«Стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі». Шматдзетнага бацьку дэпартуюць у Расею, тут ягоныя дзеці і хата


Грамадзянін Расеі, які дваццаць гадоў жыве ў Беларусі, сфатаграфаваўся ля ялінкі на цэнтральнай плошчы Жабінкі. За гэта ён адседзеў трое содняў, быў аштрафаваны, а цяпер яго высылаюць з краіны.

Дзяніс Вятошкін з жонкай і дзецьмі на сваім падворку ў вёсцы Салейкі.
Фота: МХ / Белсат

Жыхар вёскі Салейкі Жабінкоўскага раёну Дзяніс Вятошкін прыехаў у Беларусь дваццаць гадоў таму. Мужчына нарадзіўся ў Казахстане, і пасля развалу Савецкага Саюзу ягоная сям’я на некалькі гадоў перабралася ў Расею, так у мужчыны зʼявілася расейскае грамадзянства. У 2001 годзе Вятошкін прыехаў у Беларусь: тут ён стварыў сямʼю, у яго жонка і трое дзяцей, дом і гаспадарка.

У сярэдзіне красавіка Дзяніса выклікалі ў міграцыйную службу, якая пастанавіла, што да 30 красавіка Вятошкін мусіць пакінуць Беларусь і яму будзе забаронена цягам 3 гадоў уязджаць у краіну, якая стала ягонай другой радзімай. Мужчына звярнуўся ў суд, але ён пакінуў вырак без зменаў. Праз 15 дзён Вятошкін даведаецца новы тэрмін, калі ён мусіць пакінуць Беларусь.

Дзяніс Вятошкін трымае свой пашпарт са штампам аб высылцы.
Фота: МХ / Белсат

Летам Дзяніс удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, а ў верасні аддзел міграцыі правёў з ім прафілактычную гутарку і нават даў на подпіс памятку, як мусіць сябе паводзіць у Беларусі замежны грамадзянін, – менавіта гэтак у судзе казала прадстаўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РАУСу Берасця. Згодна з версіяй міліцыі, замежны грамадзянін не можа браць удзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны, бо гэта пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Пасля Новага года, 10 студзеня, Вятошкін у кампаніі знаёмых сфатаграфаваўся каля ялінкі на цэнтральнай плошчы Жабінкі. Міліцыя ўспрыняла гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і склала на яго пратакол паводле 23.34 КаАП РБ, затрымала на 3 содняў, а потым аштрафавала на 20 базавых велічыняў. Цяпер жа мужчыну высылаюць у Расею, бо, як яму сказалі ў міліцыі, артыкул 23.34 вельмі небяспечны.

Але ехаць у Расею Дзянісу няма куды, у яго там няма ні сваякоў, ні маёмасці.

Скаргу Дзяніса разглядала суддзя Маскоўскага раёну Берасця Вольга Хавалкіна.

Падчас працэсу Вятошкін прасіў адмяніць высылку, бо ягоны прымусовы ад’езд у першую чаргу ўдарыць па дзецях. Аб гэтым амаль праз слёзы казала Дзянісава жонка Ксенія – яна прасіла не разлучаць іхную сям’ю і хвалявалася за здароўе мужа, які хворы на цукровы дыябет. Яна лічыць, што Дзяніс не зможа атрымліваць у Расеі адпаведнай медычнай дапамогі. У судзе таксама зачытвалі характарыстыку Дзяніса, і суседзі, і калегі выказваюцца пра яго толькі станоўча.

А вось прадстаўніца аддзелу грамадзянства Маскоўскага РАУСа Берасця ў судзе пацвердзіла, што асноўная прычына высылкі – адміністратыўны артыкул 23.34.

Вятошкіны рыхтуюцца да змагання ў судзе. Жонка Дзяніса Ксенія сама як законны прадстаўнік абараняе яго замест адваката.
Фота: МХ / Белсат

– На фатаграфіі мы бачым, што Вятошкін паказвае апазіцыйны жэст, а значыць, выступае супраць дзейнай улады, выступае за пратэсты, чым стварае сацыяльную напружанасць у грамадстве, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі. Перабыванне Вятошкіна ў Беларусі немэтазгоднае, – заявіла прадстаўніца міграцыйнай службы.

– Мы папярэджвалі Вятошкіна аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства, але ён нас не паслухаў. Высылка – гэта мера прафілактыкі, але калі яна скончыцца, ён зможа вярнуцца, ён перавыхаваецца і будзе жыць па-іншаму. Згодна з новым заканадаўствам мы можам яму забараніць уезд у Беларусь на 30 гадоў, так што тры гады – гэта не так шмат, – пераконвала суд прадстаўніца міліцыі. – Больш за тое, нават пасля таго, як Вятошкін даведаўся, што яго высылаюць, ён не супакоіўся, а даў інтэрвʼю апазіцыйнаму каналу «Белсат».

З будынку суда Дзяніс і Ксенія выйшлі трымаючыся за рукі.
Фота: МХ / Белсат

На думку прадстаўніцы міграцыйнай службы, інтэрвʼю «Белсату» абцяжарвае віну, яна папрасіла далучыць дыск з інтэрвʼю Дзяніса тэлеканалу. Суд пагадзіўся, і ў судовым працэсе азнаёміліся з гісторыяй сямʼі Вятошкіных.

– Мяне шакавала фраза, сказаная ў судзе інспектарам: назад дарогі няма. Гэта як? Калі яны захочуць, могуць выслаць мужа і на 10 гадоў? Тым больш, артыкул 23.34 спрэчны, недаказаны. І гэта пакаранне перш за ўсё для сямʼі, – сказала ў размове з «Белсатам» жонка Дзяніса Вятошкін Ксенія.

Дзяніс Вятошкін кажа, што ён сумняваўся, што суд стане на ягоны бок, але ўсё ж вырашыў паспрабаваць.

Момант злачынства, па версіі міліцыі.
Фота: архіў герояў

– Хачу заўважыць, што ў гэтым выпадку мы бачым поўны абсурд, і абсурд складаецца ў тым, што пакаранне несувымернае: хтосьці здзейсніў больш цяжкае злачынства, а хтосьці сфатаграфаваўся каля ялінкі, але пакаранне ў абодвух выпадках будзе прыкладна аднолькавае, – адзначыў Дзяніс Вятошкін.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў