Прэзідэнт Сенегалу: «Праз вайну ва Украіне Афрыка пакутуе ад перабояў з пастаўкамі харчавання»


Выданне «Голас Амерыкі» паведамляе, што праз расейскую агрэсію некаторыя раёны Афрыкі ўжо адчуваюць наступствы перабояў з пастаўкамі прадуктаў харчавання з Украіны. Кіраўнік Афрыканскага саюзу будзе дабівацца разблакавання экспарту ўкраінскага збожжа і збіраецца наведаць Кіеў і Маскву.

Поле са збожжам.
Фота: АЗ / Белсат

Прэзідэнт Сенегала і старшыня Афрыканскага саюзу Макі Саль будзе дамагацца ад Расеі і Украіны разблакавання экспарту збожжа, каб пазбегнуць шырокамаштабнага голаду.

Саль заяўляе, што на дадзены момант Афрыка пакутуе ад перабояў з пастаўкамі прадуктаў харчавання і рэзкага росту коштаў на асноўныя тавары і рызыкуе атрымаць катастрафічныя наступствы, калі сітуацыя не зменіцца бліжэйшым часам.

«Мы патрабуем спынення агню, заканчэння вайны і выпуску ўсіх прадуктаў харчавання. Свет не павінен ведаць голаду пасля двух гадоў COVID-19 і амаль трох месяцаў вайны», – сказаў Саль.

Прэзідэнт Сенегалу дадаў, што на дадзеным момант існуе мноства ініцыятыў, якія заклікаюць краіны, якія маюць запасы збожжа, рэалізаваць іх. Таксама ён дадаў, што прыкладзе ўсе намаганні, каб Расея разблакавала экспарт збожжа з Украіны, а таксама магла экспартаваць сама.

Украінскія фермеры праводзяць пасяўную кампанію нягледзячы на вайну. 5 красавіка 2022 года.
Фота: THOMAS PETER / Reuters / Forum

Макі Саль дадаў, што блакаванне паставак харчавання можа прывесці да голаду. На яго думку сусветная супольнасць не зможа стрымаць наступствы, якія прывядуць да маштабнай міграцыі.

Нагадаем, паводле звестак ААН, амаль палова з 54 краін Афрыкі залежыць ад імпарту пшаніцы з Расеі і Украіны.

Паводле звестак ААН, у свеце праз вайну ва Украіне, засталося запасаў пшаніцы на складах усяго на 10 тыдняў. Дадатковай праблемай з’яўляецца абмежаванне Індыяй экспарту пшаніцы.

«Сённяшнія ўмовы горшыя, чым у 2007 і 2008 гадах. Цяпер назіраецца самы нізкі ўзровень запасаў збожжа, які калі-небудзь бачыў свет», – адзначыла эксперт ААН па пытаннях харчовай бяспекі Сара Менкер.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў