Калеснікава «ставіцца да крымінальнай справы іранічна», – адвакат

Адвакат даведаўся з Telegram-каналаў, што крымінальную справу Марыі Калеснікавай перадалі ў Вярхоўны суд.

Марыя Калеснікава. Фота: Belsat.eu

Сайт прыхільнікаў палітычнага зняволенага Віктара Бабарыкі пагутарыў з Уладзімірам Пыльчанкам – адвакатам Марыі Калеснікавай, зняволенай каардынатаркай штабу Бабарыкі. Пыльчанка сказаў, што не ведае, ці Калеснікава чула, што справу супраць яе і адваката Максіма Знака перадалі ў Вярхоўны суд, бо сам даведаўся пра тое з Telegram-каналаў пасля ўчорашняй сустрэчы са зняволенай.

Пыльчанка кажа: перадача справы ў суд значыць, што пракурор пагадзіўся з абвінавачаннем. Пры тым Калеснікава не згодная з абвінавачаннем, падавала хадайніцтвы аб спыненні крымінальнага пераследу, падставаў да якога не бачыць ні яна, ні ейныя абаронцы.

Сябры Каардынацыйнай рады, якіх змусілі пакінуць Беларусь, распавялі, як Марыя Калеснікава парвала свой пашпарт

Адвакат верыць, што справу будуць разглядаць публічна, але калі прызначаць разгляд, не ведае. Калеснікавай і Знаку пагражае да 12 гадоў турмы за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» – так улады расцанілі дзейнасць Каардынацыйнай рады.

«Марыя ў парадку, шмат чытае, займаецца спортам, – расказаў Пыльчанка. – Ні разу не даводзілася бачыць яе угневанай або ў дрэнным настроі. Пастаянна ўсміхаецца і смяецца. Нягледзячы на ​​часовыя нязручнасці, Марыя ні пра што не шкадуе і адчувае сябе свабодным чалавекам.

Да пытання аб тым, як яна ставіцца да крымінальнай справы, напэўна, лепш за ўсё падыдзе слова іранічна. Марыя ў курсе таго, што адбываецца, стала цікавіцца ходам працэсу як у дачыненні да Віктара Бабарыкі, так і іншых абвінавачаных. Упэўнена, што ўсё будзе добра і хутка ўсё змогуць убачыцца са сваімі роднымі і блізкімі. Перадае прывітанне ўсім беларусам».

Віктар Бабарыка выступіць з апошнім словам 28 чэрвеня – у судзе абвешчаны перапынак

АА belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны