На 22 з паловай гады турмы асудзілі амерыканскага паліцыянта, які забіў Джорджа Флойда


Абвінавачанне прасіла 30 гадоў турмы паліцыянту, дзеянні якога выклікалі пратэсты ў многіх краінах свету.

Паліцыянт Дэрэк Шовін душыць нагой Джорджа Флойда. Мінеапаліс, ЗША. 25 траўня 2020 года. Кадр з відэа сведкі: Darnella Frazier / Youtube

25 чэрвеня ў Злучаных Штатах агучылі вырак былому паліцыянту з Мініапалісу Дэрэку Шовіну: яго асудзілі на 22 з паловай гады турмы, піша Reuters. Яго прызналі вінаватым у забойстве Джорджа Флойда 25 траўня 2020 года – паліцыянт больш за 10 хвілінаў трымаў калена на горле затрыманага мужчыны, хоць той неаднаразова казаў, што не можа дыхаць. Сведкі здымалі гэта на відэа. Флойда затрымалі за тое, што супрацоўнік крамы западозрыў яго ў выкарыстанні фальшывай купюры ў 20 долараў.

Вырак Шовіну – адзін з самых жорсткіх выракаў паліцыянту ў ЗША за незаконнае ўжыванне гвалту. Генеральны пракурор штату Мінэсота адзначаў, што наогул паспяховае пакаранне паліцыянтаў у такіх выпадках рэдкае. Суддзя заяўляў, што грунтуецца не на грамадскай думцы аб справе і не спрабуе «зрабіць заяву» выракам, а толькі ўжывае закон да канкрэтных фактаў. Яшчэ трох паліцыянтаў, якіх падазраюць у саўдзеле ў забойстве Флойда, маюць судзіць у наступным годзе.

Абарона Шовіна прасіла даць выпрабавальны тэрмін. У адказ на пытанне брата забітага пра тое, аб чым ён думаў, трымаўшы калена на шыі Джорджа Флойда, Шовін заявіў, што не можа зрабіць поўную заяву праз «дадатковыя юрыдычныя пытанні», а толькі сказаў, што «выказвае спачуванні сям’і Флойдаў».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які раней некалькі разоў гутарыў з сям’ёй забітага, назваў вырак «адпаведным». Брат і пляменнік забітага казалі, што прысуд недастаткова жорсткі. На судзе заслухалі і 7-гадовую дачку забітага, якая расказала, як сумуе па бацьку.

Забойства Флойда выклікала масавыя пратэсты супраць паліцэйскага гвалту і расізму спачатку ў ЗША, а потым і ў многіх іншых краінах. Здарэнне актывізавала заснаваны ў 2013 годзе рух «Black Lives Matter» («Жыцці цемнаскурых маюць значэнне»). Першапачаткова мірныя пратэсты на пэўны час ператварыліся ў беспарадкі, былі неаднаразовыя сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй, мясцовыя ўлады ўводзілі нават каменданцкі час. Адзін з галоўных лозунгаў пратэстаў – зменшыць фінансаванне паліцыі і перанакіраваць сродкі на негвалтоўныя арганізацыі дзеля грамадскай бяспекі, як то сацыяльныя сэрвісы, жытло, адукацыю і ахову здароўя для бедных.

АА belsat.eu

Стужка навінаў