У Беларусі замарозілі $ 30 млн «EPAM Systems» і арыштавалі камерцыйнага дырэктара «Silver Screen»


«EPAM Systems» апублікаваў падрабязную квартальную справаздачу для Камісіі каштоўных папераў і біржаў ЗША. У ёй ёсць інфармацыя наконт працы кампаніі ў Беларусі. Выявілася, што ў красавіку «EPAM Systems» не меў доступу да сваіх грошай у адным з беларускіх банкаў праз «адміністрацыйную праверку», піша Dev.by. Таксама сёння выданню zerkalo.io стала вядома пра арышт ва ўласным кабінеце камерцыйнага дырэктара «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча.

Офіс «EPAM Systems».
Фота: belmir.by

Вядома, што праз пачатак вайны ва Украіне «EPAM Systems» актыўна працягвае рэлакацыю працаўнікоў у іншыя краіны. Апроч таго, кампанія мае грашовыя сродкі ў Расеі, Украіне і Беларусі, на якія паўплывала ўварванне ва Украіну. У гэтых краінах «EPAM Systems» мае цяжкасці з доступам да рахункаў.

Станам на 31 сакавіка 2022 года ў кампаніі было $ 59,5 млн у банках Расеі, $ 51 млн – у банках Беларусі і $ 28,3 млн – у банках Украіны.

Акрамя таго, на 31 сакавіка 2022 г. у кампаніі былі дадатковыя $ 28,9 млн у банку ў Беларусі, доступ да якіх быў недасяжны праз адміністрацыйную праверку банку. Стала вядома, што гэтыя сродкі сталі даступныя «EPAM Systems» цалкам толькі пад канец красавіка, і амаль усе яны былі пералічаныя ў іншы банк Беларусі. Пра які банк і пра якую адміністрацыйную праверку ідзе гаворка – невядома.

Аляксандр Дземідовіч.
Фота: Alexander Demidovich / Facebook

У Менску затрымалі камерцыйнага дырэктара сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча.

Стала вядома, што Дземідовіча затрымалі на працоўным месцы 25 траўня.

Затрыманы Аляксандр Дземідовіч цяпер на Акрэсціна, на яго склалі адміністратыўны пратакол. Мужчыну інкрымінуюць «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы».

Магчыма, арышт звязаны са «справай TUT.by», бо раней Дземідовіч працаваў на розных пасадах у камандзе парталу. Да разгрому ён узначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.

Раман Лугоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў