Супраць брата палітзняволенай Наталлі Хершэ пачалі крымінальную справу, правялі ператрус


Генадзя Касьяна падазраюць у тым, што ён нібыта размаляваў Дом быту ў Маладэчне. Ён адмаўляе і лічыць гэта псіхалагічным ціскам.

Генадзь Касьян, брат Наталлі Хершэ. Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

У Генадзя Касьяна, брата палітзняволенай Наталлі Хершэ, днём 25 траўня прайшоў ператрус, піша «Радыё Свабода». Следчыя на чале з начальнікам крымінальнага вышуку прыехалі ў яго дом у Маладэчне, паказалі пастанову аб пачатку крымінальнай справы за «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці» (арт. 341 КК РБ).

Яго падазраюць у тым, што ён нібыта «размаляваў Дом быту ў Маладэчне», аднак сам Генадзь называе гэта «поўнай лухтой» і «псіхалагічным ціскам». Што і калі намалявалі на Доме быту, у пастанове не напісалі. Сам Генадзь не знайшоў на будынку ніякіх надпісаў.

«Гэта псіхалагічны ціск, магчыма, за тое, што я даю каментары ў незалежных СМІ пра сястру Наталлю, – разважае Генадзь. – Каб мяне запалохаць. Я ня ведаю, што яны мне могуць прадявіць па гэтым абвінавачанні, бо я рэальна ў гэтым ня браў удзелу. Хіба што сфабрыкаваць, калі так будзе».

У час ператрусу, кажа ён, супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна. Шукалі фарбы, балончыкі, патроны і зброю, забралі тэлефон. Пыталі пра яго сябра і суседа Паўла Качко, якога затрымалі 9 траўня і асудзілі на 25 дзён арышту за тое, што ён ездзіў на машыне з бел-чырвона-белым сцягам.

Ад сястры Генадзь тры тыдні не атрымлівае ніякіх лістоў і тэлефанаванняў. Ён лічыць, што Наталлю маглі змясціць у штрафны ізалятар за адмову шыць форму сілавікам. Пра гэта Генадзь пытаў начальніка абласнога Дэпартаменту выканання пакаранняў, ды той сказаў, што пра змяшчэнне ў ШЫЗА сваякам зняволенай не павінны паведамляць.

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў