некаторы час. Аднак нават у фільме «Тратыл пратэсту» адзначаецца, што «не ўсе з іх ведалі і здагадваліся, што адбываецца», бо Аўтуховіч іх «выкарыстоўваў уцёмную».

Hавiны
191 дзень паслявыбарчых пратэстаў. Спісы тэрарыстаў ад КДБ, Алена Бандарэнка спадзяецца на справядлівасць
2021.02.15 22:45

СК belsat.eu

Стужка навінаў