Ці прабівае Лукашэнка шляхі адыходу на Захад?


Што Лукашэнка, што Пуцін – свае словы трымаюць. Дамовіліся сустрэцца пасля саміту АДКБ, і сустрэліся. Гэтым разам у Сочы. За пяць гадзінаў сустрэчы абмеркавалі эканоміку, санкцыі, ворагаў на Захадзе, абмылі косткі польскаму прэзідэнту. Больш падрабязна Надзея Бельская. Каментуюць палітолагі Валер Карбалевіч і Каміль Клысіньскі.

На тым жа самым месцы з розніцай у год. У Сочы сустрэліся Лукашэнка з Пуціным. Гэтым разам без яхт і абдымкаў на палубе, бо, вядома ж, санкцыі. Не час хваліцца ветразямі, але і пакутаваць не варта – навакол ворагі, якія назіраюць і толькі шукаюць магчымасці пацешыцца няўдачам.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Так, натуральна, усё не проста. Усё, што адбываецца, патрабуе ад эканамічнага блоку ўраду ўвагі, асаблівых высілкаў і цалкам гэтыя высілкі даюць станоўчы эфект. Гэта адлюстроўваецца і на ўзроўні таваразвароту паміж нашымі краінамі. У мінулым годзе амаль 38 мільярдаў долараў».

Гэткую баснаслоўную суму Лукашэнку наўрад ці ўжо хоць некалі пабачыць. Прынамсі, у звыклым выглядзе крэдыту ад Расеі. Цяпер сяброўства Лукашэнкі з Пуціным мае цалкам іншы выгляд – час расплочвацца па пазыках. Расплочвацца сваёй уласнай незалежнасцю і тэрыторыямі, на якіх пануе ўжо 28-ы год. Паводле крыніцаў незалежнага расейскага выдавецтва «Медуза», гэтай восенню Крэмль плануе правесці рэферэндум і паглынуць Беларусь. Нібыта ў гэты ж дзень, 11 верасня да расейскай тэрыторыі далучаць гэтак званыя ЛДНР і Херсонскую вобласць Украіны.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Ёсць вялікая перашкода на шляху да гэтага рэферэндуму – гэта сама Беларусь. Таму што ў гэтым пытанні, мне падаецца, у Беларусі існуе кансэнсус. Калі па ўсім іншым пытанням беларускае грамадства расколатае аж да ўзроўню грамадзянскай вайны, то вось па пытанню захавання незалежнасці Беларусі, тут паўстае поўны кансэнсус супраць ліквідацыі суверэнітэту выступае і Лукашэнка, і апазіцыя, і грамадства. І таму, як гэта ўсё пераадолець, гэта вялікае пытанне. Я не думаю, што ў Расеі сёння ёсць такія магчымасці, каб гэтае пытанне вырашыць такім чынам».

Лукашэнка цяпер патрэбны Пуціну ў іншай ролі. Ад сустрэчы ў сустрэчу ён нібыта не змяняе паперак-падказак ды паўтарае як мантру адное і тое ж.

«Ёсць пра што паразмаўляць. Асабліва ў сувязі з тым, што натаўцы канцэнтруюць на заходніх рубяжах войскі. Ёсць цікавыя нейкія рэчы нечаканыя ва Украіне. Вы гэта прыўкрасна ведаеце. Нас ды і вас гэта павінна хваляваць напэўны таксама, што яны ўжо робяць крокі, палітыкі, да таго, каб падзяліць Украіну. Нас непакоіць тое, што яны гатовыя, палякі і натаўцы, выйсці дапамагчы гэткім чынам забраць, як да 39-га году, Заходнюю Украіну».

Як Шахерызада Лукашэнка распавядае Пуціну адну і тую ж казку. Гэтым разам убаюкваў пяць гадзінаў. Пакуль льюцца словы, працягваецца яго палітычнае жыццё.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Я думаю, што ўсё ж такі Пуцін хацеў бы больш актыўнага ўдзелу Беларусі, беларускіх вайскоўцаў у гэтай вайне. Ну і акрамя таго, я думаю, што сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі – гэта такі сеанс псіхатэрапіі. Абодва лідары апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі, абодва лідары апынуліся ў сітуацыі краін-ізгояў. Ніхто іх не падтрымлівае. Ну і таму падтрымліваюць адзін другога. Адзін другому кажуць кампліменты, асабліва Лукашэнка стараецца, расказвае як усё правільна робіць Пуцін, як усё правільна робіць Расея. Ну і для Пуціна гэта псіхалагічна важна, таму што дзе ён яшчэ ў свеце ўбачыць і пачуе такога лідара палітычнага, які б так яго хваліў і кампліменты яму казаў».

