У Беларусі затрымалі бацькоў Маргарыты Ляўчук і разграмілі кватэру блогера Андрэя Павука


Сёння стала вядома, што «праваахоўныя органы» Беларусі ўварваліся ў кватэру да бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук у ейнай роднай вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Таксама пра разгром ва ўласнай кватэры ў легендарным пасёлку Акцябрскі паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook блогер Андрэй Павук.

Спявачка Маргарыта Ляўчук. Крыніца: скрыншот «Белсату»

Сёння зранку да бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук прыйшлі сілавікі. Гэта адбылося ў ейнай роднай вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну.

«Ранкам прыехаў бусік, суседку паклікалі панятой, ад яе і даведалася. Нічога пры ператрусе не знайшлі, але бацькоў выводзілі з хаты ў кайданках», – Маргарыта Ляўчук паведаміла радыё «Свабода».

Хто затрымліваў бацькоў і ў межах якой справы, пакуль невядома.

Нагадаем, што ў лютым стала вядома, што Маргарыту Ляўчук абвесцілі ў вышук як абвінавачаную ў справе пра «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Таксама ў вышук трапіў ейны партнёр з дуэту «Красная зелень», блогер Андрэй Павук.

Андрэй Павук

Сёння «праваахоўныя органы» прыйшлі і па адрасе рэгістрацыі блогера, які яшчэ ў 2020 годзе выехаў з краіны. Былая жонка Павука паведаміла, што іхную кватэру фактычна разграмілі.

«Яны там усё ломяць, разбілі ўнітаз, літаральна ўсё нішчаць. Нам паведамілі пра прыезд сілавікоў суседзі з дому. Ранкам пабачылі сіні бусік ля пад’езду, пасля адтуль выйшлі сілавікі і пайшлі ў нашую кватэру. Верагодна, усё гэта праз крымінальную справу супраць Андрэя. Мы зарэгістраваныя разам у той кватэры, нашыя дзеці таксама», – сказала Вольга Павук.

Стала вядома, што следчыя дзеянні праводзяцца з нагоды крымінальнай справы, заведзенай супраць блогера. Цяпер жанчына кажа, што яны з былым мужам турбуюцца, што сілавікі могуць таксама прыйсці да іхных бацькоў.

Нагадаем, што Андрэй Павук ёсць вядомым актывістам і палітычным блогерам, стваральнікам суполкі «Рудабельская паказуха». Таксама ён быў стваральнікам вядомага гіта «Я з вёскі», які ў 2012 годзе выканала школьніца з пасёлку Акцябрскі Ксенія Дзягелька. Відэа набрала звыш 1,5 млн праглядаў на Youtube.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў