Урад Латвіі і Швецыі ўводзіць абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю


Улады Латвіі часова адмянілі авіязносіны з Беларуссю і ўвялі абмежаванні на выкарыстанні паветранай прасторы.

Гэта адбылося «у адказ на дзеянні беларускіх уладаў па гвалтоўнаму перахопу і пасадцы грамадзянскага пасажырскага самалёта авіякампаніі Ryanair з Еўрапейскага Звязу ў аэрапорце Менску», напісана ў пастанове.

Згодна з пастановай латвійскія аэрапорты не павінны абслугоўваць самалёты іншых краін, якія выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі на сваім маршруце палёту. Авіякампанія airBaltic таксама прыпыняе ўсе рэйсы з Рыгі ў Менск.

Самалёт airBaltic.
Фота: airBaltic / Youtube

Таксама вядома, што Міністэрства транспарту Латвіі прыпыніць дазвол на палёт беларускай авіякампаніі «Белавія» і не будзе выдаваць беларускім перавозчыкам непланавых дазволаў на палёты. Пастанова ўрада будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль CAA (Civil Aviation Agency) не прыме рашэнне аб бяспецы паветранай прасторы Беларусі для палётаў.

«Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі грамадзянскай авіяцыі і парушэнне Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Гэта паставіла пад пагрозу бяспеку пасажыраў, экіпажа і самалётаў. Я рады, што Савет ЕЗ ацаніў няшчасны выпадак сапраўды гэтак жа; яго рэкамендацыі адпавядаюць пазіцыі латвійскага ўрада. Нашы рашэнні ўзгодненыя і аргументаваны», – падкрэсліў міністр транспарту Латвіі Таліс Лінкайтс.

Шведскае ўпраўленне транспарту таксама прыняло рашэнне часова адмяніць дазвол на выкананне палётаў паміж Швецыяй і Беларуссю нацыянальнай беларускай авіякампаніі «Белавія».

«Гэта прафілактычнае рашэнне. У цяперашняй сітуацыі мы не бачым гарантаванага бяспечнага кіравання рухам транспарту. Мы выдатна разумеем, што гэта можа стварыць праблемы для падарожнікаў. Але бяспека пасажыраў важней за ўсё, таму мы вырашылі часова спыніць палёты», – кажа кіраўнік аддзелу суднаходства і авіяцыі Швецыі Гунар Юнгберг.

Hавiны
Авіякампаніі адмаўляюцца лётаць праз Беларусь. Колькі грошай мы страцім?
2021.05.25 20:18

АД, belsat.eu

Стужка навінаў