Бо, як кажуць, «трымай сяброў блізка, а ворагаў яшчэ бліжэй». Не сакрэт, што любоў Лукашэнкі з Пуціным па разліку. Што рабіць, калі свайму бліжэйшаму атачэнню давяраць ужо нельга? Прынамсі, гэта вынікае з наступнага інсайду. Па словах экс-главы сакрэтнай выведнай службы Вялікай Брытаніі Мі-6 Рычарда Дзірлоў, Пуціна хутка адправяць на лячэнне ў санаторый. Ён нібыта згубіць уладу, а ў наступным годзе яго ўжо ня будзе ў жывых. Крамлёўскі трон нібыта зойме сакратар расейскага Савета бяспекі Мікалай Патрушаў. Навіны пра гэтую персону апошнім часам з’яўляюцца ўсё часцей. Пра Патрушава кажуць, што ён запужвае Пуціна тэорыямі змоваў супраць яго.

ВІДЭА
Абвастрэнне фобіі. Чаму заявы Лукашэнкі больш агрэсіўныя за пуцінскія?
2022.05.13 14:13

Каміль Клысіньскі, эксперт па Беларусі, Цэнтр усходніх даследванняў, Варшава:

«Я хутчэй за ўсё глядзеў на гэта з палітычнага пункту гледжання – наколькі расейскія эліты, асабліва алігархі, могуць вытрымаць пад санкцыямі і змогуць знайсці сваю зацікаўленасць, каб падтрымліваць Пуціна, палітыка якога вядзе, перш за ўсё, іх да катастрофы. Таму што ежа яшчэ знойдзецца ў Расеі, але згубіць маёмасць на Захадзе, гэта ўжо іншае. І яны разумеюць, што Пуцін ужо вядзе Расею ў нікуды, і нават, калі ён здароў, ён будзе ў нейкі час ужо зусім нязручным і для ягонага асяроддзя. Але гэта ўжо спекуляцыі».

У Лукашэнкі тым часам свае спекуляцыі. У дзень сустрэчы з Пуціным ён звярнуўся да генеральнага сакратара ААН Антонью ГутЭрыш:

«Мы – не агрэсары, як нас спрабуюць прадставіць некаторыя дзяржавы. Беларусь ніколі не была ініцыятарам якіх-небудзь войнаў або канфліктаў. Але мы і не здраднікі. Для нас важныя сумленнасць і прыстойнасць у варунках. Нашая пазіцыя заключаецца ў тым, што заклапочанасці і інтарэсы любой краіны, будзь то адна восьмая частка сушы або выспавая дзяржава, павінныя быць пачутымі ўсімі!»

Што хацеў сказаць гэтым Лукашэнка? Ці гэта чарговая спроба прабіць шляхі адыходу на такі нянавісны Захад?

Каміль Клысіньскі, эксперт па Беларусі, Цэнтр усходніх даследванняў, Варшава:

«Я бы хацеў бы звярнуць увагу, што ў гэтым лісце ААН, там ёсць прарасейскія пасажы. Там ёсць пра непавагу да інтарэсаў Расеі. Думаю, што Лукашэнка лічыць гэта абавязковым. Абавязковай кропкай альбо абавязковым момантам у любой павестцы, міжнароднай павестцы, якую ён выдвігае, каб узгадаць інтарэсы Расеі і падкрэсліць, што ён за гэтыя інтарэсы таксама выступае, іх падтрымлівае. Хаця няма ў ягоных выказваннях поўнай падтрымкі дзеянняў Расеі ва Украіне, гэткай ангажаванай, магчыма, такой як у Маскве бы чакалі, але ўсё такі ён падтрымлівае Расею. І там таксама, у гэтым лісце падкрэсліў, што ён ня здраднік, маючы на ўвазе, што ён Расею ня здрадзіць. І ў гэткім разуменні я вельмі асцярожны, каб разважаць пра нейкую зусім незалежную гульню Лукашэнкі. Ён цяпер не ў стане ў такія гульні гуляць, уступаць, іх пачынаць, гэта надта небяспечна».

Пагуляць у вялікую палітыку жаданне засталося, але магчымасці ўжо зусім ня тыя. Хіба што перадаць досвед малодшаму пакаленню.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Ramil Sitdikov / Forum

 

 

Стужка навінаў