«Сумленне было ягоным сцягам, які ён годна нёс праз жыццё». Пра Вітольда Ашурка распавядаюць сябры


У мястэчку Бярозаўка Гарадзенскай вобласці 26 траўня развітваюцца з 50-гадовым палітвязнем Вітольдам Ашуркам, які загінуў пры нявызначаных абставінах у Шклоўскай калоніі. Там мужчына адбываў пакаранне за нібыта гвалт у дачыненні міліцыянтаў і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пяць гадоў зняволення 18 студзеня 2021 года Ашурку прызначыў суддзя Лідскага раённага суда Максім Філатаў. Напярэдадні пахавання «Белсат» паразмаўляў з сябрамі Вітольда і ягонымі паплечнікамі ў грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Вітольд Ашурак.
Фота: Вітольд Ашурак / Facebook

«Смерць Вітольда – вялізная страта для Беларусі»

Вольга Верамеенка, саўладальніца крамы «Адметнасць» у Горадні

– Імя Вітольда Ашурка я пачула яшчэ ў 1990-я, калі мне было гадоў 16–17. Мая сяброўка, з якой мы разам вучыліся, была родам з Бярозаўкі, я часта ездзіла да яе. У годзе 2014-м ці 2015-м я ўбачыла Вітольда ў Фэйсбуку, дадала ў сябры. Развіртуаліліся мы ў 2016 годзе – сустрэліся на нейкай імпрэзе БХД на сядзібе ў Песках. Я добра памятаю, як я яму распавядала, што марыла з ім пазнаёміцца, а ён слухаў і сціпла ўсміхаўся. Потым мы яшчэ бачыліся на розных імпрэзах у тых жа Песках, у Горадні. Разам з маім мужам яны займаліся ўшанаваннем памяці Кастуся Каліноўскага, усталёўвалі крыжы.

Калі Вітольда пасадзілі, я насіла яму перадачы, мы ліставаліся. У мяне застаўся толькі адзін ліст ад яго і адна паштоўка, у якой ён віншуе нас з мужам з Вялікаднем, усе астатнія ў нас забралі падчас ператрусу.

Вітольд Ашурак у новай краме «Адметнасць». Фота з архіву Вольгі Верамеенкі

Сказаць, што я перажыла шок, калі даведалася пра смерць Вітольда, – гэта нічога не сказаць. У той вечар я ўвесь час думала, што нешта ён даўно не піша, хацела жонцы патэлефанаваць, запытацца. А потым раптам гэтая навіна.

Мы з мужам вельмі яго любілі. Яго немагчыма не любіць. Сціплы, шляхетны, добры, са спакойнай усмешкаю і ўпэўненасцю, што ўсё будзе добра. Мне не хапае словаў, каб апісаць, наколькі цудоўным чалавекам быў Вітольд, як аддана ён любіў радзіму, верыў, што мы пераможам. Месяц таму да нас прыходзіў хлопец, што з ім сядзеў, перадаваў ад яго прывітанне. Казаў, што і ў турме Вітольд вельмі за сабой сочыць, што ён такі ж, як на фотаздымках, – акуратны, з такой жа самай барадой. Прасіў перадаць нам, што ўлетку мы абавязкова сустрэнемся.

Вітольд Ашурак.
Фота: Юрась Дзяшук / Facebook

Я дагэтуль не веру, што Вітольда няма.

Ён ніколі не скардзіўся на здароўе. Толькі апошнім часам згадваў, што стаў зрок пагаршацца.

Смерць Вітольда – гэта вялізная страта для нашай краіны, для ўсіх сумленных беларусаў. Мне не хапае словаў, каб перадаць свой смутак. Гэта гора. Ён быў вельмі добры чалавек. У нас шмат добрых, але такіх, як ён, яшчэ трэба пашукаць.

«Такія людзі і пасля смерці застаюцца прыкладам і нясуць сваё святло»

Аляксандр Мілінкевіч, навуковец, палітык, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года, у 2006–2016 гадах узначальваў рух «За свабоду»

– Вітольд Ашурак – такі чалавек, думаючы пра якога, перш за ўсё згадваеш словы «сумленне», «годнасць». На жаль, і ў дэмакратычных колах, не кажучы ўжо пра праўладнае асяроддзе, сумленне – не заўсёды самая галоўная рэч. У нашай краіне многія грэбуюць ім, каб не падставіць сям’ю, не страціць працу і г. д. Для Вітольда сумленне было як сцяг, які ён годна нёс праз жыццё. Я не ведаю, адкуль гэта было, – магчыма, выхаванне, ці гэта ад прыроды.

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За свабоду» / Facebook

Хоць годных людзей і нямала, але Вітольд насамрэч вылучаўся. Для мяне ён застаўся чалавекам прынцыпу, які ніколі не адмовіцца ад сваіх словаў, каштоўнасцяў, з-за таго, што страшна ці не перспектыўна.

Ён быў вельмі моцны духам. Ягоная годнасць была відаць знешне – заўсёды прамая асанка, выпрастаныя плечы, з высока паднятай галавой – постаць сумленнага чалавека.

Вітольд даволі позна прыйшоў у дэмакратычны рух. Адразу захапіўся гісторыяй. Шмат чытаў, ведаў, хацеў дыскутаваць.

Вітольд Ашурак у Вільні на пахаванні парэшткаў паўстанцаў у капліцы Каліноўскага.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

З суда над ім мне запомнілася фармулёўка, што ён пагражаў бяспецы. Думаю, пагражаў ён найперш спецслужбам. Для іх яшчэ з савецкага часу важна кантраляваць сітуацыю. Вітольд перашкаджаў ім трымаць усё пад кантролем. Ён стаў абласным кіраўніком руху «За свабоду», быў вельмі актыўным у БНФ. Лідар ад прыроды, прыклад для іншых, яму верылі, за ім шлі. Таму ён быў пагрозаю для пэўных колаў.

Такіх людзей, як ён, вельмі не хапае нашаму грамадству. Для мяне ягоная смерць – шок, боль. Мне цяжка паверыць, што Вітольда больш няма.

Вітольд Ашурак.
Фота: Ольга Быковская / Facebook

Трэба казаць пра яго, захоўваць памяць. Каб умацоўваць наш дух. Бо такія людзі, як Вітольд, застаюцца ўзорам і нясуць сваё святло ўнутранай сілы, праўдзівасці, нават пасля смерці. Вітольд меў такое шчасце – быць светлай постаццю. Нам трэба быць годнымі ягонай памяці.

«Беларушчына была для яго на першым месцы»

Зміцер Вайцюшкевіч, спявак, музыка

– Вітольда ведаю з дзяцінства. Сябраваць мы сталі, калі нам было прыкладна 15 гадоў. У 1987 годзе пайшлі ў сплаў па Нёмне. Разабралі тады нейкую прыбіральню на возеры ў Бярозаўцы, каб дошкі былі, знайшлі гумовыя камеры, і на двух плытах паплылі па Нёмне. Тыдзень мы тады ішлі. Той сплаў замацаваў нашыя сяброўскія стасункі.

Пасля школы я пайшоў вучыцца, а Вітольд стаў у Бярозаўцы займацца грамадскай дзейнасцю.

Заўсёды быў падцягнуты, дагледжаны, з моцнай грамадзянскай пазіцыяй. Шмат разоў прыязджаў на фестывалі ў Вайцюшках. Мы планавалі арганізаваць збор сродкаў на помнік заснавальніку Бярозаўкі – уласніку шклозаводу Юліюсу Столе.

Вітольд Ашурак.
Фота: Valer Byčkoūski / Facebook

Сустракаліся на канцэртах у Менску. Заўсёды інтэлігентны, спакойны. Вітольд радаваўся за мае поспехі, я – за ягоныя. У маленькіх гарадах людзі часта ці співаюцца, ці становяцца абыякавымі. З Вітольдам такога не здарылася. Ён свята верыў у беларускія справы, хацеў змяняць да лепшага Бярозаўку, Лідчыну, удзельнічаў дзеля гэтага ў выбарах. Беларушчына была для яго на першым месцы.

Сяброўства з Вітольдам было важнае для мяне. Мне цяпер вельмі балюча. Мала таго, што Вітольда пакаралі, кінулі за краты, дык ён яшчэ і не змог дачакацца свабоды.

Мне вельмі сорамна, што я так і не напісаў Вітольду ліст у турму – усё адкладаў, нагадваў сабе, а цяпер яго больш няма…

Вітольд Ашурак.
Фота: Мова Нанова Гародня / Facebook

«Бярозаўка сустракае Вітольда ў труне – такі вынік дзяржаўнай палітыкі да тых, хто змагаецца за волю»

Вольга Быкоўская, журналістка, сябра рады руху «За свабоду»

– З Вітольдам мы пазнаёміліся ў 2016 годзе на канферэнцыі руху «За свабоду». Мы сустракаліся, размаўлялі, паступова сталі сябрамі, асабліва гэта ўзмацнілася пасля таго, як мы разам схадзілі ў сплаў па Нёмне. Калі яго пасадзілі, мы часта пісалі адно аднаму лісты. Я атрымала ад яго лістоў трыццаць, і адправіла столькі ж. Толькі не ведаю, ці ён усе атрымаў.

Вітольд – адзін з самых сапраўдных беларусаў, патрыётаў, якіх я ведаю. Для мяне заўсёды было гонарам нашае сяброўства. У мяне ніколі не было падстаў сумнявацца ў ім. Я ведала, што Вітольд дапаможа, падстрахуе ў цяжкай сітуацыі.

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За свабоду» / Facebook

Ён быў сапраўдны лідар. Недарма яго на тыя пяць гадоў асудзілі і цяпер…. На маё меркаванне, з тых пашкоджанняў, што відаць на целе, яго моцна там прэсавалі ў калоніі. Не магла змірыцца дзяржава з існаваннем такога чалавека.

Мы спрабавалі нешта зрабіць, наймалі адвакатаў, шукалі розныя шляхі, як дапамагчы Вітольду, але, на жаль, калі чалавек трапляе ў абмалот гэтай сістэмы, вельмі складана звычайным людзям яго адтуль выцягнуць. Мы зрабілі ўсё, што маглі, але не здолелі дапамагчы. У гэтым мая вялікая крыўда, вялікі жаль.

Сёння Бярозаўка сустракае Вітольда ў труне. Такі вынік дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні людзей, якія змагаюцца за свабоду.

Вітольд быў упэўнены, што хутка будзе на волі. У той момант, калі ён гэта пісаў, шмат хто думаў, што ўсё будзе хутка і нескладана. На жаль, на нашым шляху яшчэ шмат перашкодаў і складанасцяў, і гэтыя перашкоды забіраюць найлепшых.

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За свабоду» / Facebook

Ці вартая свабода такога кошту, які аддаў Вітольд? Я думаю, што ён да апошняга не сумняваўся ў сваім выбары, бо ён моцны, і заўсёды быў чалавекам, які цэльна ставіўся да таго, што робіць. Нам цяпер застаецца шкадаваць, дапамагаць сваякам, змагацца далей, каб гэтыя ахвяры не былі дарэмнымі.

«Праўду казаць лёгка»

Сяргей Пантус, сябар Вітольда

– Мы з Вітольдам вучыліся разам у першай сярэдняй школе Бярозаўкі. Ён быў на чатыры гады старэйшы за мяне. Кампаніі ў нас у той час былі розныя. Але Вітольд ужо ў школьныя гады быў на слыху ў Бярозаўцы, сябраваў са Змітром Вайцюшкевічам.

Блізка сябраваць мы сталі гадоў дваццаць таму. Жонка Андрэя, брата Вітольда, – мая траюрадная сястра, таму сталі часта сустракацца. Апошнія тры гады мы практычна ўвесь час былі разам.

Вітольд Ашурак.
Фота: Вітольд Ашурак / Facebook

Якім чалавекам ён быў? Вельмі прынцыповым, сумленным, справядлівым. Адна з ягоных улюбёных прымавак – праўду казаць лёгка.

У Вітольда было добрае здароўе. Ён быў дастаткова спартовы, выглядаў маладзейшым за свой узрост. Каля дваццаці гадоў таму Вітольд цалкам цалкам адмовіўся ад спіртовых напояў.

Быў вельмі педантычны, амаль што перфекцыяніст. Дзесяць разоў мог перарабіць, пакуль не атрымае патрэбнага выніку. Ніколі не казаў: ай, і так пойдзе.

Мы часта спрачаліся, дыскутавалі, але ніколі не было адчування, што мы сварымся, нават калі былі розныя пункты погляду. Я заўсёды ведаў, што мы застанемся сябрамі. Ён увогуле быў неканфліктны, не любіў сварыцца, імкнуўся іншых памірыць.

Вітольд Ашурак.
Фота: Алег Лазоўскі / Facebook

Пераломнай у ягоным жыцці стала Плошча-2010. Да гэтага ён не ўдзельнічаў ні ў чым, а ў 2010 годзе паехаў у Менск, адседзеў свае 12 содняў. На наступны дзень як выйшаў з Акрэсціна, уступіў у БНФ, пазней у рух «За свабоду». Акрамя таго, як выйшаў, адразу цалкам перайшоў на беларускую мову.

Мяне шакавалі дэталі, якія сталі вядомыя пра ягоную смерць, тое відэа… Вельмі цяжка пра гэта казаць. Пазнаў я Вітольда толькі на першым кавалачку запісу, далей я не ўпэўнены. Не хочацца верыць…. На відэа бачна, што ён ледзь стаіць. Да такога ж стану яго нехта давёў. Таму ў натуральную раптоўную смерць я не веру.

Вітольд Ашурак.
Фота: Ольга Быковская / Facebook

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў